…й людскіх,

Да шчасця і трывог.

Вы не хавайце іх,

Пусціце на парог.

 

Жыццё

 

Вясёлых дзён было нямала,

Шчаслівых дзён было не менш.

Я цалаваў, ты цалавала,

Не ведаў дух ніякіх меж.

 

Былі і сумныя мінуты,

Расчараванняў горкі дым.

Быў так абставінамі скуты,

Што ні туды і ні сюды.

 

Усё прайшло праз кроў і сэрца

Як промні тайныя твае.

Жыццё то таркаю дзярэцца,

То зоркі з неба падае.

 

Ля кастра

 

Дым ад майго кастра адносіцца далёка

І растае, і гіне на вачах.

Мне тут не сумна, не,

Не адзінока,

Пакуль ачаг мой моўчкі не зачах.

І хоць мяне пакрыўдзілі сурова

І наплявалі ў сэрца і ў душу,

Усе крыўды прэч! Абы была здаровай

Святая мара, што ў сабе нашу.

А мары гэтай суджана не збыцца?

Хто так сказаў? Адрынь, каціся прэч!

Няхай таго спяпеліць бліскавіца,

Хто на святое паднімае меч.

Гары, касцёр мой, днём

І цёмнай ноччу.

Гары, не затухай.

Стагоддзямі гары.

Я пры табе планеце напрарочу

Зямныя небывалыя дары.

 

Грузчык

 

Далоні ў мазалях –

Як брук.

Прайшло па іх нямала

Грузаў.

Ён разгрузіў чарговы кузаў,

Прысеў, каб стому

Скінуць з рук.

Вачэй настойлівы пагляд,

Крутыя плечы,

Лоб высокі.

Каўнер расшпілены,

Шырокі

Парыць, як свежая ралля.

Работы лёгкай не шукаў,

З юнацтва ў грузчыкі падаўся,

За двух, за трох

Парой стараўся,

Пашаны не даваў рукам.

І зараз, хоць не малады,

Свайго занятку не кідае.

Хоць сіла ў мускулах

Не тая.

Працуе ўвішна,

Як тады.

 

Няўжо?

 

Былое адбыло.

Што з намі заўтра стане?

Мой век адно крыло

І так, як гіру, цягне.

 

Запудрылі мазгі

Недасягальным раем –

І голад абцугі

Да горла прыстаўляе.

 

Народ ты мой, народ,

Хоць дбайны ты араты,

Збяднеў твой умалот,

Збяднелі нашы хаты.

 

Няўжо мы для сябе

Не створым лёс дастойны

Няўжо нас задзяўбе

Каршун часоў прыгонных?

 

Крыўдзіцелям

 

Разбурыць час катэдж,

Машыну праглыне,

Ад вас нічога ў ім не застанецца.

А мой радок?

Ён душы ўскалыхне

І адгукнецца ў бескарысных

Сэрцах.

Ён пойдзе ў вякі правадыром,

Я адчуваю крок яго бадзёры.

Я нараджаў радок,

Вы будавалі дом,

Народа і дзяржавы рэкіцёры.

Я і ў “хрушчоўцы” вас

Перажыву,

Бо кражамі душу

Не запаганіў.

Я крыўды ўсе, як конь,

Перажую

І больш натхнёным

І узнёслым стану.

 

На звалцы

 

Падумаць толькі,

Звалка ўжо і тая

Падзелена на зоны беднатой.

Для іх яна, як жыла залатая

З лахмоццем розным,

Ну, і... – з чым? –

З ядой.

Капаюцца у смецці, бедалагі,

Панура, як паўсонныя жукі.

Магчыма, з-за нажывы? Не.

З-за прагі?

Ім проста голад склейвае

Кішкі.

Капаюцца з відна

Да цёмнай ночы:

Ну, дзе ты тут,

Несапсаваны цуд?

І выгляд іх спакойны,

А не воўчы,

Бы чалавецтву ўсяму прысуд.

 

Азарэнне

 

Азарэнне – вам не забабоны.

Хто не адчуваў яго – мо’ ты? –

Цягне, цягне поўныя вагоны

Пустаты духоўнай,

Нематы.

Азарэнне – свет, як на далоні,

Зразумела ўсё аж да драбніц,

Нібы бог нас на зямным улонні

Дапусціў да вечных таямніц.

 

Паэты ўваскрасаюць

 

Паэзія – не забаўка.

Не хобі.

А патаемны ўздых усяго нутра.

Яна святую справу сціпла робіць,

Ды прыйдзе яе зорная пара.

 

Я на сябе туман не напускаю,

Але радкі яе не буралом.

І кожны раз паэты ўваскрасаюць.

Калі іх кнігі ў рукі

Мы бяром.

 

Спявай сумленна

 

Павеваў штучных, сэрца, не прымай,

Спявай пра тое,

Што цябе хвалюе.

Сваёю чысцінёй людзей праймай.

Хай Бог табой на ўсіх шляхах кіруе.

 

Нідзе перад народам не блюзнер,

Не сей па свеце смуту ці заразу.

Хай выскачыць з цябе паганы звер.

Які, магчыма, задрамаў

Да часу.

 

Лёс радка

 

Ці згіне кропля розуму, які

Я кідаю на белую паперу,

Ці застанецца людзям на вякі?

Не знаю. Ды ў горшае не веру.

 

Наіўна, мабыць, нават думаць так?

Але ці варта браць пяро ў рукі,

Калі не верыць ў добры лёс радка,

У яго не заціхаючыя гукі?

 

Пра вечнае

 

Не аддаю

Даніну модзе:

Часовае не для пяра.

Жывае вечнасць

Поруч ходзіць

З высокім подыхам

Дабра.

 

Не абвясці вакол

Мізінца

Знак ісціны

Святы.

Дождж часу

Вымые з гасцінца

Паганыя сляды.

 

Перад балотам

 

Чаго дрыжаць лапаткі?

За свой баішся лёс?

А тут прайшлі

Ўжо танкі,

Пяхота і абоз.

 

Над ім туман сумнення

Трымаюць трыснягі?

А ты нясі збавенне

Адважна, як сцягі.

 

Калі сціскае сэрца

За іншых боль святы,

Балота не прарвецца,

І не загінеш ты.

 

***

Абурайся – не абурайся,

Лёс расставіў свае вяхі.

Ад заганнага адцурайся,

На свае паглядзі грахі.

 

Прагнем мы цяпла і прыязні.

Толькі што даем узамен?

У суцэльных крыўдах не ўвязні.

Час пахіліць да лепшых змен.

 

Такіх нямала

 

Ні перад кім раскланьвацца не стану.

Іду упарта па сваёй зямлі.

Чыноўнікі, што выйшлі з коньскай стайні

Мяне зламаць хацелі. Не змаглі.

Жыццё круціла, як вятрыска голле,

Ды грудзі распрамляў я зноў і зноў,

Каб Беларусь мая не стала голай,

Не патанула ў цемрашальстве слоў.

Я ведаю, такіх, як я, нямала,

І з намі людзі, з намі праўда, Бог.

Якая б сіла так нас аб’яднала,

Каб раз’яднаць ужо ніхто не змог.

 

Час

 

І я іду. І час ідзе,

Бы пад руку мяне вядзе.

Гадзіннік – цік,

Хвіліна – крок,

І на арбіце

Ўжо радок.

 

Растуць ранеты, кавуны,

Ляцяць ракеты, каршуны,

І я іду, і час ідзе,

Ён дні майго жыцця крадзе.

 

Не буду ўвагі я звяртаць

На гэту злую іпастась.

Як час ідзе, так я іду

І дні свае ў яго краду.

 

***

Зрываецца верш

З арбіты

Сэрца майго.

Куляй сусвет

Прабіты,

Кроў, як агонь.

Пушкін на снег асядае,

Лермантаў падае ніц.

Кружыць фашыстаў

 Зграя

Над срэбрам

Крыніц.

Колькі вякам

Крываточыць,

Болю расці?

Калі чалавецтва

Вочы

Сляза

Не засціць?

 

А выскачу ў поле

 

Штодзень адно і тое ж.

Развагі не стае.

Жыццё, чаму ты тоіш

Магчымасці свае?

 

Спрагнела па паездках

Душа. Ажно зудзіць.

І сябра, як наседка,

У Мінску дзесь сядзіць.

 

А выскачу у поле –

І гарызонт ярчэй.

Грачынае застолле

Крычыць:

-         Ідзі хутчэй!

 

***

Прытулюся шчакою

Да дня

Веснавога –

Пройме сэрца да дна

Цень былога.

Што было не цаніў –

Не умеў –

А ніколькі.

Засталіся адны –

Не згубіў –

Толькі болькі.

 

Калі?

 

У мітусні,

 У кругаверці,

Звычайных справах

Дні ідуць.

Калі ж адкрыю,

Як знайду,

Сябе на схованай прыкмеце,

І засцярожуся,

Замру,

Спасцігну

Сутнасць назначэння

І зорак зманлівых свячэнне,

І думак

Неадступны рух?

 

Пад зоркай

 

А вясёлыя светлыя дні,

Бы ў начы завірушнай агні.

Нашы думкі прыкоўваюць

Часта.

А няўдачных дзён чорная

Каста

Забываецца... Іх не кляні,

Хто табе назаляў

Ці нашкодзіў:

Дарам сэрца сваё не трывож.

Лепш пры самай паршывай пагодзе

Выкінь помсты

Затоены нож.

А шчаслівыя дні не заснежыць:

Перамытыя ў моры жыцця

Ў небе памяці,

Чыстым і свежым,

Нібы белыя чайкі ляцяць.

 

***

Ні далёкаму,

Ні блізкаму

Не жадаю зла.

Нахілюся над калыскаю –

Над табой,

Зямля.

Прашапчу

Ад сэрца чыстага:

“Ўсім, хто тут жыве,

Міру, шчасця вам

Квяцістага,

Зорак на траве”.

 

***

Дай мне рукі сагрэць

Пры тваім кастры,

Дай партрэт твой намаляваць.

Ты нябесным святым агнём гарыш,

Нарадзіла цябе не зямля.

 

Ад уражання я

Аж прысеў.

Дам табе я

Сябе растаптаць.

Мае богі ўсе

І памкненні ўсе

Ля цябе будуць

Вечна стаяць.

 

***

Ты пахнеш мёдам і чаборам

І любіш лёгкі шум сасны.

Сябе ў вачах убачыў чорных.

Што напрарочаць мне яны?

 

І намагнічвае прастору

Твая зямная прыгажосць.

Натхнёным быць да ночы бору,

Калі ты ў ім такая ёсць.

 

Купальшчыца

 

Яна адна прыйшла на бераг,

Дзе нікагуткі не было.

Над морам кветак сініх, белых

Цвіло духмянае цяпло.

 

Сплыло з плячэй яе аддзенне

На парыжэлы мяккі мох.

Спыніўся Нёман на імгненне

Каля яе прыгожых ног.

 

Яна ўвайшла ў ваду. І цела

Жывыя хвалі абвілі.

Вада пад сонцам зіхацела,

Над лесам воблачкі плылі.

 

Як чайка белая, упала

На хвалі гонкія яна.

І паплыла, бы адплывала

Ад берага майго вясна.

 

***

Неадольная цяга мая

Да юнацкіх дарог,

Да палеткаў ад рос

Прамяніста-іскрыстых,

Дзе жылося без усякіх

Турбот і трывог,

Нібы вольнаму сокалу ў небе празрыстым.

Там па-іншаму сонца свяціла

І ліпа цвіла.

І нашмат пранікнёней спявалі

Вясеннія птушкі.

І сцяжынка на хутар,

Бы ў райскі куточак вяла,

Дзе ў азёрах канцэрты давалі

Самы і лягушкі.

І выходзіла ты з-за кляновых варот

Да мяне,

Як прыходзіць штодня ў Наднямонне

 Світанне.

Я імя тваё высек

На агромістым тым валуне,

Пад які клаў запіскі табе

І вымольваў спатканне.

 

***

Нахлыне святло выпускніц і чаромхі,

Ахутае бэзавы дым,

Я скіну, як лось, сукаватыя рогі,

Рудыя ад пылу гады.

Пайду паміж школ,

Гарадоў і курганаў

Шукаць, дзе зыходзіцца неба з зямлёй,

Дзе граюць гаі

На зялёных баянах

Пра вечную радасць

І мой неспакой.

 

У Пышках

 

Дзе вязь карэнняў і сцяжынак,

Птушыных песень і травы,

Нямала радасных хвілінак

Мне падарылі, Пышкі, вы.

 

Над самым Нёманам, на ўзгорку,

Стаяў я з любаю не раз,

Чакаў, пакуль запаліць зорку

Вячэрні ціхі час для нас.

 

Тваёй сукенкаю сінела

Над Ласасянкай далячынь.

Парылі воблачкі нясмела,

Не саграшыўшыя ні ў чым.

 

Свяціўся горад старажытны

І адлюстроўваўся ў вадзе.

Высока дні былі пражыты,

І свята іх не прападзе.

 

***

Баль у чаек і воблакаў

Над вадой і ў вадзе.

Ты ў ружовай абновачцы

Мне насустрач ідзеш.

 

І сукенку хвалістую

Туліць вецер да ног.

Тваю радасць квяцістую

Адчуваю, дальбог.

 

Пахнеш ты сенажацямі.

Маладым васільком.

Шчасце – проста абняць цябе

Пад зялёным дубком.

 

Каханне

 

У мароз і спякотныя дні

Не праходзіць (ніколі!) каханне.

Як ні страш яго, ні гані,

А яно, як паўночнае ззянне,

Усё ў небе душы зіхаціць,

Прасвятляе мяне і прасторы.

Не згубіў між карэльскіх хацін,

Не пакінуў у стэпе, на моры

Я жывое святло яго крыл,

Што няслі да цябе на спатканне.

Калі боль – гэта роспач ці крык,

То каханне... Ну, што ты, Каханне?

 

Прахожая

 

Ах, гэты вецер!

Я яму зайздрошчу:

Як ён гуляе ў валасах тваіх!

Калі ідзеш ты цераз гэту плошчу,

Мы, нібы скамянелыя стаім.

 

Ну трэба ж так,

Ну трэба ж так прыродзе

Адну цябе найлепшым надзяліць.

Усё ў табе да рэчы

І па модзе,

Што можа раптам душу распаліць.

 

“Каханая, - працягваю я рукі, -

Каханая, хоць хвілю пачакай”.

Ды толькі вецер валасы варушыць

І сэрцы хлопцаў

Кідае ў адчай.

 

***

Дзе залацяцца купалы царквы,

І мур стары падобны стаў

На раску,

Шукае дзед натхнёны і сівы

Свайго юнацтва залатую казку.

 

Вось тут яна стаяла і цвіла,

А вочы чорныя

Святым агнём гарэлі.

І раптам позірк на яго ўзвяла –

І ён узляцеў на зорныя арэлі.

З тае пары не ведаў сам,

Дзе жыў:

Ці на зямлі, ці ў блакітным

Небе.

Вызвоньвалі той воблік капяжы,

Высвечвалі завоблачныя

Нетры.

 

***

Між лоз белаватых.

Падбелу сівога

Ідзе прыгажуня

Да дуба старога.

І што ён ёй толькі

На вуха ракоча,

Што так яна доўга,

Гарэзна рагоча?

Напэўна, расказвае ёй

Пра хлапчыну,

Які закахаўся

Па вушы ў дзяўчыну,

Які па тым беразе

З вудаю ходзіць

І воч з прыгажуні

Вясёлай не зводзіць.

Вясёлка, ты мостам

Праляж праз раку,

Каб хлопец дзяўчыну

Правёў пад руку.

І хай тады збурацца

Ўсе панямонцы,

Што іхніх дзяўчат

Забіраюць бабоўцы.

 

Булачка

 

Старэнькі, крывенькі завулачак,

Драўляны закінуты дом.

Жыве тут дзяўчынка,

Што булачка,

А маці ў яе, нібы гром.

Калі і адпусціцца, часам,

А больш ўсё крычыць ды крычыць.

То “булачку” вылупіць пасам,

То грошай не дасць на харчы.

А “булачка” музыку любіць

І хоча на танцы хадзіць.

Ну як мне яе прыгалубіць,

Як цешчы такой дагадзіць

Хаджу, пазіраю на вокны,

Сустрэць у завулку хачу

Свой лёс веснавы, сінявокі.

Мо’ цешчу й перакрычу.

 

***

Схаваўся месяц за таполі.

Ліпнёвы вечар. Цішыня.

Па небе хмарка ў прыполі

Нясе святое дзіцяня.

 

Спіць вёска. Спяць палі і хаты.

І толькі мы вось тут адны.

І я, як месяц, нежанаты,

І незамужняя шчэ ты.

 

Твой тварык цёплы і рахманы

Ўсю ноч хачу я цалаваць.

Ты, мабыць, з зорак, з неба, з тайны

І хочаш свет зачараваць?

 

Стаіўся свет, як наш арэшнік.

Стаіўся час. І мы стаім.

Святая ты, і я не грэшнік

У чыстым позірку тваім.

 

***

Як па галінцы скача

Верабей,

На стройных ножках

Шчасце прыскакала.

Цябе вясна сюды

Прыкукавала?

Дару вясну і гэты свет

Табе.

І краявіды сталі весялей,

І ветрык больш лагодным і ўвішным,

І зацвілі больш урачыста

Вішні,

І заспяваў залётны

 Салавей.

 

Ляці ў вырай, верш!

 

Празрысты дзень, лагодныя даліны,

І вольны ветрык бавіцца з вярбой,

І наплываюць лёгкія ўспаміны,

Нібы сустрэчы з роднаю, з табой.

 

Спакойна праплываюць аблачынкі,

І форма іх, і колер па душы.

Я ўсё шукаю след тае дзяўчынкі,

З якою не спрачаўся, не грашыў.

 

Я ўсё яе шукаю днём і ноччу.

І сны. І песні ўсе – ўсё пра яе.

Я цераз гэты свет не пераскочу.

Ды і навошта? Хай жыве, пяе.

 

Я ў ім не расчаруюся ніколі,

Не выкіну ні з сэрца, ні з крыві.

Дзе ты цяпер? У лесе, лузе, полі?

Кідаю ў вырай верш,

А ты яго лаві.

 

***

Ці я даўно пачаў драбніцца.

Ці асяроддзе так вяло,

Што нават моцнай навальніцы

Над нашым домам не было?

 

Жылі пачуцці на паўсілы,

Як бы трымаў іх хто ў руцэ.

Высока мары не насілі,

Не пападалі словы ў цэль.

 

Плялі суседзі пра былое

Альбо гулялі ў даміно.

Ішло жыццё ў двары такое,

Нібы халтурнае кіно.

 

Але аднойчы ў гэтым годзе

Ты пасялілася ў наш дом.

І вочы высвятлілі поўдзень,

І засмяяўся ўночы гром.

 

***

Зіма, а ты ў міні?

Адна ў такі мароз?

Не бачыў і не сніў я

Ні ног такіх, ні кос.

 

Быў дзень не вельмі яркі,

Ды прамільгнула ты –

І затрымцелі аркі,

І дрэвы і масты.

 

***

Выйдзі летняю ноччу на ганак,

Сон аддай свой бабулі сівой,

Заглядзіся на ўсмешкі маланак.

Захапіся стыхіяй жывой.

 

Я забуду пра боль і няўдачы,

Паднімуся насустрач агню,

І да дзеда сівога, няйначай,

Доўгім кіем свой сон праганю.

 

Адгрыміць. Стане ціха наўкола,

Зможам разам пад ліпы пайсці,

Будуць хмары ў срэбных прыполах

Дождж па небе за вёску нясці.

 

Дзесьці зорка ўпадзе ў бяздонне,

З лісця капне на вусны раса...

Як далёка антычнай Мадонне

Да цябе, майго шчасця сляза!

 

Русалка

 

Ёсць прыступкі ля Гродзенскага замка.

Яны ўніз да Нёмана вядуць.

Я думаю, ты помніш іх, Русалка,

І я іх помню. Я па іх іду.

 

Яны амаль не паддаліся часу.

Бязмерна юнай уваскрэсла ты.

І я гады адкінуў, як заразу,

І стаў невычарпальна маладым.

 

Ідзем, смяемся.

Нёман серабрыцца.

Ён рады, рады, што з табою я.

Дазволь хоць успамінам наталіцца,

Русалка незабыўная мая.

 

Над Нёманам

 

Мроіва. Адзінокая чапля.

І натхнёна аір шалясціць.

Чайка хоча кудысь запрасіць.

Я за ёй у юнацтва адчалю.

 

Толькі дзе ты цяпер

Я не знаю.

След згубіўся ў гадах і вяках.

Ці насіў цябе хто

На руках?

Ці спасцігла ты

Радасці раю?

Можа стала вось гэтаю

Чайкай,

За якой мае думкі ляцяць,

Ці ўдоваю чапляй чакаеш

Над празрыстаю плынню жыцця?

 

Адзіная

 

Калі прыходзіць звонкая хвіліна

І ўсё наўкол смяецца і пяе,

Мне хочацца ўбачыцца з адзінай,

Адной яе мне толькі не стае.

 

Калі глухою восеньскай гадзінай

Паўзе туман, як сум, у сны мае,

Хачу сустрэцца хоць у сне з адзінай,

Мне не хапае, як святла, яе.

 

Калі няма падтрымкі, паратунку

І шэры дзень ні плача ні пяе,

Яе лаўлю я і ў душы і ў думках.

Нікога ў гэты час. Адну яе.

 

Сустрэча

 

Як пахнуць ліпы

Юныя твае!

Як вецер валасоў

Тваіх дурманіць!

Якое шчасце –

Ліпень настае!

Куды ён нас, даверлівых,

Заманіць?

А я ўсё думаў:

Сцежкі не6 звядуць.

А я ўсё думаў:

Непазбежна страта.

Я ўсё маліўся Богу

На хаду –

І зразумеў: маліцца

Богу варта.

 

Пацяплела

 

Прыйшлі яны ў поўдзень на бераг –

І ў сэрцы маім пацяплела...

Устаў я асілкам з падбела

І выпрастаў дужае цела.

 

Русалкі яны ці лідчанкі –

Здалёк распазнаць была цяжка.

Віталі іх белыя чайкі,

Хлапчына размахваў цяльняшкай.

 

***

Прыходзіць светлая хвіліна –

Дабрэюць людзі і ласі,

Жыццё, як спелая маліна,

Да вуснаў хоць прыпаднясі,

У сэрцы чыста і лагодна,

Ахвота ўсіх расцалаваць,

Мая душа з душой прыроднай

Распачынаюць баль спраўляць.

 

Не праходзь

 

З табою ўсё наўкола

Набывае сэнс,

Гармонію і прыгажосць,

І бэз

Становіцца натхнёным

І ўзнёслым,

І лёгкімі на нашай лодцы

Вёслы,

І таямнічай ты,

Як летні лес.

У ім хапае ценю і святла

І ў табе.

І мне не хочацца

Ў будучым хваліцца.

Якою ты была,

Як хораша цвіла.

Ты ёсць і не праходзь,

Як навальніца.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Конструктор сайтов - uCoz