…sp; Мой і твой арыенцір
Мой ідэал – вялікі Пушкін. А твой маяк – мізэрны Плюшкін.
Не ўмею
Не ўмею па трупах хадзіць, Маўчаць палахліва, лаўчыцца – І век не памкнуся вучыцца! Хоць ява стараецца збіць Двухствольным наглядам ваўчыцы.
Пераклады
Аляксандр Пушкін
Руслан і Людміла Урывак з паэмы
Ля лукамор’я дуб зялёны; На дубе залаты ланцуг: І – днём і ноччу кот вучоны Па ланцугу брыдзе наўкруг. Направа пойдзе – спеў заводзіць, Налева – казка загучыць, Там цуд: лясун паважна ходзіць, Русалка на суку сядзіць; На таямнічых тых дарожках Сляды нябачаных звяроў; І хатка на курыных ножках Стаіць без вокнаў, вушакоў; На золку хвалі хлынуць вольна На берагоў пустых пяскі І трыццаць віцязяў агністых Ідуць чародкай з хваляў чыстых, А з імі дзядзька іх марскі; Там каралевіч мімаходам Няволіць грознага цара; Ў аблоках там перад народам, Кране ледзь мора й лес зара, Вядзьмак праносіць змагара; Там у турме царэўна тужыць, Ёй шэры воўк аддана служыць; Там ступа з Бабаю Ягой Ідзе-брыдзе сама сабой; Над золатам Кашчэй там чахне; Там рускі дух... там Руссю пахне! І я там быў, і мёд я піў; Ля мора бачыў дуб зялёны; Пад ім сядзеў я, кот вучоны Свае мне казкі гаварыў. Адну я помню – казку гэту Паведамлю цяпер я свету...
Вакхічная песня
Што змоўк наш раскацісты бас? Грыміце, вакхальныя спевы! Хай вабяць пяшчотныя дзевы І юныя жонкі каханыя нас! Гэй, шклянку паўней налівайце! На звонкае дно Ў густое віно Таемны пярсцёнак кідайце! Узнімем бакалы і зрушым іх разам! Няхай жывуць музы, няхай жыве розум! Ты, сонца святое, гары! Як гэта лампада бляднее Прад золакам ясным ўгары, Так мудрасць ілжывае гасне і тлее Прад мудрасцю сонца: ў ім фальшу няма. Няхай жыве сонца, і згіне хай цьма!
*** На ўзгорках Грузіі ўначы ляжыць імгла; Арагвы шум перада мною. І лёгкі сум душы, і светлы, як сляза; Бо сум напоўнены табою, Табой, адной табой... і смутку ўжо майго Нішто не мучыць, не трывожыць, І сэрца зноў гарыць, кахае – з-за таго, Што не кахаць яно не можа.
*** Я вас кахаў: маё каханне, можа, Яшчэ ў душы пагасла не зусім; Няхай яно вас болей не трывожыць; Я не хачу вас засмучаць нічым. Я вас кахаў маўкліва, безнадзейна Ў агні пакуты, рэўнасці, тугі; Кахаў так шчыра, як багатварэнне, Як дай вам Бог каханай быць другім.
Міхаіл Лермантаў
Ветразь
Бялее ветразь адзінокі Скрозь затуманены блакіт. Чым запалоніў край далёкі? Чым збрыдзеў родны краявід? Вятрыска свішча, хваля грае, І мачта гнецца і рыпіць. Не дзеля шчасця ён блукае І не ад шчасця ён бяжыць. Пад ім струмень, бы васільковы, І промень сонца – над вадой... А ветразь прагне буры новай, Нібыта ў бурах ёсць спакой!
*** На поўначы дзікай стаіць адзінока На голай вяршыні сасна І дрэмле хістальна, і снегам сыпучым Спавіта, як рызай яна. І сніцца ўсё ёй, што ў пустыні далёкай, Тым краі, дзе сонца ўстае, У скрусе, адна, на пякучым уцёсе Цудоўная пальма расце.
Фёдар Цютчаў
Вясновая навальніца
Люблю той час пачатку мая, Калі вясновы першы гром З грымотнай радасцю гуляе, Грукоча ў небе рысаком. Грымяць раскаты маладыя, Вось дожджык пырснуў, пыл ляціць, І льюцца перлы дажджавыя, А сонца ніці залаціць. З гары імчыць паток увішны, Гайдае лес птушыны гам, І гоман дрэў, і шум узвышша – Усё падтаквае грамам. Ты скажаш: ветрагонка Геба Карміла Зеўсава арла І грамапенны кубак неба З гарэзным смехам разліла.
*** Расію нельга зразумець. Аршынам звыклым не замерыць. Адменны у яе замес: Ў Расію можна толькі верыць.
*** Зіма дарма злуецца: Прайшла яе пара – Вясна ў акно імкнецца І гоніць са двара. Каму старая трэба? Яе ўсё турыць вон – І лье жаўрук з-пад неба Наўкола перазвон. Зіма ўцякаць не хоча І на вясну бурчыць, А тая ў твар рагоча: Маўляў, хай пакрычыць... Шалее ведзьма злая, Хаця дае трусца: Апошні снег шпурляе Ў цудоўнае дзіця... Вясне бяды той мала: Абцёрлася рукой І чырванюткай стала Карзе наперакор.
Вясеннія воды
Яшчэ ў палях вакол снягі, Але вясной шуміць вада – Бяжыць і будзіць берагі Яе блішчастая хада. Струмені б’юць ва ўсе канцы: “Вясна ідзе, вясна ідзе! Мы маладой вясны ганцы, Імчым у першай чарадзе!” Вясна, вясна вядзе паход! І ціхіх, майскіх, цёплых дзён Румяны, светлы карагод Увачавідкі ўжо відзён.
Афанасій Фет
*** Вучыся ў іх, у дуба, у бярозы. Вакол зіма. Суровая пара! Заледзянелі марныя іх слёзы, І, сціснуўшыся, трэснула кара. Люцее замець з кожнаю мінутай, Сярдзіта рве апошнія лісты, І сэрца працінае холад люты; Яны стаяць, маўчаць; маўчы і ты! Ды вер вясне. Яе прыспешыць геній, Цяплом распаліць стыласць ледзяша. Для ясных дзён, для радасных памкненняў Перабаліць самотная душа.
Іван Бунін
Святло незгасальнае
Там, дзе вечныя госці, Ў гаі старых бяроз, Не магілы, не косці – Царства радасных кроз. Летні вецер матляе Зелень па-над зямлёй – Й да мяне далятае Свет усмешкі тваёй. Не пліту, не распяцце – Бачу я ўсё ярчэй Інстытуцкае плацце, Ззянне зорных вачэй. Хіба ты адзінока? Хіба ты не са мной Ў нашым даўнім, далёкім, Дзе быў юным з табой? Ў свеце кола зямнога, Відавочнага дня, Маладога, былога І мяне тут няма!
Апошні чмель
Аксамітавы чмель чорна-жоўты пад вечар Гул тужлівы разносіць пявучай струной. Ты навошта ляціш у пакой чалавечы І нібыта сумуеш са мной? Спёка й свет за вакном, падаконнік бы ў вохры, Ціхамірна шчэ грэюць апошнія дні, Палятай, пагудзі – і ў трымбульцы засохлай, На чырвонай падушцы, засні. Ды табе не пазнаць нашы думы-віхуры, Што даўно апусцела зямля, Што ўжо хутка ў бур’ян здуе вецер пануры Залатога сухога чмяля!
*** І трава, і чмялі, і бутоны, й калоссі, І блакіт, і спякотны настой... Прыйдзе час, і Гасподзь да адказу запросіць: “А ці быў ты шчаслівы пры долі зямной?” І забуду я ўсё, толькі ўспомню імгненна Палявыя шляхі між калосся і траў – І ў салодкіх слязах упаду без маўлення К міласэрным каленям Хрыста!
Аляксандр Блок
На чыгунцы Марыі Паўлаўне Івановай
Пад насыпам, дзе роў някошаны, Ляжыць яна, нібы жывая, Хусцінкай косы залагоджаны, Прыгожая і маладая. Бывала, йдзе хадой прыстойнаю На свіст і шум за лесам блізкім. І, змерыўшы платформу, мройная, Хвалюецца ля стрэшкі нізкай. Агні трохвокія ўрываюцца – Ярчэй румянец, вышай локан: Магчыма хтось і паўзіраецца Ў яе уважлівей праз вокны... Ішлі вагоны звыклай лініяй, Пагойдваліся і рыпелі; Маўчалі жоўтыя і сінія, Ў зялёных плакалі і пелі. За шыбамі ўставалі сонныя, Абводзілі вачыма вяла Платформу, сад, кусты бяскроўныя, Яе, і побач з ёй жандара... Гусара толькі постаць казкаю Аднойчы ў шкле прад ёй паўстала: Ўсю абдаў усмешкай ласкавай... І поезд міма паімчала. Ляціць так маладосць дарэмная, У марах марна знемагае... Туга дарожная, жалезная Са свістам сэрца раздзірае... Ды што – даўно ўжо сэрца вынята! Зашмат аддадзена паклонаў, Зашмат паглядаў прагных кінута Заштораным вачам вагонаў... З пытаннямі не лезьце ў полымя Ля акрываўленае кручы: Каханнем, брудам або коламі Загублена – усё балюча.
Барыс Пастарнак
Гамлет
Гул заціх, я выйшаў на падмосткі. Прыхіліўся ціха к вушаку І лаўлю ў далёкім адгалоску, Што мне давядзецца на вяку. У мяне ўпілася цемра ночы Тысячай бінокляў злей асы. Калі толькі можна, Авва Ойча, Чашу гэту міма пранясі. Я люблю намер тваёй праграмы, Гэту ролю згодны я сыграць. Ды цяпер ідзе другая драма, І мяне пазбаў на гэты раз. Ды прадуман распарадак дзейства, І ад скону выйсця не знайсці. Я адзін. Ўсё тоне ў фарысействе. Век пражыць – не поле перайсці.
Ганна Ахматава
Адасабленне
Так шмат камення кінута ў мяне, Што ні адзін не страшыць, не бянтэжыць, І стала пастка стройнай вежай мне, Высокаю сярод высокіх вежаў. Будаўнікам я дзякуй гавару, Хай клопат, сум іх болей не хвалюе: Адсюль – раней страчаю я зару, Апошніх промняў свет – даўжэй лікуе. І тут нярэдка з вокнаў і дзвярэй Заглядвае ў жытло маё барэй, З далоні падбірае голуб зерне... А слова запаветнага радка – Па-боскаму і стрымана, і верна Дапіша Музы смуглая рука.
*** Дваццаць першага. Ноч. Панядзелак. Цьмяны контур сталіцы імгліць. І прыдумаў жа нейкі пустэльнік, Што бывае любоў на зямлі. З-за ляноты сваёй ці маркоты Ўсе паверылі, так і жывуць: Ад сустрэч да разлук і згрызоты. І любоўныя песні пяюць. Але іншым адкрылася тайна, Спачывае на іх цішыня... Гэта так апякло нечакана, Што цяпер нібы хворая я...
*** Ад кветак, рэчаў нежывых Прыемны пах у гэтым доме. Вясёлкай колераў усіх – Гародніна на чарназёме. Яшчэ бруіцца халадок, Але парнік рагожы скінуў, Ёсць там ставок, такі ставок, Дзе на парчу падобна ціна. Адкрыў мне тайну хлопчык раз Усхвалявана дужа й ціха, Што там агромісты карась Жыве з вялізнай карасіхай.
Пралог
Не з лірай улюблёнага Іду я чараваць – Трашчотку пракажонага Нясу я, каб спяваць. Не раз вам дружна ахнецца З праклёну і выцця. І смелыя шарахнуцца Прэч ад майго жыцця. Малох не срэбра выбеліў, Не марнай славы ход: Я пад крылом пагібелі Жыла ўсе трыццаць год.
*** Ў гразі – мой хлеб і ў муці – воды Вакол мяне атрутны гам. Нашто апошнюю свабоду Ператварылі ў балаган? Ці не таму, што не глумлюся Над горкай гібеллю сяброў? За тое, што не разлучуся З маркотнаю зямлёй бацькоў? Хай так. Без ката і без кулі Паэту анідзе не быць. Нам – пакаянныя кашулі, Са свечкай нам ісці і выць.
Марына Цвятаева
*** Я знаю праўду! Мінулыя праўды – прэч! Людзям не трэба людзей да чубоў даводзіць! Глядзіце: вечар, і ноч пачала шарэць Аб чым ты – паэт, палюбоўнік альбо палкаводзец? Ўжо вецер носіцца, ужо зямля ў расе, Вось-вось і завея зорная неба агорне, І пад зямлёю мы хутка паснем усе, Хто на зямлі замінаў спаць адзн другому.
|