Пётр Макарэвіч
Біяграфічная даведка Нарадзіўся 15 кастрычніка 1938 года ў в. Шынкі на Крупшчыне (Мінская вобласць). Скончыў Бобрскую СШ і Беларускі дзяржаўны педінстытут імя М.Горкага. Працаваў і спасцігаў жыццё калгаснікам, пагранічнікам, загадчыкам раённай бібліятэкі, інструктарам РК КПБ, оперупаўнаважаным аддзела КДБ, рабочым завода, карэспандэнтам раённай газеты, гарадскога радыё, быў беспрацоўным, начным вартаўніком. Жыве ў Лідзе. Аўтар зборнікаў “Злітак” і “Расінкі беларускіх слоў”. З’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вершы
Пажыццёвы кодэкс
Не нашу ў кішэні дулю З дзён зялёных да сівых: Выпускаю слова куляй, Нават горкае, услых. Ставяць пасткі браканьеры Мне, дзяўбуць у пух і прах. Ды пляваў я на кар’еру! Вабіць толькі волі пах. Рабалепнаму хай свеціць Бляск уладны медаля. Даражэй за ўсё на свеце – Годнасць людская мая. Для людзей маёй пароды Пернік горшы за бізун. І за лёс свой непагодны Не пускаю я слязу. Прад начальствам я ніколі У жыцці не шапкаваў. Раб касы, сякеры, поля – Па-кавальску верш каваў.
Мой запавет
Несупынна, - бачу я і чую – З апантанай прагай маньяка Слова беларускае карчуюць Рычагом двухмоўным знатака. Божа мой! Куды і дзе ні ткніся – На завод, у чын, тэлеэкран – Гутаркі па-роднаму звяліся, Прэцца адусюль трасянкі здань. Ну чаго нам лезці на хадулі? Дзе прыстойнасць, годнасць, гонар наш? Дзесяцімільённы люд абулі У расейскамоўны камуфляж. Сам сябе зжывае край са свету. Вось ужо тутэйшыя сычы Абрусілі й “Лідскую газету”: Толькі назвай нашаю гучыць... З мовай маці ў сэрцы – роднай, боскай – Жыў, жыву і буду дажываць. Ля сцяны бацькоўскай – не Крамлёўскай – З продкамі жадаю спачываць.
Сук беларускай мовы
Расейска-ангельскі лінгвіст Сячэ сук уласнай цытатай. За што гэтак спецыяліст Ганьбуе дар продкаў багаты? Хаўруснікам даў тапары. Схапілі яны й бензапілы, Каб пнямі лыселі бары, Каб ляснула мова ў магіле. Як здані ў іржы небыцця Сякеры з-пад Эльбы і Віслы. Сягоння над дрэвам жыцця Навала ад Волгі навісла. Ужо сук наш ледзьве ліпіць Пад рэхам тапорным кароны... Ды скіне хам’ё й будзе жыць Вякі беларуская крона!
Расінкі беларускіх слоў
Сную рытмічныя каралі З радкоў былога, явы, сноў, Каб смагу вуснаў наталялі Расінкі беларускіх слоў. Расінка да расінкі – чаркі Налью паўнютка ад душы. І на напой крыштальна яркі Аматар вершаў набяжыць. Не кожны – дэгустатар тонкі: Ў людзей няроўны густ і смак. Усклікне першы: “Самагонка!” Другі – “Бальзам”, а трэці – “Шлак”. Вось майстра здзекаў і пародый З наскоку пляжыць: “Сукін сын! Такога свет не знаў смуроду; Зарыфмаваны лье палын!” А іншы выбухне: “Памыі На чынавецтва і на лад!”. І з тэлевізараў такія Б’юць слова роднае з гармат. І пракурорскім тонам хвацка Агучыць цэнзар вырак-гром: “Настой атрутны прэ на бацьку! Трэ скуру драць з яго жыўцом!” Ды як ні будзе, як ні стане Кляйміць гайня паслугачоў – Пад куляй не папоўню стайню Магільшчыкаў ярчэйшай з моў... Я ткаў і буду ткаць каралі З радкоў вар’яцкай явы й сноў, Каб толькі з праўдай рыфмавалі Расінкі беларускіх слоў; Каб мой унук і ўнук унука На ўтульных даланях вякоў Жыў – крочыў вольна, шчыра, пругка У водары гаючых слоў!
І слова – слава беларуса Зямляку-касманаўту Уладзіміру Кавалёнку
Ў закутак самы дарагі – У край глыбінны вёскі Белай Вязу я водпуск на лугі, Маленства дзе як птушка пела. “Дальбог такі, як быў, сынок, І ўсё па-нашаму гаворыш... А мой не едзе Васілёк”, - Мне скардзіцца суседка ўголас. Я суцяшаю як магу – Усмешкай, жартам, успамінам, Як мы дурэлі ў мурагу, Як, падшыванцы, рвалі міны. Дзяцінства сына нагадаў, Бы пасадзіў ёй на прыполік. “Мне ж да бацькоў рукой падаць, А Васілёк ваш – у Анголе...” “Ды што пісьмо? Паперкі шмат! Самога ўлашчыць бы вачыма. Нібы работы тут няма, Ля дому, ў бацькавай хаціне”. І, нахіліўшыся на кій, Лагодна кажа знізу ўгору: “Пятрок, сто год ты гарадскі, А проста, як і мы, гаворыш...” І сапраўды (ад пахвальбы Аж сэрца ёкнула балюча): Не родным словам свае лбы Мы без патрэбы часта мучым. Ці з яблыкам, ці з агурком Дзень прагандлюем на базары, А вернемся ў вясковы дом – “Вучона”, “рускай” мовай жарым. Акцэнт – карова на ільду – Слых рэжа ў Гродні і за Глускам. І гэту коўзкую хаду Сур’ёзна лічым мовай... рускай?! Ды сам вялікі Леў Талстой Да смерці ёй не авалодаў! А мы у прастаце сваёй Валодаем... тыдзень без году... Па-роднаму скажы, спытай – Казеляць вочы, як на турка Ці скаляць зубы ўсе, бадай, Адукаваныя прыдуркі. Лячу, акрылены, ў прасцяг: Мне слова маці свеціць зоркай! І ажывае Млечны Шлях Зноў словам роднае гаворкі!
Тройка
Як джына, тамілі ў бутэльцы-мане І пляжылі з гікам і свістам. Ды час на прастору выносіць мяне На крылах гадоў серабрыстых. У аслупяненні нашчадкі-штыкі Праслаўленнай кулямі тройкі: Маім далакопам ніяк не з рукі Мой вольны аловак і крокі. Імпэт грамадзянскі і дух не аслаб Пад дуламі явы суровай. Слугую Радзіме – і толькі – я, раб Свайго беларускага слова. А чумны век, хочацца верыць, міне – Сексотаў, прадажнага шобла. Магутная тройка гартуе мяне: Арлоў, і Вярцінскі, і Скобла. Не ворага клеймы, не воўчы білет – Адмыты ад чорнага друзу, Білет я трымаю пры званні ўжо “дзед” – Пісьменнікаў сябра Саюза.
Беларусу
Няўжо табе ява не згоркла? З-за ласкі няпрошанай шэльмы Над роднай спрадвеку старонкай Хамее чужая гаворка, Душу васільковую шчэміць. Нашчадак Скарынаў, Гусоўскіх, А лёс твой амаль што жабрацкі. Дык выплюнь ураз тэлесоскі Службістаў – нягоднікаў хвацкіх, У карак гані падгалоскаў! Нас лічаць яны за балванаў, Як быдлу, ткуць шоры і путы. Твой тузін гадоў змарнаваны, Твой тузін гадоў змардаваны, На “пяць” выдае хеўра чмутаў... Змахні павуцінне піяру, І знікне, і згіне брыда. Даволі ўжо бзікаў пачвары. Хай жывіць народныя мары І слова, і справы ўладар!
Уставай, суайчыннік, з каленяў
Я на зломе вякоў і на зломе эпох Бачу: ідалы ўміг рассыпаюцца прахам, А рэжымам закляты бы чартапалох П’едэстал пасмяротна бярэ адным махам. Ды пілуе найлепшых дзяржаўны тартак. У фаворы Дзям’ян, у выгнанні – Шаляпін. Колькі ж слаўных сыноў і дачок нашых так Па-вар’яцку загубім, загадзім, прашляпім?! Як да ганьбы такой дакаціўся народ?! Славу нацыі, імя сусветнае – БЫКАЎ – Слініць, топча паклёпамі скошаны рот На кісельным экране са свістам і гікам?! Уставай, суайчыннік, зкаленяў! Не трусь! Годзе нам свет смяшыць і гібець як папала. Беларускае слова – жыве! І - жыве Беларусь! Ёсць Скарына у нас, Багдановіч, Купала.
Родны краю!
Рэкі, пушчы, пералескі... Родны краю! Калі ласка, крэсліць крыжам не спяшы: Я табе, як самым блізкім, пакідаю Шчыры злітак мовы сэрца і душы. У сучассі і балюча мне, і горка Між былля, былых падмуркаў-валуноў. І матуліна крынічная гаворка Засыхае ў вуснах вырадкаў-сыноў. І падтакваюць сынам твае дачушкі. Мо таму і тоне вёска ў лебядзе. А наўкола ўжо амаль з абліччам чушкі Плойма п’яніц, пустазвонаў рэй вядзе. Патурае плойма ўсім, хто брэша зверху, На тры літары здаўна якіх турнуў: Не прымаў і не прыму ганебны вэрхал, Хай кідаюць хоць за краты ці ў труну...
Пара завесці дрот у лыч
Развесіў хвацкія вусы На хутары ячменны колас. У дакалгасныя часы Тут гаспадарыў бацькаў голас. Калі з казой не раз у год Каля кутоў каморнік шастаў, Казаў: “Пара завесці дрот У лыч тарноўскаму начальству!” Замоўк тых дзён гвалтоўны зброд. Зямлі і ў бацькі – два аршына. А ў дзесяць сотак агарод Цяперака – абуза сыну. Каб пустазеллем не здзічэў, Увесь засейвае ячменем. І не касой яго ссячэ – Камбайн уміг адорыць зернем. Чаму ж шчыміць паўсотні год І забывацца не жадае Душы сялянскай крык пра дрот? Свінчо й сучаснае капае...
Спектральная разгадка Вясёлкі беларускай
Час Прымусіць Абудзіцца, Жыць. Запраданцам Беларусі Скажам: “Фіць!” (Чырвоны, Памаранчавы (Аранжавы), Жоўты, Зялёны, Блакітны, Сіні, Фіялетавы.)
Настрой мяняецца з дарогай
Ля сцен, дзе Павел Шарамет Утрымліваўся за калючкай, Нясе мяне веласіпед Да меншае дачкі з унучкам. А з пліт бетонна змрочны плот І металічныя вароты Тырчаць, вады набраўшы ў рот, Ашчэраны калючым дротам. Чаму і што адсюль наўдзіў Мяне так шпарка міма гоніць? Дэманстратыўна й я хадзіў Ускрай гранічнага прадоння. І яказённыя табу Піхаў нагою, словам кратаў. Магчыма і мяне зграбуць І штурхануць яшчэ за краты... Багажнік вызваляю, руль, І запаветны інтэрнацкі 204-ты блок бяру Ў настроі слаўным дзеда, бацькі. З плячэй плён дачны дастаю І з годнасцю сялянскай маркі Крывінкам родным я даю Кампот, цыбулю, бульбу, яйкі...
Не распяты на крыжы, на жаль
Жыў па-людску і рабіў нямала. Разліваў, як сонца, весялосць. А мая персона выклікала Найчасцей – няўдзячнасць або злосць. Сэрца я дарыў людзям і песню, Думаў, дурань, ордэн паднясуць. А мяне і ўвосень, як і ўвесну, Калашмаціць-гне казённы суд. З вераю ў дабро бязмежнай, шчырай, Мне любы сустрэчны – друг і брат. А мяне блакітныя мундзіры Штурханулі у злачынны рад. Скарбы мае – думкі – у нябёсах, І са мной улада – на нажах. Гэта – лёс Ісуса, лёс Хрыстоса, Не распяты на крыжы, на жаль.
Наказ падатковай інспекцыі
З-за помсты, зайздрасці, даплат Паўсюдна прадае брат брата... З трыццаці срэбранікаў браць Калі ад кожнага падатак – Уміг напоўніцца казна, Рубель засвеціцца дукатам, І шведам грамадзянін наш Утрэ насы жыццём багатым. А мы ўсё на Лябёдзькаў пром: “З-за іх бядуем, бесталковых!...” Бярыце юдаў пад кантроль Хутчэй жа, хлопцы з падатковых!
Хто ў фаворы?
Хто грымне-прыстукне хутчэй каблуком, Хто ніжай сагнецца паўколам, Хто поўзае дола ля ног чарвяком, Хто духам і розумам кволы. А хто ў паднябессе шугае арлом, Хто вольна выводзіць рулады, Хто погань з парога кідае на лом – Нікчэмнасць у воку улады. Хай без мяне
Трымаў наган я пад падушкай. Прымаў на явачнай данос. А грыф “зусім сакрэтна” птушкай, Здавалася, ў нябёсы нёс. Валлё ад пыхі распірала: “О, я – чэкіст! Я – пуп зямлі!” Вясны ачмуранай навалу Гады разважнасці змялі. Не друз стукацтва – дынамітам Ў нутро мне мужнасць залягла: Выказваюся я адкрыта, У твар, не ўпотай з-за вугла. Ў паэзіі сцвярджаю годнасць, Каб праўдай дыхалі радкі. Хай без мяне слуга ў пагонах Тчэ павуцінныя сілкі.
Паклон перыскопу
Пад перыскопам “КаДэБэ” Здавён – даўно жыву я: Ён кожны сказ і крок дзяўбе, І дзень, і ноч віжуе. Нутром руплівы перыскоп Я адчуваю, бачу. Без пільных клопатаў яго б Прапаў я па-сабачы. Штодня магутны перыскоп Дае мне моц і сілы. Бязмежнай шчодрасці яго б Аддзячыць да магілы. Асведамляльнік і стукач – Яго штыкі-падпоркі. І, пэўна, я без іх, таўкач, Насмерць разбіўся б з горкі. Таму і шлю яму паклон. Адно гняце рэзонна: Зірнуць не дазваляе ён Ў дасье мае персоны.
Як адвадзіў правакатара
Мазоляць вочы стукачы, У душы лезуць невыносна, Як на спажыву крумкачы, З азызлай пысай, шызым носам. І заплятаецца язык, І каламуціцца у зрэнках, Але пляце зануды зык Мне анекдот пра Лукашэнку. Нібы не чую танны плюх. Тады ён зычыць мне фрывольна Кватэру ў доме побач, ключ І ў час любы на выбар школьніц?! О, Бог! Хацелася не раз Па мордзе даць, каб заскуголіў: Шальмуе і крадзе мой час Апора ўлады – алкаголік. “Дзяўчаткі збрыдзелі, - кажу Са злосцю. – Лепей прывядзі мне Сюды і патрымай казу!” І “госць” ураз дзвярамі грымнуў.
Класіфікацыя лычоў
Брудныя нахабныя лычы Ў нашы душы сунуць стукачы. Рохкаюць нястомна графаманы: Пад заказ лычы ж зарыфмаваны. Спрэс у калектывах “сябрукі” Тояць вепручыныя клыкі. Лыч камандзіровачны гасцінны З-пад кашулі колецца шчацінай. Часам атрымаеш магарыч – Тут як тут ужо суседаў лыч. Ля жытла з мятлой шчыруе дворнік, Ды вачам не вер: то лыч-прытворнік. Тузін п’яных і цвярозых рыл Безліч ям “спагадліва” нам рыў. Вось швейцар паклоны б’е па-царску – Знаем, лыч зычлівы з чыёй ласкі. З’едзеш на вучобу ці курорт – Знойдзе там цябе лычасты чорт; Чмурыць лычык вабнае паненкі... Ведаем здымаць ахвочых пенкі; Мы не зломкі аналізаваць, Здолелі іх нейтралізаваць; Нас лычом не возьмеш і не купіш: Мы заместа пенак дорым кукіш.
Чытаю радкі пра каханне
Каб два стукачы і стукачка – Такога са мной не было – З наскоку, ураз, без раскачкі Адно падстаўлялі сіло. Сіло – кэдэбісцкі сцэнарый: Калючыя часу радкі. Шукаюць і ў вершы цанавы Крамольны агонь трапяткі. Нацэлена сочыць кампутар Студыйны ад фірмы “Самсунг”. А трыо трэ рукі з пакуты: Агучу я, што ні падсунь?.. Ды я ламануў рэжысуру І кінуў у шок, як зайшоў, Ваўчыцы авечую шкуру І шкуры сяброў-рыфмачоў. Заместа чужых прадпісанняў – Ў сваім перакладзе аднак – Чытаю радкі пра каханне, Што свету дарыў Пастарнак.
Адказ
І я ў крынічныя гады Прымаў сустрэчных у абдымкі, Бо абыходзілі тады Мяне даносы, ананімкі. З-за павуціннага іх тла Цяпер не кожнаму я рады: А ці не нкусавец даслаў Ізноў паклёпніка і гада? Таму даруй за недавер: Я сам пакутую балюча За вожыкавы свой манер – Страчаць іголкамі калюча.
Анікому яму не капаю
Стукачы, каторыя капалі Ў масках сябра ўпотай пад мяне, Алкашамі пагалоўна сталі, Ўсе ў псіхіятрычным будане. У агні пакутлівай гарачкі – Кары за прадажны воўчы гон, На вялікі жаль мой, і стукачкі Ўсе ляцяць няўхільна пад адхон. За нядолю іх не папікаю, Помнячы пра Божы Запавет... Яму чалавеку не капаю – І са мной заўжды сусед і свет.
Адкідваю ўсмешкай
Нібы з гадзюкай – у жыцці З даносчыкам спаткацца: Панос стаслоўны ўраз ляціць, Каб замаскіравацца. Лапоча і лапоча гад – Сучынае адроддзе, А вінаваты свой пагляд, Як воўк, убок адводзіць. Праз камуфляжны бзык наскрозь Ён бачны без рэнтгена: Ўнутры яго любая косць Чарнее несумленна. Смалою ліпне й цягне ў твань: Цябе ж ён лічыць пешкай... І плюнуць хочацца – у твар, Ды адкідаю ўсмешкай.
Анатомія паклёпу
Стабільны глушыцель чарніла, Амаль алкаголік, Не выпрасіш снегу ў якога Найшчодрай зімою, Каньячную пляшку і закусь Купецкую ставіць. Ў рабочы мой час. На рабочы мой стол. Ды бясплатна! Ў разгар барацьбы Лігачоў-гарбачоўскай з гарэлкай. За дзень да разгляду Мае персанальнае “справы”. Прадбачліва сведкаў дваіх За сабой прыхапіўшы: Бюро далажыць – даказаць, Што й прапойца я горкі (Я, хто раз на год дакранаецца Ледзьве да водкі!). І здорава будзе, калі я, Мазгі замуціўшы, На голы кручок у дадатак Штось ляпну такое... У горадзе нашым спярша, А затым на курорце Жанчына прыстала-прыліпла Смалою і з ходу Мяне анекдотам абмацвае Антысавецкім Ды белымі ніткамі шые Пытанне-пятлю мне, Ці згодны з агідай на родны Народ і краіну? І цягне нахабна ўсялякімі Сродкамі ў ложак: Распуснага бабніка трэба ж Ярлык мне прыклеіць І пляму накінуць на жонку І сонечных дочак... Чапляе на вочы мне “Шцірліца” Сябра ў двукоссі, На вушы навешвае Зорге імя, Кузняцова, У рукі піхае брашуры Пра контрразведку, - Сіло за сілом для мяне Падстаўляе тапорна, Каб неяк улез я, хоць трошачкі Выбрыкнуў глупства, Каб вылажыў тут жа яму На талерку сакрэцік Ці іншае нешта аб службе Былой афіцэрскай... Сусед санаторны, што злева Ў пакоі на ложку, Штодзень небыліцы пляце На старшынь выканкамаў. На сакратароў абласных Камітэтаў партыйных (За восем гадоў да імгненных Распадаў парткамаў) І оптам ганьбуе Міліцыю, суд, пракурораў, Раве на ўсё горла да ночы, Аж пырскае пенай, За кожнай дарэмшчынай Фразу “яны ўсе такія”, “яны ўсе такія”, “яны ўсе такія”, “яны ўсе...”, Як тая пласцінка з заеўшай На месцы іголкай. Хапае за лацкан мой, штурхае, У рот зазірае, Здаецца вось-вось ён і кіпці Ў язык мой учэпіць, Абы толькі выхапіць-згвалціць, Каб я папугаем Ці рэхам бяздумна, хоць раз, Паўтарыў яго фразу – Паклёпна-злавесныя словы: “Яны ўсе такія...” Не вырваў. Не вырвуць. Ніхто і нідзе. Аніколі: Я дух правакатарскі чую За сто кіламетраў.
Ваяваць з млынамі я не збочу
У кусты ніколі не ўцякаў. Ваяваў з наменклатурным кодлам. З вераю наіўнаю ў ЦэКа Стукаўся яшчэ да болей подлых. Кулю наклікаў сабе, вар’ят, У канцы заявы без бравады: “Я прашу адразу – расстраляць, Калі слова – хоць адно! – з няпраўды”. Ды чакаў мой справядлівы гнеў Змагара з народа лёс не новы: Выстрал у мяне ізноў грымеў Строгай з папярэджаннем вымовай; Прысуджалі мне да скону дзён Беспрацоўны шлях, чорнарабочы... Покуль белы свет яшчэ відзён – Не дай Бог зноў на пустое збочыць.
Унукі і летнік
З майстроў удалых на ўсе рукі, Не клікаў хлопчыка я: “Сын!”, Затое радуюць унукі – Арлы Георгій і Максім. На дачу на веласіпедах Праз Навасёлкі так ляцім, Што напужалі непаседы Сабак галёканнем сваім. А Гоша рэагуе брава І на былога лёну сінь “Цвіло тут поле кучарава, А сёння – лысае зусім!” Рыдлёўкай здабываю з градкі Й прашу даць куркам чарвячкоў. Нясуць для вока, для парадку, Але... закопваюць цішком. Ну што за змоўшчыкі малыя! Калі злавіў я на мане, “Яны ж, дзядулечка, жывыя!” – Усцешваюць ужо мяне. Вось каларадскіх бульбарэзаў – У шклянцы я запёр жукоў, А жыццядайныя гарэзы На бульбу высыпалі зноў... Максімка кошку на трох ножках “Бязлапка” любасна назваў. А шэрага катка – “Цімошка”, І хатку ім пабудаваў Мы даглядаем іх старанна І я ад шчасця п’яны ўшчэнт, Бо труцца так ля ног аддана, Бы я – кашачы Прэзідэнт!
Ода лідскім маржам
Нясе нас шпарка дзень марозны Ў прастор іскрыста-белых гурбаў. Фарсяць напудраныя сосны Навідавоку зуха-дуба. Ляцім размашыста лавінай Па снезе ў лес чароўна ціхі. Мчаць за Вітушкінаю спінай І нашы слаўныя маржыхі. Затым шліфуем фіззарадкай Суставы, мускулы, далоні: Як дзеці, пляскаем у ладкі, Па-заліхвацку б’ем паклоны. Вяртаемся мы з моцай новай Да станцыі выратавальнай. Тут, у палонцы адмысловай, Плывём, бы летам натуральным. Мы басанож па лёдзе крочым. З плячэй дымяцца клубы пары. А мы жартуем і рагочам: Хваробы нашы ўшчэнт прапалі. Сцвярджае ўсім наш досвед, розум: Не дактары і не аптэкі – Купель лядовая з марозам – І элексір жыцця, і лекар!
Васілю Быкаву
Сумленнага сына зямлі Варожасць – ізноў! – абступіла. Балюча і крыўдна, калі Твой розум “шліфуюць” тупыя. І вучыць бяздарны пісаць. І лезе наперад пазаддзе. І ёсць мастакі нацкаваць З вяршыні захмарнай пасады... Выгнаннік дзяржаўнай лухты, Ты ў думах касмічных і марах, Як сонечны дыск залаты, Ляціш праз іх цёмныя хмары.
Віктар Ганчар
Які Чалавек і Асоба – Крыштальна гранёны Ганчар! Надзея Айчыны, аздоба, Нязломны бунтар і змагар. Характар – алмаз, тэмперамент – На пэўныя сотні карат: Свяціўся, іскрыўся парламент Табой, Першамайскі брыльянт. Чароўны твой воблік лагодзіў І дух беларускі ўзвышаў. З народам заўжды і ў народзе... Які ж цябе кат напаткаў?! Жамчужына мужнасці, дзе ты? Няўжо над табою – трава?... Стрыгуць люд указы, дэкрэты... Злятае з красой галава...
Міхасю Скоблу ў дзень нараджэння
Міхась! Твая Краса і Сіла Мяне арліна акрыліла. А мігакі тваёй Свабоды Вярнулі маладыя годы. Размова кожная з табою – За годнасць нашу кліч да бою!
Усё бляднее прад каханнем
Хай паўсвету стане ганіць І клясці паўсвету ўслед – Ўсё бляднее прад каханнем Па-сапраўднаму, як след. Што нам люду азвярэласць? Ці ў кішэні – ні шыша? Абы толькі сэрца пела І свяцілася душа. Рвецца феерверкам гожым З нас другая маладосць. Свет цудоўны, свет харошы, Бо святло любові ёсць. Атуляю ў пацалункі З макаўкі тваёй да пят. Стала й восень падарункам: Сыпле Бог нам зарапад.
Стручок
Прытулілі ўдваіх нас каноплі. Ты жар-птушкай гарыш на руках. Кукарэкае досвітак цёплы. Пацалункі цвітуць на губах. Як хацелася мне і карцела – Сведчаць зоркі ды маладзічок – Да твайго палымянага цела Далучыць і гарачы стручок!... Не з начэй канапляных, а потым Нашы любыя дочкі пайшлі. Спадарожнікаў брыдкай згрызоты І пры ўнуках ужо абышлі. Толькі век шал крыві перайначыў: Страсць не ўспыхне між зморшчаных шчок. І ўстаўляю ў паэзію нашу Я цнатлівы гарачы стручок.
А мне падабаецца жонка... чужая
А мне падабаецца жонка... чужая – З душою без басмы, з брывамі ў аўсе, Найчулае сэрца якой успрымае Без лішняга грому грахі нашы ўсе. А вы з-за нажывы, кар’ернай пасады Губляеце розум і проблеск душы, Таму ваша жонка з сямейнага чаду Ка мне па ратунак дзяўчынкай бяжыць. І мне падабаецца жонка такая, Якую люблю ўсё чысцей і чысцей. Якую пагляд ваш адзін папіхае На сёмым паверсе за кратамі сцен. Вам цяжка падвозіць яе на машыне, А я – сіняй птушкай нашу на руках. Вам свет засланяе кардан або шына – Сушу я слязінкі ў жаночых вачах. І покуль не позна, павекі адкрыйце, Бо пройдзе дзень-два, і сям’я загрыміць. Уласную чэрствасць у гэтым вініце, І глухасць, і грубасць патрэбна вініць. Сакрэт і апошні кладу вам на раны: Не ЗАГСаўскім штампам мацуюць сям’ю, А толькі даверам, павагай, каханнем – Усім, што я вашае жонцы даю.
І на тым свеце жыць з табой
Пялёсткі-вусны. Сінявой Гаючаю з-пад вейкаў вее. Драбніца кожная з табой – Найдаражэйшая падзея. Жыве і дыхае табой Адзінаю задор хлапечы. Ты ў сэрцы ластаўкаю той, Наяве злоўленай, трапечаш. Адолелі мы насланнё Сяброў-зайздроснікаў і звады – Ўсё роўна кружыць вараннё Ў чаканні нашага разладу. Ды п’ём, як першаю вясной Мёд пацалункаў цудадзейны, А ты пралескаю лясной Праменішся, мая надзея. Сярод распусных, злых, хімер Плачу табе, мой свет рахманы, І я даверам за давер, Хоць шыюць мне штодня раманы. І нашу згоду, лад, спакой Вянчае залатая восень... І на тым свеце жыць з табой – Адно мы Бога молім-просім!
Спеў пра боскае каханне Песня
Наяву мы і у сне з табою лётаем, Як анёлы, ні душы зямной не бачым мы, Распранаю пацалункамі з пяшчотаю, Апранаю пацалункамі гарачымі. Распранаю пацалункамі з пяшчотаю, Апранаю пацалункамі гарачымі. Твар астудзіцца халоднымі хмурынкамі, Дакранецца да цябе туга нязваная – Адагрэю пацалункамі з абдымкамі І схаваю у абдымкі ратавальныя. Адагрэю пацалункамі з абдымкамі І схаваю у абдымкі ратавальныя. Языкатая зайздросніца, хай вуліца Нагаворамі і плёткамі засмучвае – Маё сэрца да твайго мацней прытуліцца: Дараваў нам Бог каханне неўміручае! Маё сэрца да твайго мацней прытуліцца: Дараваў нам Бог каханне неўміручае!
Любімая Ліда Песня
Любімая Ліда, цудоўная Ліда – Пявучы прынёманскі наш гарадок. Няхай над табою Заўсёды з любоўю Блакітнага неба цвіце васілёк! Дачушка Радзімы! Ласкавае імя Матулінай песняй да сэрца ляціць. Ты шчыра і проста Хлеб-соль дорыш госцю – Ў люстэрку усмешкі душа зіхаціць. Бярозкі, ракіты Ўглядаюцца ў пліты, Дзе б’ецца, як сэрца, твой вечны агонь. Ў вайну ты, славянка, Была партызанкай, Табе да зямлі наш удзячны паклон. Ляжыць пад Курганам Агонь ураганны. Пакрыўдзіць ніколі цябе не дадзім. Жыві у пашане Шчаслівай, каханай, Радзімка пяшчоты на твары зямным!
Горад мой любімы Песня
Горад мой любімы! Гронкамі – рабіны. Быццам і не сеяў вораг чорны дым. Карпусамі грае Сонца небакраю – Ўсё цвіце наўкола шчасцем залатым. Замак пад блакітам Маладзее з Лідай, Светлае каханне дзе і я знайшоў. Што за чараўніцы Нашы маладзіцы! Паланяюць сэрца песнямі, душой. Горад мой раздольны! Ты – як Нёман вольны. Ордэнамі зорак – неба над табой. І адну з іх – ордэн “Знак Пашаны” горда Носіць Ліда – горад старажытны мой.
Прынёманскі край Песня
Удалячынь плыве чароўны Нёман Блакітнай стужкай за зялёны гай. Пяюць бярозкі па-над кожным домам І поўняць сэрца песняй цераз край. Нясе жыццё садам і нівам Нёман Багатае і вольнае, як сам. І адбівае хвалямі паклоны Сузор’ям абеліскаў партызан. Як сэрца ўсенароднае бясконца, Віруе Нёман молада, як май... Нясі братам на хвалях дружбы сонца, Квітней заўжды, прынёманскі наш край!
Спагада жывому – жыве
У раме аконнай аблокі Па майскім блакіце плывуць. Спакойна і мудра здалёку Да сэрца ўспаміны нясуць. Вось я, аблачынка дзяцінства, Над лугам,над полем лятун, Наскрозь прамяніста расхлістан, Да ўпаду гуляю ў лапту. На рукі мае па сасонцы Сястрычка-вавёрка імкне. Здаецца, разліўся я сонцам, А сонца ўлілося ў мяне. Казяўцы з аслабленым цельцам Заўзята майструю жытло З лучынак, травінак і шкельцаў: Хачу, каб жывое жыло! Але за хмурынкамі – хмары Нахлынулі цёмных масцей І градам па хатцы, па марах Дубасяць мацней і мацней. Шчырую насуперак грому І бліску маланак кругом... Не выбіў спагады жывому І гром КДБ з перуном.
Ранак на бацькаўшчыне
Па маладзенькіх промнях дня У неба пот віецца парай. Святлеюць сосны за папарам, Дзе блізкая мая радня Ля прадзедаў зямельку парыць. А я, як Ясір Арафат, Спавіўшы галаву хусцінай, Кашу атаву канюшыны Паблізу дзедаўскіх прысад У звоне хмары камарынай. Да вуснаў туліцца ручай (Ў маленстве – Дзедава крыніца), Што з-пад алешніку бруіцца. І аціхае мой адчай З глатком гаючае жывіцы. Пракосы ў кропельках расы Трымцяць вясёлкаю на сонцы І пах мядовы льюць бясконца... Пасля пластую, блудны сын, Ласунак матчынай кароўцы. Упершыню падперазаў Без бацькі сена воз духмяны. І адпускаюць сэрца раны. І з возам коціцца сляза Любові, ўдзячнасці, прызнання...
І асновы мае, і высновы
Не насіў і не стану насіць У касцёр інквізітарскі дровы. Са свайго мазаля сціпла жыць – І асновы мае, і высновы. На шляху мне трапляюць часцей Прайдзісветы, рвачы, інтрыганы... Дабрабыт свой узводзіць з касцей?! Хай так робіць апошні паганец! Як яно надакучыла мне, Ваўкаўё пад сяброўскай аўчынай!... Чалавекам успомняць мяне, А не шкурай прадажнай у чыне. Не лажыў і не буду лажыць У касцёр інквізітарскі дровы: Са свайго мазаля сціпла жыць – І асновы мае, і высновы.
Душа ў блакіце лунае
Нягоды Радзімы раней і цяпер, Як родныя, сэрцам прымаю. О, колькі, Айчына мая, за цябе Знасіў сінякоў я і маю! Ні ўлады, ні славы – хачу і хацеў, Сын ціхай рачулкі загубленай Можы, Каб волю і долю народ наш займеў, Каб жыў без панукі партыйных вяльможаў, Калегі – нявечылі думкі мае І наперагонкі кляпалі даносы. Ды праўда мая й сёння кросны снуе, Яны ж засталіся ўсе з носам. Сляпы ніцавокі райкамаўскі крот Пад корань губіў і маё пакаленне, Ў ману спавіваў, у ГУЛАГаўскі дрот, Паставіць хацеў на калені. І сёння імкнецца яна кіраваць, Партыйных нягоднікаў зграя... На месцы таўчэцца заўжды машкара – Душа у блакіце лунае.
Каб праменіў радок залаты Дачушцы Дзіне Залаты зарапад валасоў. Залатыя – два сонейкі – вочы. Залатыя семнаццаць гадоў. Залаты атэстат твой прарочы. Хай цвіце залатая пара Спасціжэння нябёс і зямнога! Залатога хлапца і пяра – Зычу слова табе залатога. Дык гартуй ад агню і вады Дух і слова да сотага поту, Каб праменіў радок залаты Для душы чалавечага роду.
Патрыятычны алкаголік
Павышаны прапойца ў чыне, Хоць, як бізун, бяздарна-голы: Бо ён – член рулявой краіны, Паслугі шэфу ўмомант чыніць Ды горла рве дзеля Айчыны – Патрыятычны Алкаголік!
Адрозненне
Агульнага даволі ў нас: Прафесія, рабочы час. І мы з табою кнігалюбы. Парылка з венікам нам люба. Яшчэ не смалім папяросы. Цвярозы я і ты цвярозы. Пішу я трохі, пішаш ты. Кляпаю я, кляпаеш ты: Я – толькі косы, Ты – даносы.
Канчатковы дыягназ
Ані чага, Ані Божа, Ані сокі млечныя – Анічога Не паможа: Дурасць невылечная.
Аплачаны бляск
Абвешаны ўвесь ардэнамі, Блішчыць даношчык паміж намі.
Рэцэпт
Каб у жыцці штось знаць і значыць – Лёс трэба добра пакамячыць.
Вынік
Рэдактар доўга мыкаў-пыкаў І штат пісак здрабніў да гніды. А дзе тварыў вялікі Быкаў, Там заплывае тлушчам Гнідар.
Пчала шчыруе – павук сярдуе
Павук злуецца ў ліпкіх кроснах, Пчала шчыруе, дзе краса... І ты рабі так, каб зайздроснік Уласны локаць пакусаў.
Тост
Не скупы, хоць з двух радкоў Тост кажу стары я: Хай пяе і ў сто гадкоў “Уху я...” Марыя.
“Оперны” журналіст
Хоць журналіст, а многа значыць, Раз оперы над ім ішачаць.
Хто чарговы?
“Як стала вядома крыніцы Спаліць хоча мора сініца”... І беднай сінічкі няма: Скавала ў ільдах Калыма. А тая “крыніца”... дваіцца. І прагне чарговай сініцы! &nb… Продолжение » |