УЛАДЗІМІР ВАСЬКО

 

Біяграфічная даведка

Уладзімір Васько. Нарадзіўся ў в.Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Я.Купалы. Працаваў дырэктарам сярэдняй школы на Дзятлаўшчыне, у рэдакцыі Дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", намеснікам рэдактара "Лідскай газеты". Аўтар кніг паэзіі "Прасветленасць", "Кругаварот жыцця","На схілах берагоў". Друкаваўся ў рэспубліканскім перыядычным друку. Сябра Саюза Пісьменнікаў.

Вершы

 

Зямля Беларусі. 

 

Я жыву ў самым цэнтры

сусвету, Еўропы і часу.

Думкі гэтай ніхто і нідзе

не аспрэчыць бадай.

Тут дабро і спагада

навекі злучыліся разам,

Людзі кажуць: “Вазьмі”

і саромяцца вымавіць:”Дай!”

Ад духоўных нядугаў

тут лечаць і Нёман і Свіцязь.

Забяры хто адгэтуль мяне –

я - адразу ж памру.

О,Зямля Беларусі,

Я праведнік твой непахісны і

віцязь.

Ты сумленна жывеш –

і ад сораму я не згару.

Не шпурляй мяне, бура,

У злосці пад неба, бо дарма:

Я ўсёроўна вярнуся сюды –

На свой родны абсяг,

Дзе мяне нарадзіла

Мая незабыўная мама,

Дзе зялёная пушча –

Мой вымпел, мой Гімн

і мой Сцяг!..

 

Поясам Нёмана

 

Шукаю для вершаў

сваіх вітаміны

Ў старым Наднямонні,

у пушчы глухой.

Аглядваю поймы, крутыя

страмніны,

Ці раюся проста

з прыгожай ракой.

Я ім нараджэннем

сваім абавязан,

Што сёння паэт,

а не подлы крэцін.

Я поясам Нёмна навечна

прывязан

Да роднага краю,

да гэтых мясцін.

Усё так спакойна мне ў кроў

пранікае –

І выспы, і плёсы, і сведкі-буслы, -

Бы штосьці святое наўкола вітае

І радуе дух мой,

і цешыць мой слых.

 

Доля журналіста

 

Ліпічанская пушча –

пачатак дарог і трывог,

Два агеньчыкі воўчых

вачэй у начы,

На прасторах жыцця

я не тое, што раптам знямог,-

Я стаміўся крыху,

дай на ўлонні тваім адпачыць.

Па шляхах журналісцкіх

я нямала праехаў, прайшоў,

Перамераў сцяжынак

да фермаў, майстэрняў.

І прапах сырадоем

і сіласам мой кажушок,

І растрэсла мяне

на няроўных жыццёвых

карэннях.

Толькі ў лёсы людскія

заўсёды ўрываўся з дабром,

Калі хто іх наводмаш

хацеў перакрэсліць.

Нібы цяжкія рэйкі,

радкі я варочаў пяром,

Каб найлепш іх пакласці

на шлях

Да пакрыўджаных сэрцаў.

 

* * *

Рана мне

складваць крылы,

Думаць пра вечны спакой.

Лебедзі стол накрылі

Над казачнаю ракой.

Пайду! З імі

кроў узрушу,

Развею службовы чад, -

І пераўтворацца птушкі

Ў наднямонскіх дзяўчат.

 

У Кучынскага.

 

Пайду да старога Кучынскага,

Ён любіць як я гаманю

І вершы, здаецца,

Вярцінскага, -

Пайду ўдакладню.

Ён дачу прыдбаў адмысловую,

Жыве тут адзін,

нібы воўк,

І водзіцца часта са словамі,

Каб скласці лірычны радок.

Зацягне ён песню народную –

Аж рэха расчуліць лясы,

І стане часіна лагоднаю

Для нас, для ласёў,

і ласіх.

І зробіцца лёгка і хораша,

Растане, бы снежка, нуда.

- Браток. Не было б

толькі горшага.

А вершаў пісаць не кідай…

 

У спёку

 

А палі сумлення

трымаюцца моцна,

І мост, што на іх

не павінен упасці.

Як дух свой па свеце

рассейвае Моцарт,

Так вецер развейвае

спёкі напасці.

І ўсё-такі спёка,

і ўсё-такі млоснасць.

О! Хвалі, разгойдайце

дух мой і плоць

І хоць на поўдня

падарыце мілоснасць,

Каб я змог нуду,

як змяю, закалоць.

Як лашчацца хвалі!

як пырскі шугаюць!

І спёку, як быццам

рукою, зняло.

Каго гэта чаплі

на плёсах чакаюць?

Каго зачакалася

ў лодцы вясло?

Ні дзён, ні гадоў

не злічыць тваіх, Нёман.

Куды ты імкнеш

і па што ты імкнеш?

Дазволь мне ў цябе

быць паэтам наёмным,

А зараз прымі

гэты просценькі верш.

 

У пушчы паэзіі

 

Я згубіўшыся у Пушчы

паэзіі нашай,

На бяросце друкую

я вершы свае.

Прымірыцеся, людзі,

з такою прапажай.

Дзякуй Богу, што Пушча

натхнёна жыве.

Не пачуеце вы,

дык пачуюць казулі,

Хто тут голас

з глухога кутка

падае.

Мае рыфмы - зязюлі

яшчэ не паснулі,

Дзяцел рытму

ўсякіх нячысцікаў б`е.

Тут мяне абмінае

ўсялякае ліха,

Дух бадзёры

ў дугу аніхто не сагне.

І бабёр малады

з маладою бабрыхай

З надазёрнай вярбы

помнік выгрызуць мне.

 

Байка пра калючку

 

Абступілі лідскія азёры

У гумовых ботах рыбакі,

Але ўцёк кудысь карась мацёры,

Зніклі краснапёркі, шчупакі.

Гойдаюцца паплаўкі на хвалях,

Не ідуць раптоўна пад ваду.

Беднымі і мы, і вадаёмы сталі,

Ловім і ў жыцці сваім нуду.

Замахнуўся дзядзька зноў вудзілам:

Хочацца хоць што з вады дастаць.

Бо пустуе ў хаце халадзільнік

І мінтай няма за што купляць.

І, глядзі, нібы пашанцавала:

Паплавок штось пацягнула ўбок –

І ў паветры ўжо затрапятала

Рыбка мо з гарохавы стручок.

І ўзмалілася калючка:”Слаўны!

Адпусці! Што хочаш, я зраблю,

Я табе і пенсію прыбаўлю,

І ватоўку новую куплю”.

Толькі дзядзька верыць не збіраўся,

Быў ён хітры і не з раззявак.

Нешта ў галаве “пакалупаўся”

І прамовіў, апантаны, так:

“Развяла свае тут тралі-валі!

Хоць была б пародзістай, як лешч…

Нам ужо ўсяго наабяцалі,

Толькі жыць ад гэтага не лепш…”

 

Нашчадку

 

Вечны сімвал жыцця –

Гэта сімвал

Празрыстай крыніцы,

Узаранага поля

ўзрушаны грай.

Немагчыма зусім нам

У гэты абсяг не ўлюбіцца.

А ўлюбіўся –

Душой родны край падпірай.

Ні яму, ні сабе

Не давай у адхон ліхалецця

зваліцца.

У смугу даляглядаў

Свой агонь пачуцця пасылай.

Б’ецца ў грудзі гадоў,

Нібы сэрца,

Святая крыніца.

Не давай замуціць яе

Чужаку не давай, не давай!

І ніколі нідзе

Не адчуй сам сябе сіратою.

Калі лёс выпадкова

Цябе занясе за мяжу,

Хай у снах і ўяўленні

Наш кут ды прабудзе з табою,

Хай заўжды развярэдзіць

Да болю душу.

Ачышчайся

Ад смецця чужога

Вадою радзімай,

Да духоўнай крыніцы

Народа свайго прыпадай.

Хай жа будзе табе

І падмогай,

І ўцехай адзінай

Наш хваёва-пралескавы,

Свіцязанска-наднёманскі

Край!

 

Пасрэднік

 

Што зраблю, што так

Пішацца дрэнна...

Што зрабіць, каб натхненне

Прыйшло?

У душы бо няспеўна,

Няпэўна,

Снегам сцежкі мае

Замяло.

 

Што прыдумаць,

Што здзейсніць

 Такое

Між агню і халодных

Ільдзін?

Між трывогі людской

І спакою

Я стаю, як пасрэднік,

Адзін.

 

***

На схілах берагоў жыве мая душа,

На месцы тых маіх далёкіх продкаў,

Якія за душой не мелі ні граша,

Апрач рачных, не вельмі улоўных сродкаў.

Іх вока цешыў велічны абшар,

Куток накшталт біблейскага Эдзема,

Іх Нёман першабытны суцяшаў,

Як ногі голых загарэлых дзевак.

І я ад іх далёка не ўцёк,

Жывуць ува мне іх маладыя гены,

Гарыць пачуццяў сонечны касцёр,

І дрэмле не абуджаны шчэ геній.

 

Мой свет

 

Мой свет не падобен на іншы,

Няма ў ім бліскучых прыкмет.

Ля плоту здзічэлыя вішні

І дуб, як масціты паэт.

 

Стаю на ўзгорку пакатым,

А ўнізе каровы, падбел.

І выган і статак стракаты

Ўбіраю вачыма ў сябе.

 

Зарослыя поймы, буслянкі,

Пясчаныя косы ракі,

Залётныя чайкі-натхнянкі,

Лазовыя астраўкі...

 

Уздрыгне прамень на галіне.

Як лёгкі раптоўны ўспамін, -

Мой свет. Ён мяне не адкіне,

Заўсёды прызнае сваім.

 

І дубу майму тут стаяць,

І духу майму тут лунаць.

 

Гармонія

 

Ва ўсім я бачу сэнс:

У пошумах бароў,

У залатых сузор’ях

І заломах рэк,

У статках затуманеных кароў,

У тваім твары,

Добры чалавек.

 

Дзе безсэнсоўнасць,

Там ужо не Бог,

А выкід іншых

Невядомых сіл.

Глядзі, як усё дарэчы:

Гэты мох

І белы грыб,

І Наднямоння сінь.

Гармонія

Так радуе душу

І пасылае

Блаславенне нам,

І я яе

У сабе не задушу

І цёмным сілам пекла

Не аддам.

 

Астравок

 

Гэта не зачахне праз гады,

А, напэўна, будзе паўтарацца:

Астравок, як пеўнік малады,

Пачынаў з туману вылупляцца.

 

Там трава буяла і лаза,

І хадзіла рыжая карова.

І вусаты Шуста нам казаў:

- Там ляжыць загадкавае слова.

 

Залатое слова, як агонь,

Ды знайсці яго ніхто не можа.

Вось каб адкапаць калі яго,

Мелі б многа вопраткі і збожжа.

 

Мы хадзілі цераз рэчку ўброд,

Астравок ускопвалі ражнамі.

Пацяшаўся дзядзька той над намі:

Гэткі мы даверлівы народ.

 

Потым Шуста голас падаваў:

-         Наганіце, хлопцы, мне карову.

Можа, як пасохне ўся трава,

Знойдзецца загадкавае слова.

 

Праляцелі, як шпакі, гады.

Ды мяне, бы ў тыя дні нанова

Цягне ўсё на астравок, туды,

Дзе жыве няведамае слова.

 

Маме

 

Прыкукуйце, зязюлі,

Маладосць маёй маме...

Хай хоць крыху пабудзе

Вясёлай дзяўчынкай...

Скача ўпрысядкі дождж

Між старымі дубамі,

Ад яго не закрыцца

Квяцістай хусцінкай.

Па грыбы яна йшла,

Напявала пра долю,

Ды спаткала ў дарозе якраз

Навальніца.

Дзякуй, дзякуй табе,

Легкакрылае голле.

Пад табой мая мама

Змагла прыпыніцца.

Лес шумеў і стагнаў

Пад маланкай і громам.

Быццам ён заклікаў,

Ці палохаў кагосьці.

Мама вельмі любіла

Навальнічны той гоман

У гады залатыя сваёй маладосці.

Потым хмары прайшлі.

Пахлі хвоі смалою.

І да неба цягнуліся

Росныя кветкі.

А вясёлка над возерам

Звісла дугою,

Быццам з неба прыйшла

На зямлю ў адведкі.

Прыкукуйце, зязюлі,

Маладосць маёй маме,

Хай хоць крыху пабудзе

Вясёлай дзяўчынкай...

Вецер ціха размову

Заводзіць з дубамі,

Мама сонцу махае

Квяцістай хусцінкай.

 

Ля пераправы

 

Узгоркі з парыжэлаю травой,

Мігценне залатога матылька,

А побач невычэрпнай сінявой

Хвалюецца, паблісквае рака.

 

Трэ вочы мой пляменнік кулачком,

Ад шчасця зіхаціць

Хлапечы твар...

А лодка, бы пілотка,

Ўгору дном

Ляжыць, чакае:

Дзе ж той гаспадар?

 

І божыя кароўкі – у траве,

І срэбраныя рыбкі – у вадзе...

І неўзаметку з Нёманам плыве

На захад ціхі, цёплы

Летні дзень.

 

Над Гаўяй

 

Дануце Бічэль-Загнетавай

 

Я на бераг Дануты прыйшоў –

Гаўя чыстая, як паэзія,

Як празрысты імкнецца шоўк.

Мы з шафёрам прыезджыя.

 

Я не бегаў, не рос тут, не жыў,

Тут прыволле Дануты Іванаўны,

Але плоткі яе і сліжы

Ў Лебяду заплываюць прынадліва.

 

Хвалі жоўтых пясчынак на дне,

Хвалі ўпругія зверху,

Гэта, пэўна, па вашай віне

Я ў сілу паэзіі веру.

 

Ну, а там за някідкім барком

Домік ціхі Дануты стаіўся.

Пахне ён мурагом, малаком,

Дух яго з краем Нёмана зліўся.

 

Прабягуся ўздоўж вёрткай ракі,

Ля лазовых кустоў і алешын:

Ах вы, браткі мае, ах, браткі,

Краю Нёман мой – сэрцу найлепшы.

 

***

А Нёман казаў,

Што каханне не скончыцца,

Пакуль будзе сонца

На хвалях-свавольніцах.

 

А бераг угору

Імкнуў ад вады,

Дзе сойкі збівалі

З дубоў жалуды.

 

І ты падкідала

Каменьчыкі ў жмені,

Нібыта планеты

Загадкавы геній.

 

І восень стаяла

Крыштальна-празрыстай,

І ў сэрцах было

Па- нябеснаму чыста.

 

Я тут нарадзіўся і вырас...

 

Шыбуе аўтобус ля бору,

Бялее смала на ствалах,

Па дрэве вавёрку ўгору

Пагнаў перабольшаны страх.

Сарока ад хвоі да хвоі

Праносіць мянташку хваста.

Я бачу, як заяц падвоіў

Свой слых і прысеў ля куста.

Бязгучна ірдзяцца праменні,

У вочы затоеных соў,

А цені дубоў, як сумненні,

Упалі ў агонь верасоў.

І вось паказалася вёска

У засені сціплых прысад.

Гамоніць антэна з бярозкай,

Вада падступае да хат.

І сёння расказваюць людзі

Пра дзеда майго – рыбака,

Як ён для сям’і на палудзень

У печы злавіў шчупака.

Звісаюць над Нёманам вербы,

Да берагу гусі плывуць.

Я гэтым малюнкам паверыў

І з імі нідзе не парву.

Я тут нарадзіўся і вырас,

Да маці зрабіў першы крок,

І твару майго просты выраз

Падобны на гэты куток.

 

Збляны

 

Наднёманскія зблянскія ўзгоркі,

Пясок сыпучы, ракушнік, лазняк,

Падбелы сподкі і палын наш горкі

Мне падаюць найлепшы ў свеце знак.

 

Гусямі перапоўнены затокі,

Ідуць дзяўчаты ўброд цераз раку,

А хвалі каля іх у скокі-бокі,

Цалуюць ногі проста на скаку.

 

І хаты на прыгожым узвышэнні,

І купалы блакітныя царквы

Для радасці людской, а не мішэні

Для бранябойнай цёмнай галавы.

 

Навальніца

 

На вёску ноччу хмары наплылі –

І загуло, загаварыла неба,

І застагналі кроны і камлі,

Якія толькі што драмалі нема.

 

Ламаліся маланкі, як нажы,

І падалі кудысьці ўніз ля вокнаў

Альбо высвечваліся, бы крыжы,

І прападалі ў цемры валавокай.

 

А дождж струменіў і шумеў ракой,

Наводзіў на зямлі свае парадкі,

І асвятляла праз акно пакой

Маланка, як агонь электразваркі.

 

А раніцою ўсё так расцвіло:

І луг, і поле, і дубы, і хаты,

І срэбнае ад чысціні вясло,

І за рулём на трактары араты.

 

І пах асфальт патрэсканай шашы,

Трымцела поле у сузор’і нейкім.

І мне жылося ў тваёй душы,

Як жаваранку ў неабсяжным небе.

 

***

Наканавана Богам жыць

Мне на зямельцы гэтай,

Дзе салаўі ёсць і сліжы,

І здольныя паэты,

 

Дзе Нёман песціць берагі

Не ад уціску ветра,

Дзе на Вялікдзень пірагі

У дыяметры – паўметра,

 

Дзе пахне лесам і смалой,

І збажыной расістай,

Дзе свет напоўнены табой,

І ў сэрцы так празрыста.

 

Ля крынічкі

 

Расквітнела блікамі

Промняў днейка.

Асака зялёная і птушыны спеў.

Вее родным духам

Жыватворным нейкім.

Што было ў дзяцінстве,

Вабіць і цяпер.

Прыбягала сонейка,

Кроплі брала,

Частавала імі лугі, палі.

А вярба тут хусткі

Белыя вязала,

Тыя хусткі ў неба

Паплылі.

А дзяўчынкі-пырскі,

Нібы кветкі мая

У вянок з пралесак

Словы ўплялі:

“Хто ў душы крынічку

Альбо песню мае,

Той шчаслівы самы

На зямлі”.

 

***

Ад Беліцы да Бандароў

Мы пешшу ішлі ўздоўж берага

Праз лазнякі, гушчар бароў,

Разліў падбела белага.

 

У росных кветак і травы,

І ў тваіх усмешак бэзавых

Я выкупляў свае правы

На шчасце і паэзію.

 

Я станавіўся на руках.

Глядзеў, як хвалі бліскалі,

А побач пенілась рака,

Гуляла з вёрткай пліскаю.

 

***

Стары разбіты мост...

Аб ім мой успамін.

Як быццам я прырос

Да тых сівых вярбін.

 

Рачулка метры два

Усяго ў шырыню,

І вострая трава

Бадай у рост каню.

 

Адлюстраваны шпак

І жоўценькі пясок,

І між галін шчупак,

Бы кінуты брусок.

 

Наўкол шашкі ў карчах,

Дрыжыць балотны грунт.

Адсюль я жыць пачаў

І прыстань будзе тут.

 

Пастухі

 

Пачыналася раніца

З пугі

І рыкання кароў.

Паднімалі мяне

З-пад дзяругі

Карміць камароў.

Акулярка ўзначальвала

Статак,

Кіравала на луг.

Сонца бліскала ў хмарках,

Нібы ў пырніку плуг.

Намакалі бахілы

І ногі

У студзёнай расе.

Падрасталі ў полі

Патроху

Мы за пугамі

Ўсе.

 

Дома

 

Ля плоту пажаўцела крапіва,

Дубовы слуп пазелянеў ад часу.

Шукаюць ежы куры ля хлява.

... Я дома. Я аджыў адразу.

 

Пілую дровы з братам ці калю,

Ці рамантую шэрыя вароты –

Усё з такой ахвотаю раблю,

Як быццам век не ведаў я работы.

 

Любуецца ўвішнасцю маёй

Старэнькая бядовая матуля.

Ужо амаль што восемдзесят ёй,

Але ідзе з аселіцы Красуля.

 

Яе падоіць мама. Дасць паесць.

Пакліча нас на пачастунак свежы.

Прыемна мне на покуць дома сесць,

На лусты хлеб парэзаць.

Як належыць,

Гамонка л’ецца, л’ецца ціха ў нас

Пра нашы справы, пра дзяцей

І ўнукаў.

І разам з намі малако п’е час,

Такі спакойны, добры,

Без прынукаў.

 

Сярод пушчы

 

Не ведаю, ці чутна вам,

Як я іграю сярод пушчы

Гімн нашым людзям і барам.

Ці мой матыў

Не вельмі гучны?

 

Калісьці тут была вайна...

Я да зямлянкі поўз,

 Як вожык.

Магчыма, і мая струна

Камусьці сэрца ўстрывожыць.

 

***

Ці бачыў ты, як летам угары

Паволі дагараюць кветкі зорак

І як квітнеюць у рачным віры

Сузор’і акунёў, чырвонапёрак.

 

Запальвае каменьчыкі прамень

На дне ракі, бы пацеркі русалак.

Сом на калючак свой наводзіць цень

І шчупакі палохаюць малявак.

 

Звіняць на кветках сонныя чмялі,

Аздоблен кожны паласатай майкай.

Дзень пачынае абыход зямлі,

Вітаецца з паэтам і з казяўкай.

 

Люблю

 

Люблю ялін разлапістае голле

І гэту ў травах і імхах зямлю,

І вёсачку лагодную Заполле,

І Мінск з яго натоўпамі люблю.

 

Люблю мільганне твараў

І сукенак,

Вітрын, трамваеў,

Легкавых машын.

Любоў – першапачатак,

Напаследак –

Што для развагі,

А не для душы.

 

Люблю зямныя фарбы і адценні,

І позіркі дапытлівых вачэй,

І круглыя дзявочыя каленні,

І таямнічасць ліпеньскіх начэй.

 

Світанак

 

З узгорка мы глядзім на нашу вёску.

Растуць у неба белыя дымкі,

І золака чырвоную палоску

Дае світанак нам на паплаўкі.

 

Плывуць у поле росныя каровы

Спакойна, бы ільдзіны па вадзе,

А справа сівы дзед у лес па дровы

З вяроўкай і сякераю ідзе.

 

Яшчэ вятры ў Ліпічанскай пушчы

На махавых падушках ціха спяць,

Ды хмарка кучаравая, як Пушкін,

Распачала натхненне спрамяняць.

 

***

Крутыя схілы берагоў

Паміж арэшын і дубкоў,

Пясок і лапінкі травы,

І патаптаны мох сівы.

 

Сляды авечак і кароў,

І паплавы, палі, палі...

Вось тут займалася любоў

Да роднай, да сваёй зямлі.

 

Шаршні

 

Вёска ў лесе –

Хат не больш, як сорак.

Людзі –

Большасць сваякоў маіх.

Уласцівы ім і сум, і сорам,

І сумленне чыстае ў іх.

 

А за вёскай

Возера і гусі,

Карані дубовыя, карчы.

На плячо вярбы

Я абапруся –

І адчую сілу ў плячы.

 

***

Не адарваць мяне нічым

Ад гаю,

Я тут, як толькі пачынае днець:

То раўчукі ў ім пераглядаю,

Каб што прыкмеціць

На пясчаным дне,

То слухаю, як лісце лекаціць

Ад ранішняй таемнай прахалоды,

Топтушак запрашаю пагасціць

З любой нагоды ды і без нагоды.

А што рабіць?

Я пушчай ўзгадаваны,

Таму і цягне кожны дзень сюды,

Не на халодныя ільды,

Не на барханы,

Не да брыльянтаў і не да слюды.

Я не ўцякаю ад ліхіх падзей

І ад жыцця ў кусты не уцякаю.

Сілкуецца душа энергіяй надзей

Ад салаўіных песень

І ад гаю.

 

Першапачатак

 

Шлях ад ночы да дня

Самы лепшы ў жыцці.

Першы спеў салаўя,

Першы водбліск крыніц.

 

Першы стук, першы ўздых.

Прывітанне шаша!

Свежы зрок, востры слых,

Маладзее душа.

 

Першых промняў пучок

На дрыготкай вярбе.

Ля крынічкі бычок

Прагна траўку скубе.

 

Ноччу дожджык прайшоў –

Лужын выткаўся бляск.

Водар пі хоць каўшом –

Не нап’ешся ніяк.

 

Шлях ад ночы да дня,

Бы пачатак жыцця.

Паганяю каня –

Пырскі ў неба ляцяць.

 

Магніт Радзімы

 

На пляжы загарэлыя дзяўчаты

Перасыпаюць жменямі пясок.

Да кожнай з іх ідзі

Хоць сёння ў сваты,

Нагі, як кажуць не саб’еш, браток.

Прыдумал іх ні лес, ні небасхіл,

Ні гэты ветрык,

Што праплыў над намі.

Іх маці – Мальва, бацька – Дзівасіл,

А дзеці, пэўна,

Будуць Васількамі.

 

***

Я іду, дзе карчы,

Быццам ракі, глыбока

Свае ногі-кляшні

Пазасоўвалі ў глей,

Дзе лаза ахінае

Валовае вока

А да хвоі прывязан

Трухлявы вулей.

 

Сонца тут прасявае

Праменні пры ўсходзе

Праз лісцёвае сіта дубоў і бяроз,

Да гусей, часам, бусел

У госці прыходзіць,

Да кароў заглядае

Даверлівы лось.

 

Праз дзятлоў пасылаю

Свае тэлеграмы,

Сабіраю арэхі

З вавёркамі я.

Самаробны мой кошык

Сябруе з грыбамі,

А з птушынымі песнямі –

Песня мая.

 

Ад’езд

 

Дождж ачысціў ад бруду асфальт,

Каляровыя плямы мазуту

Расплыліся бы хусткі, і град

Беларускую польку выстукваў.

 

Я стаяў ля пахілай вярбы

І плашчом захінаўся ад ветра

Бачыў: птушак прымалі дубы,

Бор хваёвы – вялізнага вепра.

 

І як хлопцу пушчанскаму мне

Не хацелася ехаць у горад.

... Я аддаў свае вершы сасне,

А з сабой захапіў яе гоман.

 

***

Набрыньваў снег

Каля затокі,

І нараджалася трава.

Спяшылі з віру жыраваць

Вясной разбуджаныя плоткі.

 

І абуджалася карэнне

У прыбярэжных

Гнуткіх лоз.

На захад Нёман крыгі нёс,

І ачышчалася сумленне.

 

***

Я твой апостал, вечная прырода,

Ты мой настаўнік і суддзя цяпер.

Ніяк зямная загарода

Мяне не загародзіць ад цябе.

 

Вось гэты дуб разгалісты,

Бы з муру,

Непадуладны грому і агню,

Хіба не ўвасабляе

Тваю мудрасць,

Развагу, прастату і глыбіню?

 

Кара на ім, бы твар,

Уся ў маршчынах.

Не разгадаць яго святых задум.

Найпрыгажэйшы ў свеце цуд –

Жанчына,

А наймудрэйшы сярод дрэваў –

Дуб.

 

Дарожнае

 

Грачыны крык самотны,

Бы туман.

Ля рэчкі лісце скача, як лягушкі.

З кудлатаю авечкаю баран

Завёў раман.

Як прывіды, пастушкі.

Застылі ў чаканні белых крыл

Двугорбыя пакатыя ўзгоркі,

І жоўты жвір, бы россыпы ікры,

Залёг між траў,

Завітых у вяроўкі.

Ад ног суглінак вытру аб траву

І зноў пакрочу ў сваю дарогу,

А ўдасца – вершаў

З камянёў нарву

І прашапчу ў абшары:

- Слава Богу.

 

***

Усё у нас адно, Радзіма,

І лёс адзін, і лес адзін.

Твая шчаслівая гадзіна –

Маіх шчаслівых сто гадзін.

 

Трывожна ў свеце –

Ты ў трывозе,

І мне спакой не па душы.

Мы па адной ідзем дарозе,

Каля адной стаім мяжы.

 

***

Упала шэрань на рунь,

На траву, на імхі.

Лёг у спячку пярун

Пад завалы страхі.

 

Ні жука, ні чмяля,

Ні грыба ля сасны.

Скамянела зямля

Ў чаканні вясны.

 

***

Заснежаныя вёскі і даліны,

Пярэста-белаваты беразняк,

Ні вашы сны, ні вашы ўспаміны

Забыцца сёння не даюць ніяк.

 

Лячу з гары на адмысловых

Лыжах,

А слых палоніць ваш

Нячутны спеў,

Які дымкі над хатамі калыша,

Натхняе ветра юнага павеў.

 

Хачу абняць вас –

Малаваты рукі.

Цалую толькі ўспенены

Прастор.

Нясіце, лыжы, праз туман

Дакукі

З узгорка на ўзгорак,

З бору ў бор.

 

На вуліцы Ажэшкі

 

З нас кожны носіць у сваёй душы

Кусочкі запаветныя Радзімы.

Без іх было б нашмат маркотней жыць,

Ды і куды мы на паклон хадзілі б?

І ўмяне такі куточак ёсць –

У родным Гродні, там, дзе дом Ажэшкі,

Дзе наш універсітэт, дзе маладосць

Расквечвае ўсю вуліцу ва ўсмешкі.

Іду пад пошум старажытных ліп,

А ў сэрца л’ецца святасць

Дзён тых гонкіх,

Калі мы бушавалі тут, калі

Жылі ў моры мар і песень звонкіх.

Ой, як шкада, што сёння тут я госць,

І што сяброў сустрэць не ўдаецца...

Ды б’ецца, б’ецца ў сэрцы весялосць

І нібы зноў вучуся тут, здаецца.

 

***

Равеснікі машыны пакуплялі,

А я пасу туманы

Над ракой,

Ды перачытваю па многа раз

Купалу,

Ды птушкам прывітанні

Шлю рукой.

Вязе мяне былы мой

Аднакласнік,

Пралазлівы, вяртлявы,

Нібы вуж.

У яго душы даўно памёр той класік,

Які нясе святло

Мільёнам душ.

Я пачынаю пра лясы ды горы,

А ён мне пра калым

Ды пра рублі.

Які там Пушкін

І які там Гогаль,

Калі нажывай вочы заплылі.

Спыніся, братка,

Каля той развілкі,

Пайду лепш пешшу.

Гутаркі няма.

Мне варабей вандроўны

Лёс націўкаў,

А кій мне даў

Сумленны дзядзька

Маўр.

 

***

На схіле дня за горад выйду. Тут

Жыццё інакш ідзе – не мітусіцца,

Каровы ходзяць, і сівы пастух

На камені, нібы бацян, гняздзіцца.

 

А побач, сапраўды, стаіць бацян.

Нібы спытацца хоча ён у дзядзькі,

Ці не прынесці шчэ каму дзіця,

Каб у сельмагу разбіралі цацкі.

 

І нейкай цішай вее ад лугоў,

І яблыкі відаць за кіламетр,

І ні ў людзей,

Ні ў залатых стагоў

Ніякіх ні падвохаў,

Ні сакрэтаў.

 

***

Стаіліся стройныя ліпы

Пад ласкаю

Промняў пяшчотных

І золата воблачных ліній

Наперадзе хмарнай пяхоты.

Па што ты мядовай алеяй

З карзінкай ружовай

Лазовай,

Бы воблачкаў лёгкіх

Алені,

Па што ты?

Палонных не будзе

Ці будуць?

Лавіць іх не трэба,

Не трэба.

Куды ты – у Ліду ці Гуды?

Адкуль ты?

Мо’ з неба?

 

Крэпасць

 

Ля крэпасці каменнай пастаю,

Даверу думкі цішыні і муру,

Як вечар, вочы смуткам

Не захмуру,

Не спутаю фантазію сваю.

Ужо пайшоў у бездань белы дзень,

І цень, што зліўся

З небам і зямлёю,

Абрысы затушоўвае людзей

І сыпле старажытнаю імглою.

Прыгледжуся і ўбачу зноў

Праз час

І крыжаносцаў постаці нямыя,

І гэту крэпасць у чужых вачах,

І курганы, нібы дзяды, сівыя.

Стагоддзямі той бой былы маўчыць,

І голас Гедыміна не запісан.

Ды вобраз паўстае

І з цмяных рысак.

І ён як вобраз

Праз гады крычыць.

Адчуць яго магутным і жывым

Дазволіла абноўленая крэпасць.

І быццам бы было ўсё гэта летась.

Кроў выцвіла на язычках травы.

 

Танцуюць салдаты

 

Пад месяцам сярод стэпу

Танцуюць салдаты.

Няма ні адной дзяўчыны,

Ні клуба, ні хаты.

Цалінны свавольны вецер

Цалуе нам твары.

Танцуем на векавечным папары.

Палацы культуры і паркі

Нам сняцца ўночы.

А тут вось палаткі. Цыгаркі

І зоркі высвечваюць вочы.

Сухая трава шапаціць

Пад нагамі, як лісце.

Калісьці раскажам унукам

Пра гэта. Калісьці

Прыпомніцца лета. Сябры,

Цаліна векавая

І зорная ноч

Наўсцяж уся залатая.

 

На Іртышы

 

Здароў, Іртыш!

Ад Нёмана прымі

Гарачае, як сонца, прывітанне.

Ты быў для нас,

Як старажытны міф.

І вось яно рэальнае спатканне.

 

Пілоткамі тваю ваду

Мы п’ём

І аглядаем берагі крутыя.

Які маштаб, які размах,

Аб’ём,

Як гучна граюць пырскі

Залатыя!

 

Магутным духам вее ад цябе

І сілай неабсяжнае краіны.

Дазволь жа наглядзецца

Нам цяпер

На веліч кожнай хвалі

І страмніны.

 

Праз паўгадзіны

Хлопцаў павязуць

Машыны ў стэп,

Дзе міражы і спёка,

Ды ўсюды будзем мы

Твой голас чуць,

І час не аднясе цябе далёка.

 

Пасля палётаў

 

На зубчатыя

Голыя стромы

Ранні вечар бясшумна прысеў.

Гул турбінны аэрадрома

Пракаціўся па паласе.

 

Па-зямному прыемна пілотам

Па сцяжынцы,

Вядучай у полк,

Зноў вяртацца,

Стамлёным

З палётаў.

Удыхаць гаркаваты дымок.

 

Выйдуць з домікаў жонкі,

Як мары, -

І рассеецца шэры паўзмрок.

У пілотаў засвецяцца твары

Сам сабою

Паскорыцца крок.

 

***

З канторы, ад сухіх паперак

Я уцяку ў зялёны лес.

З усмешкай упадуць на бераг

Рачныя хвалі, блісне лешч.

 

-         Паромшчык!

Падавай мне чайку! –

Я ў дзве далоні закрычу.

І закуру сабе цыгарку,

І пяцярнёй прыгладжу чуб.

 

-         Зноў, мусіць, едзеш

Па арэхі,

Ці да дзяўчыны?

Э, маўчыш?...

- Не. Я шукаю проста рэха

Свае пушчанскае душы.

 

Карані

 

З берага пясчанага карэнне

Цягнецца, як жылы, да вады.

Стану перад ім я на калені,

Адганю сівы туман нуды.

 

Думкі так ці змогуць развівацца,

Каб прашыць, бы пласт зямлі, прастор?

Забаўкай яны – для падшыванца,

Для мяне – найпрыгажэйшы ўзор.

 

Ўсё ў іх натуральна, непадробна,

Кроў з незатухаючых агнёў.

Заначую сёння ў лесе родным,

Каб паслухаць сэрца каранёў.

 

***

Коні мае разбрыліся

Ў сцішаным полі.

Чайкі мае разляцеліся

Ў мроіве летняга дня.

Носіць мне зоркі

Рахманая ноч у прыполе.

Вецер не стукае ў дзверы,

Каб крыху трывогу суняць.

 

Памяць высвечвае сцежкі,

Дарогі, сустрэчы.

Колькі было іх

Над нашай блакітнай вадой!

Восенню песніпасею

Ў сваім наднямонскім прырэччы,

Дзесьці між Гаўяй і Шчарай,

Маўчадкай, Дзітвой, Лебядой.

 

Мабыць узыйдуць,

Мабыць, усе не загінуць.

Час усясільны,

Ды песні мацней за яго.

Раніцай золкай

За плечы сявенку закіну,

Ну, і пайду сеяць зерне

 Адборнае слоў.

 

Узыходжанне

 

Ці адужаю я гэты шлях

На высокія горы,

Ці ў бядзе спатыкнуся аб камень,

Халодны, як лёд?

І заглохнуць раптоўна на моры і ў небе маторы

І на вольных палетках,

Дзе лета настойвае мёд...

 

Ёсць жаданне ісці,

Бо вяршыня агніста палае

Беласнежным сумётам.

Ганебна на ёй не пабыць.

Хай сумненні з мяне горны вецер,

Як пыл, выбівае,

Паўстаюць ува мне

Раззлаваных пачуццяў слупы.

 

Адступаць не жадаю: ці строма, ці слізка,

Ці цяжка.

Перайду праз туман, нібы праз глухія вякі.

І няхай, нібы совы, завыюць завеі працяжна,

Хай скала, нібы конь, устае прада мной на дыбкі.

 

Дазволь не адступіцца

 

На скрыжаваннях сцежак

І дарог,

У сітуацыях незайздросных

Абарані мяне

Ад бедаў Бог,

Ад рэкіцёраў і злачынцаў розных.

Я зла ў жыцці нікому

Не зрабіў,

Не пхнуў у спіцы бліжняму

Палена.

Я нават дохлай мухі

Не забіў,

Не ўзяў нічога,

Што ляжала дрэнна.

Дазволь далей мне

Праведнікам жыць.

Я не хачу й на пядзю

Адступіцца

Ад гэтай запаветнае мяжы

Па-за якою – цёмны свет

Зласліўца.

 

***

Выказваюся так заўжды,

Як думаю.

Жыву для горкай праўды

І людзей.

Растацца згодзен

З найвялікшай сумаю,

А з ісцінай ніколі і нідзе.

 

Канечне. Прамата

Мяне прыводзіць

У асяроддзе зваднікаў

Не раз.

Ды я за светлы

І высокі поўдзень

Суровай праўды

Для цябе і вас.

 

Прасвятленне

 

Празрысты дзень,

Бы ў верасні вада,

Чапляецца дымок за тэлефонны дрот.

Хто першы руку

Сёння мне падасць,

Каму якое я зраблю дабро?

Дзень напачатку –

І ў маёй душы

Трапечуцца вясёлыя надзеі.

Яшчэ няма аварый на шашы,

Вяршацца ўсюды добрыя падзеі.

І, мне здаецца, я удзельнік іх,

І блізкіх, і далёкіх,

Што не бачна.

А як шумяць над Нёманам гаі,

Як лопае крылом па хвалях

Качка.

І неабдымнасць неба і зямлі

Мяне не як уласніка хвалюе.

Я тут, а дзесьці ружы расцвілі,

А ў Байкануры мой зямляк стартуе.

І гэта толькі радуе мяне

І прыбаўляе сілы і натхнення.

Празрыста ў полі, на пясчаным дне,

І на зямлі, і ў небе прасвятленне.

 

Дабракі

 

Нас многа,

Дабракоў, -

Амаль што паўзямлі.

І болі ўсіх вякоў

Нам сэрцы працялі.

Яшчэ бяда ў тым,

Што сотні башмакоў

Нанеслі шмат слаты

На душы дабракоў.

І ўсё-такі ў жыцця

Мы самы лепшы фонд,

Дабрак, нібы дзіця,

Не пусціць зло ў ход.

 

Да людзей

 

Іду праз гул машын,

Праз праўду і хлусню

У лес чужой душы.

А ноччу зноў прысню,

Што заблукаў у ёй,

У зараснік залез

І наталіў крывёй

Увесь дрымотны лес.

 

Ды філін пракрычаў:

“Не падай у адчай!”

І шлях я зноў пачаў

Адтуль, дзе начаваў,

Да радасце… Продолжение »