Ў баі апошнім дагарае:

Гэты свет – бязлітасна чужы.

Нам яго ўзарваць або загінуць,

Але сцежкаю ісці б адной...

Ах, чаму нам разам за краіну

На магільнае не легчы дно?..

в.Ваўкавічы, 20.10.1941г.

 

Хлопцы

(песня)

 

Перадай, сасна, сасне –

Немцам будзе блага:

Не задрэмле, не засне

Партызанскі лагер.

 

Расшумеўся цёмны лес

Над маўклівым логам –

Ходзяць хлопцы па сяле,

Ходзяць па дарогах.

 

Сосны тут адна ў адну

Высяцца, як вежы, -

Не прайсці, не абмінуць

Немцу нашых сцежак.

 

Вее вецер на бары,

Сосны кучаравіць –

Не удасца немчуры

Ні адна аблава.

 

Навакол бароў – палі,

А праз поле – сцежка.

Хочаш, фрыц, сяло спаліць –

Моцна апячэшся.

 

За палямі – сенажаць,

Пах стаіць мурожны,

Хоча немец не дрыжаць,

Хоча – ды не можа.

 

Вось і вёска на відку,

Каля хаты хата.

У вінтоўку – дзесяць куль,

За рамнём – гранаты.

 

Ловіць фрыц гусей ля хат,

Цягне фрыц падушкі –

Партызанскі аўтамат

Сочыць гнеўнай мушкай.

 

Як махне наш камандзір, -

Немцаў – быццам здула.

Колькі немцаў – столькі дзір

І расходу ў кулях.

 

Кожны раз, калі бяда,

Хлопцы абароняць –

Будуць немцаў аглядаць

Чорныя вароны.

 

І на захад і на ўсход

Ад Дняпра, да Нёмна

Славіць хлопцаў наш народ,

Наша песня помніць.

1943г.

 

Лісты з турмы

 

І

Ужо ў зары наступны наш этап.

Калі сустрэнем, скажам так Максіму:

Ніякі чорт нам душ не растаптаў,

І мы на рынак вершаў не насілі.

 

ІІ

Сябры мае, Піліпе і Максіме,

Пішу, здаецца, развітальны ліст.

А шкода: перазімаваўшы зіму,

І да сустрэчы, можа б, дажылі...

 

Ды сцежка ўблыталася ў дрот калючы,

А ў сэрца – накірован аўтамат.

І думкі сцяліся ў камок балючы,

І ўсё цяжэй душу гняце турма.

 

І вось пішу на poste restente далёкі

Да вас, сябры этапаў і дарог.

На памяць пакідаю рэха крокаў,

Якое ў вершах некалі збярог.

 

Няхай жа вершы астануцца свету –

Сіроты беспрытульныя мае,

Хоць нават ім, каб перажыць паэта,

Ні фарбы, ні паперы не стае.

 

Але не ўсё навек развеяў сівер

Па тых шляхах, якімі я ішоў,

І песня не адна, запаўшы ў сэрца ніве,

Вясною ранняй зазвініць ізноў.

 

Вазьміце ў спадчыну астатак гэты –

Ён вашым песням, знаю, не чужы –

І не забудзьце звонкім запаветам

На струны Беларусі палажыць.

 

Бывайце, хлопцы! Нашы гоняць немцаў.

Ужо над Прыпяццю і песні і сцягі:

Калі зямля пад танкамі ўздрыгнецца –

Мы ўчуем нават праз пясок магіл.

 

ІІІ

Я дажываю восенскія дні,

Пакуль навекі восень заварожыць,

Хачу, каб мы сустрэліся адны,

Як двое зродненых пуцінай падарожных.

 

Спазніцца нельга, нам даўно пара:

Чакае нас, знікаючы, пуціна.

Лісты на клёнах скора дагараць,

Асыплюцца пажоўклыя хваіны...

 

І толькі мне ў няволі без пары

Не хочацца ні дагараць, ні гаснуць

Насустрач палымнеючай зары,

Насустрач дням і велічным і ясным.

 

Каму я вочы перадам свае

І сэрца, што астынуць не паспела?

Няма дачушкі роднае мае –

Не адрадзіцца мне ў маленькім целе.

 

І не расці і не глядзець на свет

Праменнем вачанятак шэрых...

Таму адной табе, як запавет,

Пакіну спадчыну тугі і веры.

 

Ў жыццё, што будзе вечна зелянець,

Як дрэва стройнае і маладое, -

І ад карэння па лістоў павець

Яго атрутай рабства не напояць!

Ліда,турма,

23 верасня 1943г.

 

Бацькава пісьмо

Скрыбава, 07.05.1941г.

 

Сынок!

Цягнік апошні адгрымеў.

Ноч. Цішыня на станцыі нямая.

Я толькі што ў сваім пакоі сеў

І думаю: газеткі прачытаю,

А то ж і сорам – трэці дзень, павер,

Не разглядаючы, на стол складаю ў кучу...

Прыходзіцца на твой спаслацца верш,

Як на прычыну, што ў палітыцы цякучай

Адстаў я. Можа, будзеш папракаць?

Ну, а ў мяне, хоць сёння май не першы,

Ізноў святочны “Ўперад” у руках,

І зноў тваім зачытваюся вершам.

Мне гэты нумар вельмі дарагі –

І фарба сіняя, і гладкая папера,

І загаловак: “Першамайскія сцягі”,

Імя і прозвішча, любімыя без меры...

Аднак мяне хвалюе найглыбей

І ў сэрцы павявае ўсё трывожней

Той сцяг, які ў мінулай барацьбе

Ўзнімалі на бярозе прыдарожнай.

І аднаму яму прыходзіцца звісаць –

Ён крыллем трапяткім сваіх склікае...

Здаецца мне, што гэты сцяг – я сам,

Бо доля і мая амаль такая:

І ты і Шура – вы абодва ад мяне

Пайшлі ў свае шляхі, жыццю насустрач,

І хоць пра гэта марыў я раней, -

Старому сэрцу ўсё ж такі нязручна.

Чыгунку я люблю, і ў працы – міл дзянёк.

А ноч гняце і думкамі і снамі.

Няўжо мне толькі ў адзіноце, аддалёк

І асталося цешыцца сынамі?

Пабудзь, сыночак, у мяне ў гасцях,

Заглянь у Скрыбава – лягчэй на сэрцы стане...

Бывай здароў!

Табе забыты сцяг

Узмахвае крылом на прывітанне.

Навагрудак

15.11.1943г.

 

Навагодні сон

 

Хочаце – верце,

А хочаце – не:

Зноў Гітлеру чэрці

Прысніліся ў сне.

Заўсёды прыходзіць

З візітам брыда,

Як толькі на Ўсходзе

Якая бяда.

Знаёміўся фюрэр

З хвастатай братвой,

Калі яму ў скуру

Далі пад Масквой.

Другі раз пыталі,

Ці вельмі ён рад,

Што маршал фон Паўлюс

Узяў Сталінград?

За лета занозы

Настолькі агорклі,

Што цяжка адрозніць

Штабіста ад чорта!

Павесіў паўштаба,

Глушыў з-за пляча,

Ў вялікім маштабе

Франты скарачаў, -

А сёння – зноў чэрці

Пытаюць, аднак,

Чаму ў Будапешце

Гарачы Дунай?

Ці добра купацца

Зімой у Дунаі?

І што адказаць ім –

Сам фюрэр не знае!

Дзе зводка? Хоць зводку,

Паскудам, тыцнуў бы...

І раптам, як плётка,

Хвост чортаў – па губе!

І Гітлер прачнуўся,

Шрам свежы лізнуў...

-         Згінь, мара!..Зноў, мусіць,

Над зводкай заснуў!..

І лыпнуў вачыма,

І губу памацаў...

- Ну й гадкія ж сны мне

Над зводкамі сняцца!..

Навагрудак, 1944г.

 

Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі!

 

Яшчэ палаюць сотні сёл нязгазшых...

Ці ж мы не ведаем, хто дымам край спавіў,

Аб сцены разбіваў дзяцей нявінных нашых

І рукі мыў у матчынай крыві?

 

Хто нас лавіў і куляю нацкоўваў,

Хто адрываў ад хаты, ад сям’і,

Хто гумай біў, пароў штыком сталёвым,

Гнаў у Нямеччыну, у лагеры гнаіў?

 

Пажараў полымя наш гнеў вялікі грэла

І шлях асвечвала ў адвечныя бары,

І клікаў труп дзіцячы, абгарэлы,

Народны суд над катам утварыць.

 

І загрымелі помстаю прасторы,

Пад громам тым кат устаяць не змог:

Спалоханы, зашыўся ў бункер-горад –

Няма яму ні сцежак, ні дарог.

 

А на франтах – пачэсваюцца пяты,

І кат падумвае аб сцежцы на Берлін,

І ўсім не спаленым, не выкураным з хаты

Сілком у рукі суне карабін.

 

А потым цапае рукой крывавай

І накіроўвае халодны ствол

На лес, што ўласным ценем велічавым

Ад смерці засланіў астатак сёл.

 

Вось ён – фашысцкі кат тваёй Радзімы,

Апырсканы крывёю і слязьмі,

Закопчаны пажараў гэтых дымам –

Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі!

Навагрудак,

9 сакавіка 1944г.

 

Свінкс

 

Ён – вельмі свежай даты беларус,

Але затое – прайдзісвет са стажам:

Заўсёды прынаровіцца ў пару

І ля карыта поўнага прыляжа.

 

Ля царскага – вернападданы від,

Да панскага – якраз палякам пнецца,

А сёння – не абы-які “крывіч”,

Крыві арыйскай, службы разнямецкай.

 

Пазнае кожны, што гэта за пан,

Па мутных акулярах, сінім носе –

Гарэлкі, слёз сірочых акіян

Бясследна і дарма не пралілося.

 

А раз яго пазнаўшы хоць калі,

Ніхто не пусціць на парог краіны,

І са шматлікіх нацый на зямлі

Адна асіна, можа, не адкіне.

Навагрудак,

24.03.1944г.

 

Рыбак

 

Фрыц у Нёмне рыбу вудзіць,

Паплавок хістаецца,

А ці ўлоў шчаслівы будзе –

Людзі сумняваюцца!..

 

Бункеры абапал моста,

Але мост – развалены.

Пазірае немец скоса

На лясы, прагаліны...

 

Ой, рыбача, рыбалове,

Рыбка тут – зубастая:

Нават мост глынуць гатова

З рыбаком і снасцямі.

 

Калі хочаш Эму бачыць,

Хоць калекай будучы, -

Лепш у Нёмне кінь рыбачыць,

Але скручвай вудачкі!

4 красавіка 1944г.

 

***

Чаго ты іржэш тут, мой конь чарнагрывы,

Зямлю удараеш капытам?

Яздок усё роўна не ўстане з магілы:

Ён куляй фашысцкай забіты.

 

Ляжыць у чужой і далёкай краіне –

Асеннія ветры галосяць,

І лісце, апаўшае толькі што з дрэва,

Магілу салдата заносіць.

 

А недзе у роднай краіне і вёсцы

Чакае любімая маці,

Каб сына хоць раз прыгарнуць яшчэ к сэрцу,

У матчыным сціснуць абняцці.

 

І ветры прынеслі ёй вестку ліхую,

Што сын яе ў бітве загінуў,

Жыццё, дараванае роднай матуляй,

Аддаўшы за маці-Краіну.

 

Слязамі не выплачаш гора з-пад сэрца –

Хай гнеў грудзі матчыны ўздыме!

Вось двое сыноў дарастае да зброі,

І ў бітву іх кліча Радзіма.

 

-         Ідзіце, сыночкі, і ворагу-кату

Адпомсціце люта за брата,

Чакаць я вас буду, чакае Радзіма

І родная вашая хата!

1944г.

 

 

Сустрэча

 

Яшчэ не адклікаў гарніст

Маіх сяброў і аднагодкаў

З вяршынь другое пяцігодкі

Збягаць па рыштаваннях ўніз.

 

Але на ростані гадзін

Звінеў калючы дрот над краем,

І родны Мінск шапнуў: - Ідзі,

Заходняя даўно чакае...

 

Ты любіш добры наш народ

І сцежкі ведаеш напамяць –

Ідзі зрываць калючы дрот

Над беларускімі шляхамі.

 

Я выйшаў з хаты як стаю

Яшчэ задоўга да світання

І ў вусны моладасць сваю

Пацалаваў на развітанне.

14.06.1945г.

 

Памяці Янкі Купалы

 

Яго няма!..

А песні следам

Штогод – усё мацней звіняць,

І сам ён – звонкая легенда,

Якой і рэху не абняць.

 

Паслухаеш – і сэрцу сцішна:

Мы не сустрэнем больш таго,

Хто Беларусь, як песню, ўзвышыў

І ў сэрца кінуў нам агонь.

 

Агонь, што саграваў у сцюжу

І разгараўся на вятрах

І сілы дадаваў, каб здужаць

З звяроў найбольшага звяра.

 

Мы зноў на бацькаўскім загоне,

Каля разбураных сяліб

І пры Купальскім пантэоне

Ўсебеларускае зямлі.

 

І месцу, дзе тварыў Купала,

Здабылі права далажыць:

Навек з варожых генералаў

Сарвана пыха і крыжы.

 

Над Янкам хілячыся ў скрусе,

Клянёмся на яго труну:

Купалаў сон аб Беларусі

Ў граніт і бронзу апрануць.

Мінск,

26.06.1945г.

 

Бабулька і ўнучка

 

Ты, бабулька, толькі дрэмлеш

І ківаеш галавой...

Ну, не спі – прашу я вельмі, -

Дай пагутарым з табой!..

 

Думала я доўга-доўга,

А прыдумаць не змагла,

Як з дзіцяці ты малога

Да бабулькі дарасла?

 

Ці ж і ты раней, бывала,

Босай бегала ў садок?

І для лялькі будавала

Пад сталом такі ж дамок?

 

Быць не можа, каб не мела

Некалі сівых валос,

Каб на твары пажаўцелым

Нат маршчынкі не было.

 

Ці ж калісьці я таксама

Стану гэткаю старой?

Хоць паморшчуся часамі –

Без маршчынак тварык мой.

 

І нашто мне акуляры?

Я прымервала даўно:

Не люблю іх, не да твару –

Толькі засланяюць ўсё...

 

Як жа стаць старой магу я –

Адкажы, чаго маўчыш?

Ты, бабулька, зноў не чуеш.

Буду гневацца: ты спіш!..

1945г.

 

Якуб Колас

(У дзень саракагоддзя літаратурнай дзейнасці паэта)

 

Шчасця большага няма ў зярняці,

Як на ніве роднай прарасці

І да сонца коласам узняцца,

Гімнам несмяротным аб жыцці.

 

Як жа славіць Коласаву долю,

Калі звонкім зернем важкіх слоў

Ён прабіцца нам праз сэрцы здолеў,

Імем неўміручым узышоў?

 

Радасць зерня, самы буйны колас

Можна зважыць і на далані –

Ухапіць спрабуй рукою кволай

Тое, што ў мільёнах сэрц звініць.

 

Тое, што здаецца жніўнай песняй,

Думай маці за верацяном,

Ад чаго і сэрцу ў грудзях цесна

І прасторна летуценным сном.

 

Не прыкмеціш, як цябе падхопіць

І па сцежках даўніх павядзе.

Вось, здаецца, ты, Ігнатка-хлопец,

Заўтра ў школку першы раз ідзеш.

 

“Будзь старанным, да навукі здатным, -

Казаў бацька, лапаць плетучы, -

І кароўку і кажух астатні

Я прадам, пашлю далей вучыць”.

 

Цяжка выйсці лапатніку ў людзі –

Вырас, горам вучаны, Ігнат.

Гнеўным сэрцам слухаць моўчкі будзеш

Злосны голас: “Асадзі назад!”

 

І тады, ахрыпшы ад знявагі,

Пра вяроўку закрычыш панам.

Будзе сэрца стукаць аб сярмягу

Па дарозе да астрожных брам.

 

Хай сабе лятуць на поўдзень гусі:

Як штогод - у вырай ім пара.

Мо на весну з імі я вярнуся,

Бачыш – зоры над зямлёй гараць.

 

Недзе блудзіць наш Сымон-музыка,

Дакранаецца смыком да струн.

Навальніцу ён, відаць, наклікаў, -

Чуеш? – грукнуў у палац пярун.

 

Толькі водгулле пайшло разлегла,

Быццам шлях да Новае Зямлі.

Бліскавіцы ўслед за ім пабеглі

Выпякаць заломы і камлі.

 

Новая Зямля! Праз смерць Міхала

Зразумеўшы ўрэшце слова “наш”,

На змаганне з панскаю навалай

Узнімаўся грозны дзед Талаш.

 

Новая Зямля! З балот бясконцых

На прастор свабоднага жыцця

Светлаю крыніцаю да сонца

Сцёпкі і Алёнкі замігцяць.

 

І пад сонцам радасным, шчаслівым

На балоце ўзняўся Асінбуд.

З краю ў край па ўсіх калгасных нівах

Трактары ўзнімаюць гоман-гуд.

 

А калі ж, калі ты, Занямонне,

Радасцю уквеціш берагі?

Чуеш? Танкі на шляху гамоняць

І калыша верасень сцягі.

 

Недзе ўзняўся ў зорнай завірусе,

Быццам легендарны партызан,

Горды славай роднай Беларусі,

Велічны, задуманы Чыгман.

Верасень – кастрычнік 1946г.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Конструктор сайтов - uCoz