Валянцін Таўлай

 

Біяграфічная даведка

 Нарадзіўся 08.02.1914 г. у горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930 г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942-1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень - ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гг. - старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1941 г. Памёр 27.04.1947г. Друкавацца пачаў у 1928 г. (газета «Сіла працы», Вільня). Аўтар паэмы «Непераможная» (выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984).

Вершы

 

Жаданне

 

Гром, - загрымі! Віхор, - завый!

Пад бляск маланак агнявы

Хай задрыжаць прасторы неба:

Скрануць Зямлю з падвалін трэба!

 

Хай затрашчыць пад буры шквал

Ланцуг, які Зямлю скаваў;

На гром нябёс – маланак гоман –

Народ Зямлі адкажа громам!

 

Апошні волатаўскі ўзмах

Па тых іржавых ланцугах, -

І Сонца здзіўлена асвеціць

Зямлю, раскутую ў сусвеце!

Вільня, 1928г.

 

Напрадвесні

 

Уздыхнулі Нёмна грудзі:

-         Вясна будзе! Вясна будзе! –

Покліч скалыхнуў паветра,

Адгукнуўся ў пушчы нетрах,

І расплыўся, і загінуў...

 

Наўздагон – свой покліч кіну:

Рэхам хай плыве шырокім,

Несучы прывольна, лёгка

І мяне на гулкім крыллі...

 

Жаўрукі асерабрылі

Сцежку сонечнаму ранку...

Жаўруковыя вяснянкі –

Быццам звонкія праменні...

 

І стаю я ў захапленні,

Неразгаданым і новым,

Поўны цёплае любові,

І гатоў гарэць, загінуць

За вясну маёй краіны...

 

Радасна ўздыхнулі грудзі:

-         Адчыняйце хаты, людзі!

-         Адчыняйце сэрцы, людзі!

-         Вясна будзе! Вясна будзе!

Вільня, 1928г.

 

***

Ідзе за годам год,

Сівеюць людзі, хаты, -

І ўсё ў ярме народ,

А над шляхамі – краты.

 

І ўсё фарбуюць брук

Крыві ахвярнай плямы.

Чуваць астрожнай брамы

На ўсю краіну грук.

 

І маці не адна

Глытае моўчкі слёзы:

Зноў сына па дарозе

Пагналі ў кайданах...

 

Ад гэтае пары

Ўдавою тужыць ніва,

Каню гнядую грыву

Расчэсваюць вятры...

 

Мо вернецца, мо згіне

Таварыш дарагі,

Услед за ім другія

Ўзняліся, як сцягі.

 

Той самаю дарогай

Яны вядуць народ,

І ўжо да перамогі

Бліжэй на цэлы год.

в.Рудаўка,

1 студзеня 1929 г.

 

Жаўрук

 

І

 

Ледзь вясною ў паветры запахла

І ледзь сонца ўзнялося ўгару, -

З першым ветру паўднёвага ўзмахам

Прыляцеў нецярплівы жаўрук.

 

Толькі досвітку золак затлее,

Шэрай рунню спадзе на раллю, -

Серабрыстыя, звонкія трэлі

Жаўрукі на загоны пральюць.

 

І араты выходзіць аглядваць

Неадталыя скібы зямлі,

Сэрца сцісне вясняная радасць,

На руках засвярбяць мазалі.

 

ІІ

 

Але сівер павеяў суровы,

Снежнай хмарай над полем затрос...

Белы конь стукнуў звонкай падковай, -

Гарцаваць выязджае мароз.

 

А жаўрук? Ці ж з халоднай пустыні

Ён хоць песню дакіне вясне?

Сам у шэры камяк не застыне,

Безгалосы не зваліцца ў снег?

 

І нашто ён ключом серабраным

Нашы сэрцы крануў без пары?

След вясняны ў краіне забранай

Сыпкім снегам заносяць вятры...

 

ІІІ

 

Не гаруй – надарвеш толькі грудзі,

Без пары жаўрука не кляні:

Серабром аб замёрзлыя груды

Жаўруковае сэрца звініць...

 

Лепш у песню заслухайся шчыра, -

Не ашуквае песня ў жыцці

І ніколі прадвеснем у вырай

Шэракрылая не адляціць.

 

Яна бачыць натхнёным узрокам,

Як хвалююцца жытам палі...

Думай думу аб ніве шырокай, -

Хай нарогі куюць кавалі.

в.Рудаўка,

4 красавіка 1929 г.

 

Ніва

 

Ціха калышуцца жыта палоскі,

Поўзаюць хвалі адна за аднэй...

Жыта – надзею гаротнае вёскі –

Дзеці худзенькія просяць: паспей!..

 

І, выбягаючы ранкам на ўзгорак,

Тужаць галоднай тугой вачанят.

Ручкамі хіляць калоссе ў разоры,

Каб навісала хутчэй ад зярнят.

 

Вецер-дуронік знарок яго зблытаў,

То нагінаў, то выхопваў з-пад рук...

-         Хутка паспею... – зашастала жыта, -

Спею я, дзеткі, заўсёды ў пару...

 

Спей, ненагляднае, сёлета голад,

Буйнай слязою наліся раней,

На перавясле хай здружыцца колас

З доляй дзіцячаю, з песнямі жней.

 

Сноп хай пад сонца ўзнімаецца стогам,

А на такі – сыпне спорны ўмалот...

Толькі... ці ж зерня таго залатога

Хопіць, каб голад засыпаць на год?

 

Доля ты нашая – сумнае жніва,

Думка пра сноп, што сцяжэе ў руках...

Капае звонка на сэрца, на ніву

Горкая песня – сляза жаўрука...

 

Цені мігнулі, і – ніва, як вечар...

Хваля набегла адна на адну,

Быццам знямелы спалох чалавечы

Жыта да меж скурганелых прыгнуў.

в.Рудаўка,

ліпень 1929г.

 

Настаўніку

 

Стаяць ля маладых гадоў,

Ля чалавечага дзяцінства –

Вялікі гонар, светлы доўг

Настаўніцтва і мацярынства.

 

Спачатку ў сэрцах прабудзі

Цягу і смагу да асветы,

Пасля – задуманых вядзі

Аж да крыніцы чыстай, светлай.

 

На ростані шляхоў-дарог,

Абвеяных паходным пылам,

Народ навекі нам збярог

Крыніцу мудрасці і сілы.

 

Ты чэрпаць навучы з глыбінь

Жывучую ваду рукою,

Каб наш народ і край любіць,

Мудрэць і харашэць душою.

в.Ваўкавічы,

23.08.1942г.

 

Малой сястрычцы

 

Пакуль, сястрычка, падрасцеш

І шлях пратопчаш свой жыццёвы, -

На памяць вывуч гэты верш,

Які складаю шчырым словам.

 

Не зразумееш мо мяне –

Пішу табе яго навыраст.

Я знаю: гэты дзень міне,

З якога верш сягоння вырас.

 

Магчыма, толькі ён адзін

І астанецца жыць на памяць,

Як рэха дальняе гадзін,

Што сэрца мне гнятуць і раняць.

 

Тады, сястрычка, ўспамяні

Усіх, хто з бою не вярнуўся,

Каб намі высненыя дні

Зноў паплылі над Беларуссю.

Ліда, 23 лютага 1943г.

 

Дзяўчыне

 

Ізноў загарэліся нашыя зоры, -

Аднак не пабачымся мы:

Дарога мая напаткнулася ўчора

На шэрыя сцены турмы.

 

Знямела на міг ля адчыненай брамы,

І – жвір пад нагамі заныў...

Няхутка, дзяўчына, ізноў вечарамі

Блукаць мне з табой у жытным.

 

І толькі штоноч на турэмнай пасцелі

Жадаць, западаючы ў сон,

Каб мары на крыллі журботным ляцелі

Мінулым начам наўздагон.

 

Дагоняць – зноў сцелюцца сцежкі пад ногі,

Мой крок – роўны з крокам тваім,

І зорамі звонка асыплюць дарогу

Спагадлівыя салаўі.

 

І сэрца ў міраж, як у шчасце, паверыць

І соладка таяць пачне...

А раніца збудзіць – акутыя дзверы,

Іржавыя краты ў акне.

 

Ці доўга аб даўнім сны сніць у палоне?

Хто скажа? Гады праплывуць...

Калі не загіну, - усё буду помніць,

І ты, жывучы, не забудзь.

Слонім, астрог,

Верасень 1929г.

 

***

Кожную ноч салавейка пяяў,

Зоры глядзелі у вочы.

Дзе ж ты сягоння, дзяўчына мая?

Дзе ж вы, шчаслівыя ночы?

 

Змоўк салавей. Прамінуў светлы май.

Знікла і шчасце і воля.

Краты мне свет засланілі. Бывай!..

Годзе, ўспаміны, даволі.

Слонім, астрог,

Верасень 1929г.

 

***

О!.. гэта не рукі дзяўчыны, -

На нарах і душна і цесна.

Хачу я пяшчоты і песні...

І песцяць мне сэрца ўспаміны.

 

Зноў бачу я сцежкі і далі, -

Іду, а дзяўчына са мною

І ночы, якія вясною

Наскрозь салаўі прапяялі.

 

І доўга бярэзніку шастаць,

І доўга цвісці незабудкам, -

Паролю, сябры не забудзьце,

Ўзышоўшы на сцежку да шчасця.

 

Слупы верставыя мінаю,

І сцелецца шлях велічавы...

Зноў выплылі родныя з’явы:

Я дні, што прайшлі, ўспамінаю.

 

Калі ж, о, калі я пакіну

Праклятую, душную цэлю?

Ах, думкі, куды паляцелі?..

Лепш дайце заснуць, успаміны!..

Слонім, астрог,

15 верасня 1929г.

 

Мінуў астрожны дзень

 

1.Вечар

 

Апаў паволі цень,

Паволі гоман сціх:

Мінуў астрожны дзень,

Як многа дзён другіх.

 

Вячэраць я не мог,

Вячэра – слоў шкада:

Казалі, што гарох,

Далі – адна вада.

 

Пасля прыйшлі жадаць

Спакойнае начы:

Лічыць і замыкаць

На ўсе замкі, ключы.

 

Мінуў астрожны дзень,

Як многа дзён другіх,

А колькі ж праміне

Яшчэ дзянькоў такіх?

 

2.Трызна

 

Сплывае змрок з-за крат

Атрутай на душу...

Не на вясёлы лад

Я гэты верш пішу.

 

Жалоба цень кладзе

На верша тонкі стан:

Яшчэ адзін мой дзень

Сканаў, як арыштант.

 

Стаю ля смерці дня –

Ля братняе труны:

І доля ў нас – адна,

І крыўды ў нас – адны...

 

Саджуся я ў журбе

За стол жалобны свой,

І трызны па табе

Не спраўлю, браце мой.

Гродна, астрог,

З снежня 1929г.

 

Апошняе слова

 

Аб чым прашу? – пытаеце дарэмна.

Надзеліце мяне вы без таго

І кайданамі, і пайком турэмным

Не на адзін закратны, доўгі год...

 

Судзіце Рэчы Паспалітай імем, -

Пакуль што вам судзіць, а нам – ламаць турму,

І пад рукамі нашымі худымі

Яшчэ пасыплецца халодны мур.

 

Я – камунар! Такіх, як я, - нямала

На нашай стогнучай спакон вякоў зямлі.

Ні разу нас магнаты не зламалі,

Турма і шыбеніца не змаглі.

 

Міналі царствы золата і здрады, -

І ваша панаванне праміне.

Ці ж першыя вы судзіце за праўду?

Ці ж першага вы судзіце мяне?

 

І перад вамі на сукне зялёным

Закон, падпісаны яшчэ царом.

Вы судзіце нізрынутым законам:

Яго даўно разбіў народны гром.

 

Панове, скончыў я. Чарга – за прыгаворам.

Пайду ў турму і веру – будзе год,

Калі маю прамову дагаворыць

Натхнёны барыкадны кулямёт!

Гродна, астрог,

25 лістапада 1929г.

 

Камень за каменем

Прысвячаецца сябрам па справе –

Савецкім камсамольцам.

 

На рыштаванне гісторыя кліча:

Гэй, узнімайся хутчэй, маладняк,

Новага ладу тварцом-будаўнічым

Выйдзі на досвітку новага дня!

 

Ясная сцежка да шчасця пралегла,

Іншае сцежкі да шчасця няма.

Камень за каменем, цэгла за цэглай...

Зложым, як песню, будыніну-гмах.

 

Цэментам, сталлю часцінкі злучаем,

Сцены растуць, узнімаюцца ўверх.

Чорныя сілы знямелі ў адчаі, -

Ім не стрымаць будаўніцтва, павер!

 

Камень за каменем, цэгла за цэглай...

Гэй, хто стрымае наш творчы размах?

Слава сябрам-будаўнічым, што леглі

Шэрымі цэгламі ў велічны гмах!

Гродна, астрог,

Студзень 1930 г.

 

Лукішскія вершы

 

Калі наспее ў сэрцы гром

І задрыжаць Лукішкі,-

Пішу я вершы не пяром,

Не ў запісную кніжку.

 

Тут і агрызак алаўка

Недатыкальней табу,

А знойдуць – аднаго чакай:

За ўсё адкажуць скабы!..

 

Але нашто душой крывіць?

Знайсці – не іх рукамі:

Я верш пад ззянне бліскавіц

Запісваю у памяць.

 

Няхай вісіць загад-пятля

І суліць карцэр, голад...

Спалі маланка вас датла,

Халодныя назолы!

 

Я сам і пасядзець магу,

А вершам – часу шкода:

Шумець ім трэба на сцягу

І калыхаць паходы.

 

Глядзі ў ваўчок як дзень, так ноч, -

Не ўбачыш, чорт зіркаты,

Што я заўзята і даўно

Пілую вершам краты.

Вільня, Лукішкі, 1935г.

 

Бацьку

 

Зноў цябе, мой родны, сустракаю

За маўклівай брамаю турмы.

Не такая то сустрэча, не такая,

Пра якую летуцелі мы!

 

Слова шчырае на вуснах вяне, -

Ўсё чужыя вушы на віду...

Толькі вочы свецяцца вітаннем,

Толькі сэрцы гутарку вядуць.

 

Ціхі сум апаў табе на вочы,

Выглядае з іх і любасць і дакор,

Быццам кажаш: “Сыне, мой сыночак,

Ну калі ж ты выйдзеш на прастор?

 

Вось каторая вясна ўжо будзе

Прыбіраць, аквечваць наш садок!

Гэты мур вясну ізноў астудзіць,

Замарозіць у карэнні сок...”

 

Ах, мой любы! Хто ж тугі не знае?

І ў турме яна разносіць боль...

Толькі ноччу на пасцель, хоць з краю,

Сесці пані гэтакай дазволь.

 

Мы яе, праклятую, ўсё гонім,

Каб не путала ні думкі, ні крыла,

І яснеем, калі ў холадзе далоні

Пачынаюць заціскацца і палаць.

 

Не ў адным мільёне рук заўзятых,

Да крыві заціснутых, ізноў

Спее сіла нашае расплаты

З катамі, праклятымі даўно.

 

Прыйдзе час – абваліцца пад ломам

Гэты мур падточаны, стары,

І на першым сонечным праломе

Абмяняюцца слязой сябры.

 

Пот абцёршы, выйдзем, хто не згінуў,

П’яныя ад полымя, ў крыві.

Толькі ты, мой родны, мой адзіны,

Да хвіліны гэтай дажыві.

Вільня, Лукішкі,

1 лютага 1935г.

 

Таварышу маёй вясны

 

Можа, нашым шляхам не сысціся, мая дарагая:

Затанулі даўно яны ўдалеч – адзін і другі...

Ты пазнаеш па песні, хто ў звонкім агні дагарае

І вяснянае сэрца бароніць ад шэрай, астрожнай тугі.

 

Без мяне, маладая, ідзі, - хай бярозы над

 шляхам не плачуць

і на сэрца тваё не страсаюць вякамі навеяны сум,

бо ці варта тужыць, што шляхі прабягаюць іначай,

калі боль, папалам падзяліўшы, ў прасторы нясуць?

 

Развітаўся я з многім, з вясной толькі нашаю – нельга:

Як, скажы, без яе мне дажыць да апошніх хвілін?

Помню, помню: мы неяк з табою шыпшыну сустрэлі

І не ведалі – гэта яна ці сустрэча і вочы цвілі.

 

Хоць шыпшына даўно адцвіла, - засталася на памятку

Радасць:

Захаваю паблеклы пялёстак – далёкі ўспамін, -

Пранясу праз жыццё, непакорны ні бурам, ні здрадам,

Каб і сэрцу цяплей, каб сінелі прыветней палі.

 

А як сцежка мая за высокай сцяной абарвецца

І на кратах абные крылом акрываўленым сцяг, -

Ты зірні, дарагая, праз лісце навіслага вецця

З пагранічнага ўзгорка вясны на мяцелісты шлях.

 

Першамайскія сцягі

 

Прачніся досвіткам, таварыш дарагі, -

Калісьці ў ноч такую мы не спалі...

Паглянь, як нашы першамайскія сцягі

Палошча золак залацістай хваляй!

 

Цяпер яны, як дужыя арлы,

На ветры буйным распасцёрлі крыллі,

А некалі ж мы іх, як арлянят малых,

Тулілі к сэрцу і ўзлятаць вучылі.

 

За пазухаю несліў тую ноч

Да абступіўшых шлях бяроз высокіх

І узнімалі ўверх на знойдзенай даўно

Вяршыні стромкай – мачце адзінокай.

 

Мы ведалі: варожая рука

Яго за крылле сцягне ў злосці дзікай,

Але не спыніць ўзмаху, што склікаў

З прасёлачных дарог на шлях вялікі.

 

І нас тапталі часта капыты –

Скажы, таварыш, хто палічыць паўшых?

А боль, павер, не меншы быў па тых

Правадырах чырванакрылых нашых.

 

І ў верасах датлелі дні тугі,

Мы, як зару, свабодны сцяг узнялі.

З палону выйшлі хлопцы і сцягі,

Якіх даўно вятры не цалавалі.

 

І сёння, бачыш, распасцёртыя плывуць –

Увесь збалелы свет яны абняць ахвочы.

Трымай жа вострым штык і ўзнятай галаву,

Калі сцягам палёту шчыра хочаш!

Ліда, 30 красавіка 1941г.

 

Ранак перамогі

 

Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін,

Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах

І тужылі тугою магіл і краін

Па табе, залатая вясна перамогі.

 

Нашы дрэвы, і кветкі, і дзеці, і сны

Летуцелі даўно аб табе недацветам, -

Ані разу яшчэ так пакутна вясны

Не чакаў чалавек, покуль свет гэты светам.

 

Вочы дым выядаў, лісце вянула дрэў,

Апякалі зямлю і душу бліскавіцы.

Чорным полымем ранак вясновы гарэў,

Рассыпалася ў попел гарачы травіца.

 

І тады – успаміны халодным асцём,

Як запалы нянавісці, ўпіліся ў сэрца,-

Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё

І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці.

 

Выбухалі і песні і сэрцы, як тол.

Смерць, губляючы косці, назад адпаўзала

Праз магілы ахвярныя нашых братоў,

Праз руін гарады, цені сёл і вакзалаў.

 

Мы, як гнеў неадступныя, следам ішлі,

Задыхаліся ў ярасных бітвах, пагонях, -

І астаўся за намі дым родных сяліб

І вайной узараныя родныя гоні.

 

Чорным саванам клалася злая зямля,

Што ў пяшчэрах сваіх смерць таіла спрадвеку

І атрутай паіла калоссе ў палях,

А нянавісць радзіла, як хлеб, чалавеку.

 

Праклялі яе нашы гарматы наскрозь –

Ад Мазурскіх азёр да самога Берліна,

Покуль сонечным ранкам, няўмольным, як лёс,

Не ўвайшла наша помста на Унтэр-дэн-Ліндэн.

 

Кожны з нас тады лёгка, глыбока ўздыхнуў.

Задзівіліся ўсе: ціхі гэтакі ранак...

І пазналі яе, залатую вясну,

Аж занылі ад радасці даўнія раны.

Мінск, 9 мая 1945г.

 

***

Пажар! Пажар! Пажары!..

Гарыць усё старое,

Шчэ на чырвоным жары

Ўзрастае маладое.

 

Над гэтымі пажарамі

Гарыць чырвоны сцяг.

Не страшце нас ударамі!

Браты! Смялей на шлях!

Вільня, 1927г.

 

Лета

 

Звініць пчолка, блішчаць косы,

Неба сінь смяецца.

Праз лясы, палі, пракосы

Гімн прыроды льецца.

 

Гімн прыроды, шум дубровы,

Спевы розных птушак,

Песня-звон касы сталёвай,

Ціхі гоман мушак.

 

Гоман мушак, песня лета –

Разам усё злілося,

Красы духам абагрэта,

К сонцу паняслося.

 

Як прыгожа тут, як міла,

Радасна бясконца...

А ў блакіце з дзіўнай сілай

Зазіяла сонца.

в.Рудаўка, 1928г.

 

На развітанне

 

Бывай, бывай, дзядоў прыют,

Плыві спакойна ўдаль!

Мінулых дзён, праклятых дзён

Ці ж можа быць нам жаль?!

 

Ў архіў пайшоў спачыць навек

Самадзяржаўны цар.

Цяпер з нас кожны чалавек

За лепшы быт змагар.

 

“Паўстань, хто з голаду век пух”, -

Нясецца з краю ў край.

Прыслухайся – трашчыць ланцуг.

Мінуўшчына – бывай!

 

Хто малады – наперад, гэй,

Да новых, светлых дзён!

Чырвоны сцяг – вышэй, вышэй!

Мінуўшчыне – праклён!

1929г.

 

***

Не думайце, каты,

Што краты

Зламаюць мяне!

Не думайце, чэрці,

Памерці

Не дам я сабе!

Слонім, верасень 1929г.

 

***

Фашызм хай наступае,

Шалее хай тэрор...

Нішто нас не стрымае.

Ўсяму дамо адпор!

Слонім, 1929г.

 

***

Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні,

Цябе я вітаю з-за крат...

Успомні, дзяўчына, вясну, і каханне,

І сцежкі, і жыта, і сад...

 

Успомні, як ночы плылі і міналі

Пад звонкую трэль салаўя.

Успомні, дзяўчына: тады прысягалі,

Што буду я твой, ты – мая.

 

Хай кінула доля турму, як завалу,

Зваліла на сцежак прасцяг,

Вер: іскра кахання, што ў сэрца запала,

Не згасне ў астрожных мурах.

 

Калі не загіну ў няроўным змаганні,

На волю зноў выйду з-за крат.

Запомні, дзяўчына, вясну, і каханне,

І сцежкі, і жыта, і сад...

Слонім, верасень 1929г.

 

***

Мне сняцца чароўныя ночы

І зорачак сніцца мірганне,

Мне сніцца вясна і каханне,

Мне сняцца блакітныя вочы.

 

Мне сняцца чароўныя казкі,

Мне любая сніцца дзяўчына,

І шчасце, і чары, і ласкі –

Эх, мілыя сэрцу ўспаміны!..

 

Мне сніцца свабода святая

І сымбаль яе – сцяг крывавы.

Мне родныя сняцца тут з’явы.

Я дні, што прайшлі, ўспамінаю.

 

Калі ж, о, калі ж я пакіну

Праклятую душную цэлю!

Ах, думкі, куды паляцелі!

Ах, кіньце, нашто успаміны!

Слонім 15.09.1929г.

 

Восень

 

Бліжыцца восень – пара невясёлая,

Ў мгле утапілася даль

Нудна ківаюцца дрэвы паўголыя,

У сэрца ўпіваецца жаль!

 

Шэрымі хмарамі неба пакрылася

Дождж марасіць у вакно

Беднае сэрца трывожна забілася –

Чуе трывогу яно

 

Сумна глядзець, як жыццё спаць збіраецца,

Сумна глядзець зпаза крат...

Бліжыцца восень, а мне ўспамінаецца

Май красуючы сад

23.09.29г.

 

Ноч

 

З-па-за крат цямнее неба,

А на ім мільёны зор.

Там душа шукае хлеба,

Летучы стралой ў прастор.

 

Колькі раз я ночкай цёмнай

У вышы, ля зор, лунаў.

Колькі раз душой нязломнай

Казкі дзіўныя снаваў!

 

Воля, воля дарагая,

Шлю з-за крат табе прывет!

Знікла зорка залатая –

На мамент астаўся след...

 

Грудзі ныюць, сэрца б’ецца,

Карагоды ззяюць зор..

Зоры, зоры! Дзе ж мне дзецца?

А між вас прастор... прастор...

Гродна, астрог, 1929г.

 

***

Мінаюць дні кашмарныя,

Нясуцца чарадой,

І неба, вечна хмарнае,

Як мур, маўчыць парой.

І дзверы ў сталь акутыя,

І краты у акне...

Мінаюць дні пакутныя,

Ў панурым таюць сне.

Ў такую хвілю трудную

Як міла летуцець,

Прабіўшы хмары нудныя,

Да сонца узляцець.

Гродна, 1929г.

 

***

Калі атуліць змрок зямлю

І ў небе загарацца зоры –

Я вылятаць душой люблю

З турмы ў надзорныя прасторы.

Такі прадоністы спакой

Глядзець праз воблік зор халодны,

Што я паспакайнеў душой

І – у няволі стаў свабодны.

3.12.1929г.

 

Скаваны бунтар

 

Навокал ціш... Звініць ланцуг панура...

Гарачым тварам я да крат прынік...

Таемна скрозь... А тамака – за мурам –

Гручаць шагі - то ходзіць вартаўнік...

 

Я – малады!

Хачу п’янець прасторам

І араматы траўкі

Раскошна удыхаць,

Хачу лунаць арлом

Над полем і над борам,

Хачу кахаць!

Прастору!

Волі мне!

Гэй, - месца для разгону!

Я болей не магу

Гібець ў астрожным сне.

Тыраны!

Бойцеся бунтарскага праклёну:

Праклён скаванага

Мільёны ўскалыхне!

Гродна, астрог,

30 студзеня 1930г.

 

***

Шумяць бары, вясніцу выклікаюць.

Нясецца гэты спеў над скованай зямлёй,

І хоць яшчэ снягі зімовыя не таюць –

Ўжо чуцен нейкі рух пад маскай ледзяной.

 

Шумяць бары... Разносіць вецер песню,

А ў ёй пяе, што хутка ўжо вясна,

Што хутка на рацэ лядок зімовы трэсне,

Прачнецца да жыцця і працы старана.

 

Шумяць бары. І з ціхім трапятаннем

Нясецца гэты спеў і над зямлёй звініць.

А тут і там – чутно жыцця дыханне.

А там і тут – жыццё ужо не спіць.

Гродна, сакавік 1930г.

 

***

Кроў маю доўга пілі каты,

Сілы юнацкія нішчыў астрог.

Гэта, казалі, дае заплату

Табе за ідэю бог.

 

Доўга за кратамі я таміўся.

Грудзі балелі і ныла цела.

Цяжар нарэшце быццам зваліўся,

Выйшаў на волю я самлелы.

 

Цяпер нада мною ізноў пагроза,

Волю забраць зноў хочуць каты.

Зноў прад сабою бачу цвяроза

Астрожную цэлю і краты.

в.Рудаўка, 1930г.

 

Жыццё

 

Жыццё – мора глыбокае,

Жыццё – даль сінявокая.

А ў тым моры – з пяску дно,

А ў той далі – з зор руно.

 

Эх! Збяру я сілы буйныя,

Сілы дужыя, маладзецкія,

І нырну да дна, дна каханага,

Ці пяском ці зорамі вытканага.

 

Гутарка з палонным сэрцам

 

Ноч уздзела на твар зямлі

Змрокаў панурых вуаль.

Ціш.

Дэфензіва.

На сэрца ляглі

Думкі, як грузная сталь.

 

Хлешча па грудзях прыбой

Гнеўна-кіпучай хваляй.

Сэрца, спакойна!

Нас з табой

Сёння ў палон забралі.

 

Спазмы – за горла!

Стогн – прыдушы!

Гарт – перамогі зарука.

Скора нас вывядуць з гэтай цішы

І – павядуць на мукі.

 

Стане прад намі шпіцляў рад,

Смехам скрывіўшы морды.

Хай жа пабачыць шпіцлёўскі гад

Нашу нянавісць і гордасць.

 

І распачнецца глум

Над чалавечай істотай.

Схопім удар, як праз муць, праз імглу,

Панска-бліскучага бота.

 

Будзе смылець скатаванае цела,

І вочы памеркнуць, як зоры,

Але з глыбінь тваіх набалелых

Ні слова не вырве вораг.

.......................................................

Дрэмле, прынікшы да шыбаў, ноч.

Поўнач прайшла маршам.

Скора прыйдзе чаканы даўно

Кат мой – пшэдоўнік старшы.

Толькі ж палоннае сэрца цяпер

Жудзь і трывогу дабіла.

Ціха ў ім плёскаецца праз верх

Нейкая цёплая сіла.

 

І разліваецца мяккі спакой

Па незагоеных ранах...

Будзем змагацца!

Прымаем бой

З вашым насіллем паганым.

 

Можаце сэрца маё, “мастакі”,

Вырваць і даць мне смерць.

Толькі ж знайце:

Мільён такіх

Рынецца ў бойку сэрц.

 

Чую іх рокат.

Нарастае ўздым.

Бачу: гараць, як паходні.

З іхнім бы зліцца агнём маладым!

..........................................................

- Pojdziemy! Ty! Gnaty podnies!

(Пойдзем! Ты! Паднімай свае косці!)

Верасень 1931-1935гг.

 

Думы непакорныя

 

Майго жыцця паток разбунтаваны

Скавалі рэчышчам скалістым і вузкім,

І дні мае ў няволі ціха вянуць

І ападаюць, не заўважаны нікім.

 

Адна турма лістае іх, як кнігу,

І часта хмурыць ведзьме бровы злосць,

Тады паказвае мне кратамі на мігі,

Што бунт мой зломіць тут сваё крыло.

 

І радасна прысуд суровы піша,

І кідае ў распалены мой твар,

І аблівае чорнай сцюжай цішы

Шалёны сэрца бой і думак жар.

 

Турма, турма!.. Не смейся так сурова:

Ёсць сіла грозная, што краты гне

І брамы выварочвае сталёвыя,

І за цябе, турма, яна мацней!

 

Мне не шкада жыцця, хоць недажыта,

Недапяяных песень толькі жаль,

Бо песні звонкія, што ў сэрцы спяць, як пліты,

Сваім запалам рэжуць без нажа.

 

І быў бы вораг іх агнём асмален

І пышна красаваўся б песнябор.

Эх, спі ты да пары, мой арсенале.

Так часам спіць між хмар віхор.

 

Няхай крывавіць сэрца лютым здзекам вораг –

Яшчэ мы доўга будзем бунтаваць.

І сёння трэ замкнуцца ў непакоры –

Нянавісцяю раны бінтаваць.

1934-1935гг.

 

Не дуры мне, дзядзька, галавы

 

-         Што ж ты, хлопча, раскідаешся гадамі,

Год – у Гродне, у Вілейцы – год...

Пазнаёміўся з турмой-мадамай,

Зацягнуў цябе дрыгвяны вір балот.

На лукішскія каменныя палосы

Сееш-сееш маладыя дні –

І ўзрастае боль чорнакалосы,

Горкім жнівам павісае ўніз.

Не такога, брат, чакаў ты ураджаю,

А ў сяўні – паказваецца дно...

- Змоўкні, дзядзька, ты цярпець перашкаджаеш.

Страшна стала – лезь трасціся пад радно.

Ці ж табе паноў хлеб-соліць забароніш?

Не дасі стаяць без шапкі ля варот?

Мне ж не каркай, дзядзька, як варона, -

Сыру я табе не кіну ў рот.

Дзень і месяц кожны – гэта камень.

А прыгледзься – можа сэрца клок:

Я шпурляю ў панскі твар гадкамі,

Толькі ты не бачыш аддалёк.

Засяваеш стогнучую ніву,

І расце там гірсы здрадны цень...

Я ж пасею сэрца боль маўклівы –

Бунт няхай з яго расце.

Вільня, Лукішкі, 1935г.

 

***

Калі нямая злосць дыхне з астрожных крат,

Даволі сэрцу стукнуць гордым рытмам –

І зернем залатым запырскае іскра,

І змрок густы пажарам загарыцца.

 

І зацвіце жыццёвае цяпло,

Ласкавай хваляй грудзі зноў агорне.

Хай нашы сцежкі снегам замяло,

Ды полымем гудуць жывыя горны!

 

Вышэй шугай, мой расспяваны зніч,

Мацней цалуй нявольніцкія грудзі,

Гарачым полымем труны асфальт лізні –

Хай сыкне ў немачы астрожны стражнік-студзень.

 

Я маладосць бунтарскую аддам –

Спалі беспаваротную без жалю

Ды выкліч гарт з глыбінь і накажы гадам,

Каб адступіліся і задрыжалі.

 

О, знаю іх, стрыножаных рабоў:

Сказалі ім – і абступілі вартай

І цягнуць моўчкі сэрца на разбой...

А можа, праклінаць рабоў няварта?

 

А можа, гэта – перавал круты,

Каб захлібнуцца горкай смагай быту?

Маёй пылаючай любові – не астыць,

Маёй нянавісці скрыжалі не разбіты!

 

Насустрач песням-снам туга мая расце.

Ірвуся праз іржу гадоў ланцужназвонкіх.

Шляхам тады ісці грымотней і прасцей,

Калі праломім жудаснае сёння.

 

Яшчэ не бачны быту рубяжы,

Яшчэ і смех, і веснавыя сцежкі,

І на хаўтуры злыдняў прыбяжым

З ахрыплай песняй – бунту галавешкай.

Студзень 1937г.

 

Перамога

 

Векі заплюшчыш – напружаны сон

Грудзі раскроіць, як плугам барозны.

Нешта набухне, як боль і як скон,

Нешта заплача наўзрыд і бясслёзна.

 

Заўтра з заплаканых шыбінак-мар

Сінім рассветам прасочыцца ранак.

Зваліць з грудзей набалелы цяжар,

Сцюжнай рукою сціскаючы раны.

 

Ўстань і ў сцюдзёным жалезе пабач

Новыя вартасці слова жывога!

І зразумееш душой – Барацьба.

І зразумееш душой – Перамога.

13 лістапада 1937г.

 

***

А колькі тут было балот –

І расказаць я не бяруся:

Больш, чым сухой зямлі, было

Балот на нашай Беларусі.

 

Чаму? Ніхто не знаў, аднак,

Навука думала нямала,

А казка простая адна

Загадку тую адгадала.

 

Вы казку здзейснілі. І вам

У вашы залатыя рукі

Яе сягоння перадам,

А вы – перадавайце ўнукам.

.................................................

1940г.

 

Кветкалюбы

Гэты верш – адказ на хлуслівую

Заяву баранавіцкага гаўпткамісара аб

Тым, што быццам гітлераўцы

“зробяць Баранавічы суцэльнай клумбай

Кветак”.

 

Разявіўся на каравай,

А нам пляце пра клумбы!

Ім – сала, яйкі падавай:

Вядома – “кветкалюбы”...

 

І сніцца немчуры язмін

З прыемным пахам скваркі:

Адной рукою – “шпэк” вазьмі,

Другою – “шнапсу” чарку.

 

Відаць, таму спалілі ў дым

Цвердзь камяніц, брук вуліц,

Каб назаўсёды гарады

Пад клумбамі заснулі.

 

Для іх на попеле цвіла б

Дзяўчынай стройнай мальва,

А да зямлі прыгнуты раб

Жыцця і то б вымальваў...

 

Хай нюхаюць, пакуль не млосць,

А нам не шкода міны,

Каб нюхаўку ім разнясло

Адгэтуль – да Бярліна!

Ваўкавічы,1941г.

 

***

Дзе ж ты, мілая?

Нашто было нам

Сцежкі родныя асірачаць,

На балючым і крутым заломе

Ставіць

Развітальную пячаць?

Дзе табе

Дванадцаць з веж прабілі

І калі

Удар апошні змоўк?

У якой

Няведамай магіле

Вочы,

Згасшы, дзівяцца ў пясок?

Па табе сумую,

Дружа родны.

Дзе той залп, які свінцом шугнуў

І зваліў цябе

На жвір халодны

Без мяне,

Маленькую,

Адну!..

Не змагу і так я, дарагая,

На зямлі здзічэлай

Век дажыць –

Хай душа

Продолжение »
Конструктор сайтов - uCoz