Данута Бічэль

 

Біяграфічная даведка

Нарадзілася ў вёсцы Біскупцы пад Лідай у 1937 годзе. Скончыла Гарадзенскі педінстытут. Настаўнічала. З 1982 года працуе ў Гарадзенскім гістарычна-археалагічным музеі, з 1995 года – дырэктар Музея Максіма Багдановіча ў Гародні. У 1999 звольнена. З'яўлялася старшынёй Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдала зборнікі вершаў “Дзявочае сэрца” (1961), “Перапёлкі” (1968), “Дагані на кані” (1973), “Габрынька і Габрусь” (1985), “Гараднічанка” (1993), “Снапок” (1999), “Нядзелька” (1999) і інш. За зборнік вершаў “Дзе ходзяць басанож” (1983) атрымала дзяржаўную прэмію Беларусі. Жыве ў Гародні.

 

Вершы

 

 

***

Творыць дарога

Знак Крыжа Святога –

Блізка да Бога...

 

Крышачку дыму

Аплакваць Радзіму,

Сабачку не злога

 

Каляды

 

Каляды. Пасярод начы

Ступае Божанька па снезе.

Празрысты месячык уверсе

І сагравае і маўчыць.

 

Як быццам творыцца Імша,

Імша ўрачыстая пад небам.

Хрыстовым Целам – Божым Хлебам

Святая корміцца душа.

 

Куды прапаў мой вечны страх,

Які я высмактала ў сосцы?

Згубіўся недзе ў цёмнай вёсцы

У тых заснежаных кустах.

 

Памерці, у галечы жыць –

Больш не баюся анічога.

Іду сцяжынаю да Бога.

Празрысты месячык дрыжыць.

 

Мой анёл

 

Мой Анёл на заснежанай вежы

Мне прыносіць у сны мае вершы.

Снег змятае з касцёльнае вежы,

А са снегам цярушацца вершы.

 

Узнікае світальная песня

Са святой вышыні паднябесся,

Са слязіны, з любові і з болю

Выплывае з прасоннем на волю.

 

Прыхаплюся на досвітку рана,

Шчэ сняжніца вакол не прыбрана, -

І малюся, малюся да Пана...

І малітва мне падаравана.

 

Таму мне светла

 

Шнурую словы ў шнурочак

Так посна, так нескаромна.

Таму мне светла па ночах,

Што цёмным па ночах цёмна.

 

Іду разоркай начною,

Як зорка да вадапою.

Ідзе дарога ў бяссмерце,

Але не на гэтым свеце.

 

А людзям трэба, як лепей.

Таму без людзей – мне раскоша.

Наш Ойча, які ёсць на Небе,

Свяціся Імя Тваё, Божа!

 

Пакуль натхненне цурочкам

Не радзілося ў світанне,

Шнурую словы шнурочкам –

Святой Марыі ў літанне.

 

Наведванне Прачыстай Паннай Марыяй

Святой Альжбеты

 

Ціха ішла Прачыстая Панна,

Добрай Навінаю усхвалявана,

Богам на Божую Маці абрана.

 

Праз найсвяцейшае Божае Лета

Каля гаючых садоў Назарэта.

Там сустракала Марыю Альжбета.

 

-         Благаславёная, ласкаю Поўна,

Благаславёны Плод Твайго Лона,

Добрай Навінаю Багаславёна.

 

20 стагоддзяў Маці Святая

Да бессмяроцця люд свой вяртае,

Холад, нянавісць тае і тае.

 

Да Фацімскае Божае Маці

 

Ты з намі, Маці Фацімы...

Табе квітнеюць вянкі шыпшыны,

Дзікія ружы Радзімы.

 

Сціплай Сабой любуйся

На ўсіх спрадвечных, сярэдневечных

На Аўтарах Беларусі.

 

У цудадзейнай пастаці

Ў аздобе каменьчыкаў каляровых

Студэнцкай Божае Маці.

 

Падобна нябёснай птушцы

Ты аб’явілася там на дубочку,

Тут на жыровіцкай грушцы.

 

Спыняеш Ты войны і бітвы.

Матулі Будслава і Маларыты

Табе складаюць малітвы.

 

Наш Крыж

 

Беларусь – Ефрасіння Святая,

Памаліўшыся на раздарожжы,

Павярні свае вочы да Божых –

Добры Божа Цябе прывітае.

 

Між суседзяў у цесным тунелі,

Іх увагаю Край наш стамлёны.

Мы свой Крыж зберагчы не сумелі,

І збываюцца з Крыжа праклёны.

 

Крыж быў чысты, як Божая Хвала.

На чужынцаў праклёны складала.

Абярнуліся Матчыны словы

На дзяцей непавінных галовы.

 

Захварэлі і дзеці і сёстры.

Цэлы Край боль пранізвае востры.

То ж мы Богам абраныя ўсё-ткі.

Божы гнеў, як і ласка, - салодкі.

 

Цудны

 

Цудны Каложы снапок:

Кветка і Крыж,

Цуд гэты звыш,

 

Цуд гэты вытварыў Бог,

Так чалавек

Бы не змог...

 

Залатое крыло

 

Я ў злой цемры так доўга крычала...

Злая цемра мяне знемагла...

Конь-агонь Арханёла Міхала

Падаслаў залатога крыла.

 

Мы ўзляцелі адразу ў аблокі,

Пераскочылі прорву ў два скокі,

Шар зялёны хіснуўся ўверх дном –

Конь уздыбіўся над маскалём.

 

Іду сабе да касцёла

 

Іду сабе да Касцёла,

Дарогі не выбіраю.

А крылы майго Анёла

Нясуць мяне, як да Раю.

 

Святы Францішак Ксаверы

Цямрэч прайсці дапаможа.

Дае мне Святой Вячэры

Наш Збаўца Адзіны Божа.

 

І сэрца маё не стыне.

За ціхім мястэчкам Лідай

І продкі мае ў святыя

Пасланы маёй малітвай.

 

Ці ёсць такая краіна

 

Ці ёсць такая краіна

Вось зараз, дзе ў людскай хаце

Маці выхоўвае сына,

Як Езуса Хрыстуса Маці?

 

Драгічын, Скідаль і Мядзель...

Там ёсць зацішны куточак,

Дзе аслабелыя маці

Сваіх не баяліся б дочак?

 

Астатнія людскія справы

Вершацца самі сабою.

Што даў нам Божа ласкавы,

Трымаецца толькі любоўю.

 

Паспытаўшы малітвы

 

Паспытаўшы малітвы, нябеснае манны,

Так мне добра быць з Богам,

Які ўкрыжаваны...

 

Абмінуўшы знявагі, падножкі, падманы,

Так мне добра быць з Богам,

Які ўкрыжаваны...

 

Узыходзіць штоноч, уваскрэснуць шторанак.

Распачаць, не закончыць,

Не думаць – прайграна.

 

Беларусь-дзяўчынка

 

Беларусь – ты дзяўчынка-падлетак,

Вытры з вочак зялёныя слёзы

Ды бяжы праз квяцісты палетак,

Кліча Божа цябе на нябёсы.

 

Зачыні свае даўнія страхі,

Хай галоднымі курчацца ў склепе.

Панясуць цябе вольныя птахі,

Груганы цябе тут не зачэпяць.

 

Будзеш правіць сваёю зямелькай,

Шанаваць цябе будуць сястрычкі.

Будзеш Богу святою нядзелькай

Шнураваць на нагах чаравічкі.

 

Анёлы Гародні

 

Сяджу перад Фарным касцёлам

Пры Богу на лаўцы.

Гародня віруе наўкола

На пляцы.

 

Стараецца час незваротны.

Яму не належаць

Анёлы спрадвечнай Гародні

На вежах.

 

І выгнаны з дому сабачка

І люд гэты просты...

І я і пад Крыжам жабрачка –

Мы сёстры...

 

Але прыбядняцца чаго там!

Мая гэта лаўка.

Звініць ва мне боская нота

І ласка.

 

У карагодзе хмарак і анёлаў

 

У карагодзе хмарак і Анёлаў

Сусвет трымае белы Галубок,

А Галубку даў гэту сілу Бог.

 

Давайце заспяваем са Святымі!

Няхай на крылах Галубок падыме

Наш Край з дрыгвы і да нябёсных брам

Па той дарозе у высокі Божы Храм.

 

Я нарвала ў даліне лотаці

 

Я нарвала ў даліне лотаці,

Я схадзіла нашча да споведзі...

Мне захрас у сэрданьку нож.

Паляцела, сабраўшы сілачкі,

На спатканне з душой Максімавай

У блакіт нябёс басанож...

 

Заслужыла я смерць раптоўную

Ціхай песняю малітоўнаю

Расплацілася за спакой.

 

Дык прыміце душачку ўбогую,

Маю душачку басаногую,

Божа мой і Паэце мой!

 

Басанож

 

Шэрыя туфлі з абцасамі

Адхапіла за маркі.

Па каменьчыках бегла.

Можна бегчы за хмаркі

Да Максіма, да мамачкі,

Прыхапіўшы мядзяны грош.

 

Але пчолкі ды ластаўкі

І туды лятуць басанож.

 

Адпусціце самотную!

А туды не ходзяць пад ручкі

Абразок папяровы

Пакладзіце ў халодныя рукі.

Адпусціце ў бязмеж

Вечаровай цішы і ценю.

Хай паколюцца мае; ножанькі

Аб святое райскае церне.

 

Тут, сярод вас

 

Сумны гасцінец прылёг

На зялёным каберцы.

Тут усёй вёскі мінулае,

Як на паперцы.

Сосны.

Маўклівыя вочы.

Маўклівыя сэрцы.

 

Божы Анёлак, Адам і Франуся,

Вінцук і Кастуся!

Вы не пазналі?

А я ж – ваша ўнучка Дануся.

 

Тут, сярод  вас,

Анічогачкі ўжо не баюся.

 

***

Калі паміж мною і Духам Святым

Ніякая моц не паўстане,

Тады не збірайце з лісточкаў вады,

Тады не марнуйце світанне.

 

Калі ж і да сноў, дзе спачыла любоў,

Прасочыцца божае слова,

Тады сапраўды пазбіраемся зноў

На Светлае Свята Хрыстова.

 

Край

 

Край, які я маю,

Не заснуў, а дрэмле.

З ім уваскрасаю

Ў лісцейку, у дрэве.

 

Над жывой зямліцай

Чыста неба стрэшка.

Зорка – зараніца,

Хлопчыкава ўсмешка.

 

Андрэй

 

Пад апекай Святога Андрэя

Неба зорнае ймя тваё грэе,

Ды збірайся, збірай нас, Андрэй, -

Разагнаць і вучыць трэба дрэнь.

 

Багацеем, дабрэем, мудрэем.

Мы сябруем з прыгожым Андрэем

Падужэем, разбудзім, хто дрых,

Вырвем дрын ды пагрэем мы іх.

 

Замова

 

Цвіце лілея,

А на далоні

Цвіце маленькі

Сынок Антонік.

 

У зорнай тоні

Цвіце лілея.

Святы Антоні

Цябе сагрэе.

 

То вецер стогне,

То ён, бяздомнік.

То Хвора тоне.

Вітай, Антонік!

 

Расці прыгожы,

Анёлак Божы!

Расці вясёлы,

З табой Анёлы.

 

Мае дарагія

 

Унук маленькі, ты прыбыў здалёк,

Пераадолеў і нябыт і змрок,

І закрычаў галосна, як гармонік.

 

Пабольшала прыгожая сям’я

І як малітва, Божае імя,

І тата так назваў яго – Антонік.

 

А на карцінах мамы маладой

Стаіць прыгожы горад над вадой

А мама ў ім дамы перастаўляе –

 

Так, як на кухне міскі і гаршкі,

Даў Бог ёй свет парадкаваць такі

Дзе Стасік і Антон, яе сынкі...

 

А іх сабачка каля іх гуляе.

 

Стаськавы канікулы

 

Стаська носіцца на веліку без рук,

Ён гарэзліваму ветрыку сябрук.

Ён нірванай прыглушыў канікул дні.

Стаська – лідэр у мясцовай валтузні.

 

Ён пакуль што не тутэйшы брыгадзір,

Але вуліцу займае на ўсю шыр.

Тут, у Біскупцах, у Стаські сваякі.

Стаська сэрца мае насцеж, ён такі.

 

Стаська ведае даўно: ягоны дзед

Тут на ўнукаў працаваў менталітэт...

Ён заходзіць да ўсіх чыста, але Том

Лепш схаваецца за Боцманам крадком.

 

Боцман-Шарык – то бабулі Рэні друг,

Але Рэня навязала на ланцуг.

А калі сарвецца з прывязі, о-ей,

Душыць Шарык куранят ды і курэй.

 

Том і Боцман хлебчуць возера да дна.

Тут і Стаська батэрфляем іх дагнаў...

З Гродна тата прыкаціў на ВМЖ.

- Ну, і як прабегла лета? – так сабе.

 

Дом

 

Плагіят паводле Стаські Ільіна

 

Па рацэ плыве паром,

Там гамора і садом.

Над ракой прыгожы дом

З новай лесвіцай вінтом,

І з багаццем, і з дабром,

І з двайным дубовым дном,

За якім трымаюць ром.

Збудаваў яго газпром,

Але, кажуць, што гарбом.

 

Нешта паляць там агнём.

Нейкі трунак п’юць нагбом.

Нешта пішуць там пяром

То на сценках, то ў альбом.

 

Нешта чэрпаюць вядром,

Нешта ловяць там багром,

Нешта носяць там мяшком.

Нешта мераюць гаршком.

 

Дом вартуе Рыжы Том

І ў басейне рыба сом.

Тут раптоўна грымнуў гром

З бурай, градам і дажджом...

 

І з усіх высокіх стром

Сын старэйшы, Рыжы Том,

Бацька, маці з малышом

І кароўка з малаком,

З добрым сыценькім бычком,

І кабылка з жарабком,

 

Нават гуска з гусаком,

Нават свінка з парсючком

Ў дом хаваюцца, і дом

Не куляецца ўверх дном...

 

Толькі ў сажалцы хвастом

Плюхнуў сом. Плыве паром.

 

Бом...

 

Замест запавету

 

Мы адбіваемся адно ў адным.

Ён пачынае жыць, а я канчаю,

І клуначак расстанняў за плячамі.

Мой даўні страх развееўся, як дым...

А Стаська і не ведае аб тым.

 

Нібы спрадвеку, пойдзем нацянькі

Мы поруч – хоць у розныя бакі...

Ён добры, смелы, дужы, гаваркі.

Я слухаю, таму што час такі.

 

Любі, Стасюк, спрадвечную раку!

Натоліць смагу рыбцы і катку

І выб’е рытмы – Нёман, бы скакун.

З абрысамі барока і мадэрну

Наш горад вечна будзе табе верным.

 

Не бойся адзіноты анідзе.

Не адзінокі ты – з табою продкі:

Тут цені Каліноўскага і Цёткі.

Пра іх штодзённа помні, не на ўгодкі.

За рукі ўзяўшыся,

Ты ўверх, я ўніз – хадзем!

 

Размова з найменшым унукам,

Які пабыў тут некалькі гадзін

 

Часам з кватэры з малітваю вылету,

Злётаю ў зоркі без перашкоды.

-         З мёртвых паўстану, але не вырасту,

Буду я ўнучкам найменшым заўсёды.

 

-         Хто ж твае кволыя ручанькі гладзіць?

Ліст напісаць мне аловачак вострыць?

-         Сон мой калышуць дзядуля і прадзед.

Носяць паэткі, бабуліны сёстры.

 

Божа, збяры нас

 

Бацька ў шыхты за Пілсудскім паспеў

Дзядзька за іх у ГУЛАГУ гібеў.

Свёкар занёс свае косці пад Ржэў.

Муж тут з хваробамі біўся, як леў.

 

Нёман ізноў тут ляжыць, як у сне.

Хутка ізноў тут вайна палыхне.

Сын мой, не йдзі на вайну без мяне.

Божа, збяры нас на гэтай вайне.

 

Бальсан

 

Нядзелькай светлаю хадзіла,

Бальсан, сармацкае кадзіла,

Казельчыкі, каціну мяту

Сушыць закідвала на мату.

 

Падол андарака каляны,

Прапахлы ў кропе, у каляндры,

Трапаўся, да ўсяго быў падкі,

Ніколі не драмалі складкі.

 

Бальсан, сармацкае кадзіла...

Начнога жаўранка будзіла,

Сунічкі вуснамі спяліла.

Супольна з Богам дзень бяліла.

 

Мама і тата

 

Ах, мае сонейкі – мама і тата!

Я нарадзілася, я вінавата.

Грэлі сабой у гняздзечку пасцелі,

Бо пачалі мяне, а не хацелі.

 

Хвароба

 

Мілы лекар, пакіньце, малю:

Неспакою не зняць даланёю.

Называюць хваробу маю

Па-вясковаму ў нас дабрынёю.

 

Ад хранічнай хваробы дурной

Непаладкі, турботы і беды.

Ёю мучыцца род наш даўно –

Ад прапрадзеда-дзеда.

 

Пра бабуляў маіх не пытай –

І па маці і ў бацькавым родзе

Маладымі спяшаліся ў рай

З невылечнай даброці.

 

Тут усе гэтак – сват і сусед –

Палюбоўна ядуць сябе самі.

Буду жыць, аж пакуль на той свет,

І паціху лячыцца слязамі.

 

25 сакавіка

 

Хлопчыкі падпальваюць салому,

Хай гнілое паліцца, гарыць.

Выбраўся на золку з буралому

Наш мядзведзь, заспаны і стары.

 

Не расчэсваюць дзяўчаты косаў,

Не гатуюць ежы на агні.

На ўраджай арэхаў у нябёсаў

Просяць “дожджык, дождык, секані?”

 

Некалі звіла гняздо зязюля,

Знішчыла зязюліну сям’ю.

Потым наш урад на беспрытулле

Заснаваў рэспубліку сваю...

 

Звеставанне – светлае здарэнне,

Буслікаў вяртанне і надзей.

Нібы сонейка, сястрыца Рэня

Асвяціла хатку ў гэты дзень.

 

Звеставанне – Божае пасланне

Арханёл Марыі абвясціў.

Будзе ў нас Хрыстова Звеставанне,

Толькі папасціцца трэба ўсім.

 

Працярэблівацца

 

Працярэблівацца разоркамі вузенькімі –

Ад козыта каласоў не бароніць сарочка.

Мераць шчасце сваё вусікамі

І барадавачкамі гурочка.

 

На басэтлях гарбузоў, што на плоце павіслі,

Падбіраць сабе ноты.

Захмялець ад костачкі спелай вішні.

Захмялець ад ясноты.

 

Толькі вуснамі, як ліпнёвае сонца,

Вымаўляецца цёплае слоўца.

А яшчэ не выспалася галава,

Пабягу, каб Нёман пацалаваў.

 

А каля нашай на хвасце сарочыным хаткі

Певень пасе па аўсе курапаткі.

А журавель нашай студні крылаты.

За крутымі пагоркамі

Ўсе нашы страты.

 

Ранак

 

На сівое

Соннае балота

Ціха апускаецца яснота.

Сонца не ўзышло, а разлілося,

Будзіць сонца соннае калоссе.

 

Нехта добры, хто пануе цішай,

Нехта дужы гэты свет калыша,

Нехта цішу цэдзіць

Млявай жменяй,

Меней,

Меней.

 

Пастушок

 

Там, за птушынай дубровай,

Туман ручаінкі прадуць.

Бусел адпасвіў каровак

І снедае сам на хаду.

 

Спіць на цяньку пестунок,

Добрага бусла сынок,

Ногі стаміў па расе.

Бусел і хлопца пасе.

 

Сонечны дождж

 

Сонечны дождж на зямлю не трапляе,

Слізгаецца па лістоце, як смоўж.

Зрэдку краплістая кропля страляе.

Сонейка свеціць, стамляецца дождж.

 

Так бы й застацца галінкай зялёнай

Тут, дзе прамень між галінак завіс.

Тут і стагоддзі губляюцца ў кронах,

Не ападаючы з лісцем уніз.

 

Дожджык сляпы... І я вочы заплюшчу,

Як лесавінка, схаваюся ў мох

Ды назаўсёды ўвасоблюся ў пушчу,

З ёй уздыхну: сцеражы мяне, Бог...

 

Нечага

 

Нечага,

Што чысцей, чым слязіна жывічкі,

Ад цямна

Пакуль сонейка ўстане

Нечага шукала, прамачыла чаравічкі...

А чаго?

І не снілася зрання.

 

Каля прызбы цвіце гардавіца –

І высокая і ружовая.

А шчарбатае церла відук перажоўвае.

А сумота ў вачах дваіцца.

 

Як з горкі да горкі

Празрысты туман

Прасейвае зоркі –

Такі ў мяне стан...

Ад здзіўлення да неіснення.

Як рыканне і гон аленя.

 

Тры жураўкі

 

Самотныя тры жураўкі

Пасярод спалавелай атаўкі

Пілі сырадой раўка

Каля вёскі Ярылаўка.

 

Гарлякі, як жалейкі, пілі.

Крыламі ўзбівалі палі,

Як падушку ўзбівае маці...

Спінка далечы шэрай масці

Стракацела, злівалася з пожняй

Ад нябёс да даліны парожняй.

 

Таямніча, адчужана, родна,

Мімалётна і безвыходна.

Бегчы згэтуль, карку на злом?

Ці схавацца пад шэрым крылом?

 

Беларусі камяк даўкі.

Не ўляглася з дзявоцтва спазма.

Шыя нівы. Ссівелая пасма

Крылаў сажалкі...

Тры жураўкі.

 

Восень

 

Вяжу сукенку на жыццё або на смерць.

Пакуль жывая, тоіцца надзея,

Што нехта на мяне яе надзене.

Шчэ сіла ёсць самой сябе раздзець.

 

Пашлі адсюль ніякія сябры.

Смерць не прыходзіць –

Ёй кутка не маю.

У тым гаі галінак наламаю.

Хай на памінку шэпчуцца вятры.

 

Хапала ўлетку горкай смакаты,

Дзён-пустацветаў, выдуманай цноты

Бяссоннай, беспатольнай адзіноты.

 

Тут пастаю пад Абразом святым.

 

Ну, хопіць мне

 

Ну, хопіць мне прыкідвацца дурніцаю!

Нару змяніла.

Там застаўся страх.

Прывыкла абыходзіцца драбніцаю.

Каб толькі рукі не трымаць па швах.

 

Вам трэба гнуць мяне галінкай ніцаю,

Упартай школьніцай у кут стаўляць.

Глядзець,

Нібы сталіца на правінцыю.

 

Абы пра што,

Але паразмаўляць.

 

Не хачу спачування

 

З дубу клёпкі, кляновае дзенца

Не ўтрымаюць сярэбраны страх.

Шнур, што чэрпаў з прадоння, парвецца

Паляціць у нябёсы, бы птах...

 

Не хачу спачування і жалю –

Пад нябёсаў спрадвечную столь

Проста з сумнага тлумнага балю

Знікнуць з гонарам, Божа, дазволь.

 

Конік гняды ў яблыкі

Наворвае бульбачку,

Якую капаю,

Якую не садзіла...

 

Думаю: - Божа мой, Божа!

Дні прападаюць у сне.

Як бы жыла я прыгожа!

Конік вазіў бы мяне.

 

Як жа ты там да відзэнька

Зоркі згрызаеш з расы?

Косю мой, косю гнядзенькі.

Згрыз ты мае дзве слязы.

 

На здратаваным гасцінцы

Каля халодных магіл

Яблыкі ў косі на спінцы

Хай не закоцяцца ў пыл.

 

Лепшую долю з-пад пылу

Выцягнуць можна было б...

Косю ты косю, мой мілы,

Цёплыя губы і лоб.

 

Сніцца мне хата

 

Сніцца мне хатка,

Нізкі парожак.

Бог не застрэміць

Стомленых ножак.

 

Лапкі там грэе

Бонка старая,

Тая, што ў раі

Кветкі збірае.

 

Сонейка ў поўдзень

Ткнецца да клямкі –

Сонныя вочы,

Носік у плямкі.

 

Нейкі вандровец

Глядзіць вінавата.

Твар не паголены.

Гэта ж мой тата.

 

Я дома

 

З вамі я, людзі.

Вецер у коміне закалыхае,

Разбудзіць.

 

Мне ўсё пра вас,

Вам пра мяне ўсё вядома.

Бор абнімае шэрае поле –

Я дома.

 

Вольная, нібы душа.

Лёгкая, нібы аблокі.

Самотная, нібы прастор вадаёма...

Па затаптанай сцяжыне

Ідзе сабе цень мой далёкі.

З людам звязаная крэўнымі вязкамі –

Дома.

 

Самай сардэчнаю песняй

Са мной хлевушок мой рохкае.

Вочы цяплом затуманены –

Я тут пры маме.

Адпусціла ў грудзях

Заскарузлае, чэрствае, крохкае.

Абняла Беларусь. Запаланіла.

Трымае.

 

Краю мой Нёман

 

Край мой – світанне,

Нёманам выплыў з цямрэчы,

Ты на калені не станеш –

Мудры і вечны.

 

Хай сабе плача рагоз,

Хай сабе плачуць рабіны.

Край чыстых слёз

З Нёмана да дамавіны.

 

Добрыя сэрцы

Ледзьве трываюць ад здрады.

Добрыя сенцы

Адчыняюцца словамі праўды...

Неба сагнуў у дугу

Зрок бліскавіц тваіх востры.

Бурай дыхнуць на бягу

Нёмана конскія ноздры.

 

Стромай над вірам

Стану, любоўю замглёна

Выбрала вырай

І адлягу ў тваё лона...

 

Муляж

 

У зашклёнай вітрыне

Муляж Скарынавай Кнігі.

Скарына дамоў не вярнуўся.

 

Васіль Быкаў малюе лодку

Вясной на беразе Нёмана

 

Там лёд расстрэсвае вясна.

Чакаем добрую паводку.

Ужо Васіль малюе лодку,

Прыбег на Нёман давідна.

 

Ён выдаў кнігу не адну,

Адзін, як Нёман, задумёны.

Над імі каркаюць вароны,

Чытае свет яго вайну.

 

А тут не свет, а блізкі свет.

Усіх бы тут пазамяталі,

Тут не ў пашане божы талент,

Людзей не любіць самаед.

 

Мазгі праела ім іржа,

Таму тут кожны свойскі хлопец

Задушыць Быкава і ўтопіць,

Прыб’е цвікамі да Крыжа.

 

Сталіца кліча не адна,

Шануе геніяў Еўропа.

Даесць і Быкава хвароба,

Праходзіць тут яго вайна.

 

Сярод здзічэлых воўчых зграй

Тварыць, гібець, як небараку,

Усё жыццё ісці ў атаку

І паміраць за родны Край.

 

Цётка

 

Цётка...

Як песні зваротка...

Як песні радочак...

Паеду да Цёткі –

Плямянніца ўсё-ткі,

Займу свой куточак.

 

Стагоддзя пачатак.

Не людзі, а статак,

Ніякія мэты.

А нейкі дзесятак

Мужчын і дзяўчатак

Даюць ім газеты.

 

Чытанне для дзетак.

Навукі палетак.

Сяброўскія складкі.

Заглянула сонца

І ў наша аконца –

Няма ні дзіцяткі...

 

Народы-суседзі

У шчырай бяседзе,

У вольнай пастаці.

А дзе ж наш народзе?

А Цётка не родзіць,

А Цётка не маці.

 

Вусаты, хвастаты

І ўсе супастаты

Заходзяцца лаем.

І школьнай граматыкі

Правілы маем,

А мовы не маем.

 

Няўжо ты, араты,

Зямлі сваёй страты

Не здольны прыкмеціць?

А душачка Цёткі,

Бы промень зіхоткі,

Усё яшчэ свеціць.

 

У светлай краіне

 

У самотнай, у светлай краіне, -

Не даехаць тутэйшай дзяўчыне,-

Там, у Ялце, душа Яго стыне.

 

Дай жа, Божа, Паэту Максіму

Ў Божым садзе цяпло і радзіму,

Дапусці да Прачыстага Ліку.

 

Дапусці да Прачыстага Ліку

І паэтак Ларысу, Людвіку,

Алаізу і Вераніку.

 

Ялта, 25 мая

 

У Ялце заўсёды свята.

І Ялта не вінавата.

 

Блакітнае чорна мора

Не гоіць Паэтава гора.

 

Падушка зліта крывёю.

Не цешыць радок прыбою.

 

Анёлы-чаіцы-плачкі.

Мора не ведае спячкі

 

Мора прачыста ўздыхае.

Ніхто мяне не кахае.

 

Ляцела кроў, запяклася.

Душа ў бары засталася

 

Каля курганаў і вежаў...

О, белае крылле вершаў!

 

Няхай узыйдуць і сняцца!

25 і 5 і 15.

 

Ценям Касцюшкі

Светлай памяці

Мацея Юзафа Канановіча

 

Цень Марачоўшчынскай

Сведкі-таполі

З ценем Касцюшкі

Сустрэўся ў полі.

 

Паразмаўлялі.

Кліча іх зноў

Кракаў, прытулак

Вечных іх сноў...

 

Перад заходам

Сонца прысядзе

На камень шэры

Ў Агінскага садзе.

 

А ў самы поўдзень

Пагладзіць з нябёс

Той панадворак

Дзе хлопчык узрос...

 

Стаў генералам

Божага войска,

Белым Анёлам

З-за Падароска

 

Чараўнік

Янку Брылю

Вясной на ранку

Грэла сонца ярка.

Сустрэўся чараўнік тутэйшы Янка.

У рукі пужку,

Пад ногі – сцежку,

Абмытую ў халодную расу.

Паслаў за статкам

Дзяўчыну-смешку.

-         Пільнуй, не пагубляй...

І я пасу.

 

Замовы чарадзейства не змарную.

Ні слоўка не аддам у зубы воўку.

А Янка за руку, нібы малую,

Вядзе...

І статак не спускае з вока.

 

У Гародні вясною

З Валодзем Караткевічам

 

А прывёз самалёт Валодзю

У Гародню, нібы ў санаторый.

І мы сустракаліся з ім,

Дзе пачынаўся Баторый.

 

Не варухнуліся сфінксы

На варотах Аўгуста Трэцяга.

Сустракаліся і размаўлялі

На руінах муроў, на хрыбеціне.

 

А з бессмяротных стагоддзяў

Зарыкаў не забіты тур.

Ланцуг крыжакоў прыходзіў –

Іх у Нёман адкінуў мур.

 

У касцёле нашым Апосталы

Нас прымалі ў святы свой рад.

Да Святога з Вечнаю Кнігай

Быў падобны Валодзя, мой Брат.

 

Арэшка

 

З-пад яснага блакітнага застрэшка

Спускаўся, каб пастрашыць, павучок,

Як да людзей выходзіла Арэшка,

З-пад Скідаля шляхетнае дзяўчо...

 

Абцасік модны маладой Элізы

Драўляных ходнікаў кранаўся ледзь,

Аж галубы ўзляталі на карнізы,

Аж хлопцы выбягалі паглядзець...

 

Варшаўскі свет не раскусіў Арэшку –

Якой зямлі была яна дачка.

Так рызыкоўна стала на сумежку.

На градку пасадзіла Бурачка.

 

Божыя птушкі

 

Вочы на вулках Гародні на брук уцякаюць.

Злізвае камень слязіны, але не зацвіў.

Галкі ў чародку сваю не сваіх не прымаюць.

Брукі паэтак не маюць – паэткі ад ніў.

 

Божыя птушкі начныя – паэткі-спявачкі,

Ноччу палююць на словы іх вочы савы.

Словы плятуць у вянкі на магілкі, як плачкі.

Край здзірванеў, бы магілы паэтак жывых.

 

Наш горад

 

Пахіснуўся мой горад і ўправа і ўлева.

А пілуюць мяне, нібы дрэва.

Заварылі атруту і ставяць да кавы.

У мяне тут згарнуліся справы.

 

І малітву на мове зальюць і аспрэчаць,

І падножку – і вострым у плечы...

І адзіны забыты і праведны Божа

Мне да дому дайсці дапаможа.

 

А дачка мая горад сабе збудавала –

Збудавала альтанкі і лаўкі.

І дамоў – самы раз, і людзей – сама мала,

І аблокі цвітуць, бы імшалкі.

 

А дзядоў, што блукаюць, як духі, як страхі,

Да катоў пасадзіла на дахі.

А дзяўчаткі, што носяць у сумачках мроі,

Так іскачуць у добрым настроі.

 

Замалёвачка

 

Гэты горад быў свой і ніякі.

Ведаў праўду і бачыў хлусню.

Шантрапу падкупілі палякі,

Пазбіралі сваю вескаўню.

 

Забіваць з-за вугла будуць доўга

І нацкоўваць галодных сабак.

Выйдзе горад на пляцы натоўпам

Балабоніць пра ўсё і ўсяляк,

 

Прападзе, хто валяўся пад плотам,

Хто набраўся, як яма пяску.

А заселіцца горад народам,

Пацалуе Дануце руку.

 

Празарокі

Светлай памяці Тамары Чабан

 

За Нараччу вёска стаіць Празарокі.

Жывуць там касцы і паэты-прарокі.

Жыла там Тамара, мой крытык празоры

Аб ёй мая памяць, бы ў Краі азёры...

 

У тых Празароках матуля Тамары

Па звычцы штодзённа запальвае ў печы.

І я тут кручуся, як вецер з-пад хмары.

І вершы складаю ў халоднай сінечы.

 

Смяялася:

-         Крытык я твой кішанковы...

Хацела бы смерцю ўвесь свет не азмрочыць.

 

Выцягвае памяць банальныя словы,

Сардэчныя струны...

Тамарыны вочы...

 

Неглюбскі строй

Неглюбскі строй аздабляе

Жанчыну як сусвет

Хусцінка з наміткаю – сонца

З месяцам русым касы.

Зоркі-пацёркі і кікіцы –

У паяску кутасы.

 

Белае неба кашулі

Крыжам ад шыі да ног

Узорам ахоўных мядзведзяў

Зачаравана па швох.

 

Перажагнаная тройчы,

Каб не склялі, не ўраклі,

Кврацястае мора панёвы

Падвязана паскам зямлі.

 

Гэта ў галактыках цёмных

Светлая зорка ўзышла.

Толькі да Бога ў падданства

Рукі жанчына ўзняла.

 

Цёплай вясновай нядзелькай,

Ўзброена ў неглюбскі строй,

Выйшла святая Надзейка,

Збаўлена чыстай красой.

 

Сімяон Полацкі

 

Жыў-быў паэта, малітве адданы.

Ціхі манах, міласэрдзем гарэў.

Ды закавалі Паэта ў кайданы.

Скутым павезлі ў Масковію ў хлеў.

 

Там вершатворцам служыў пад наглядам

Мовай чужою, ды сэрцам сваім.

Потым прапаў ён з усім маестатам:

Вершы – у пыле, а слава – як дым.

 

Шмат пераездаў такіх адбылося.

Любяць служыць маскалям крывічы.

Лепей Паэту спаліцца на стосе,

Песню Радзіме адной пеючы.

 

Але ўжо

 

Маладыя кавалеры

Ціха ладзяць інструменты –

Скрыпкі, флейты і сякеры,

Косы, пікі і багнэты,

 

Шчэ манкуртаў дахалеры.

Спяць ізгоі, інсургенты.

Шчэ няма ніякай веры.

Шчэ далёка давідна...

 

Але ўжо ў начной прасторы,

Бледным месяцам затканай,

Стукачыць, імчыць палянай

Прывід волі – конь буланы.

 

Да душы даходзіць чутка,

Незалежнасці пабудка:

Хутка, хутка, хутка, хутка,

Хутка буду я адна.

 

Ды са мною Матка Боска.

Абмініце дом наш, хлусы!

Калі толькі на імгненне

Не заснём апошні раз, -

 

За табою пойдзе войска

Незалежнай Беларусі.

Выйграць, выйграць, выйграць мусім,

А інакш не будзе нас.

 

Ноч стагодняя мінула,

Сонца межы адамкнула,

З трэскам, грукатам і гулам

Час паплыў, бы ў мора лёд.

 

Ты выходзіш на змаганне

У засмужанае ранне,

За табой вясны дыханне,

Мой абуджаны народ.

 

***

Сэрца сціскаецца лёгка

У прадчуванні расстання.

Сябра паедзе далёка.

Зноў не засну да світання.

 

Неяк не пішуцца вершы

І не матаюцца ніткі.

Стаў ён табе найраднейшы,

Свой без ніякае скідкі.

 

Неяк трапляюць на вочы

Кніжкі, лісточкі, дарункі.

Нашы размовы з паўночы.

Дужыя сябравы рукі.

 

Як яму бавіцца сёння?

З ветрам не грукае ў сенцы.

Сцішыўся ў стомленым сэрцы

Між успамінаў асенніх.

 

Сяброўства

 

Сябраваць хацела з табой,

Нібы ўлетку расінка з травой.

Ты таксама сябруеш са мной,

Як сабака з балокай малой.

 

А вялікі сабака не дзеліць

Свой барыш з некім напапалам.

У яго нехта косткай пацэліць –

Ён згрызе сваю костку і сам.

 

А вялікі сабака не мае

Кожны дзень шмат касцей за душой.

Пашанцуе – ён шмат напаткае,

То падзеліцца з сучкай чужой.

 

Сініца

 

Месячык светла гарэў

У светлазорнай старонцы.

Ткала сініца красёнцы,

Шчыглік ёй ручанькі грэў.

 

Ветрык ёй вочы гаіў –

Вочы ад працы балелі.

Ткала сувой на арэлі,

Гожы маленства наіў.

 

Пеўні вялі на прастор,

Градам бялілі аснову,

Песні бяссоннай абнову...

Шчырасць – адзін яе ўбор.

 

Сцежку сную ад вады.

Ніткі пакручаны ў долі.

Я не шукаю патолі.

Сціснуты вусны заўжды.

 

Асенні экспромт

 

Ападае з клёну

Залатое лісце.

Са свайго палону

Клён шукае выйсце.

 

Я збяру, што маю,

Ды пайду па Краю.

На глухія вулкі

Голас маю гулкі.

 

Зорак надта многа,

Асабліва ўночы.

Цесна каля Бога

Ды палякі хочуць...

 

Дзе ж мне месца выбраць,

Каб заняць стагоддзе?

Вырай, вырай, вырай

Паляцеў на поўдзень.

 

Наш край

 

Тут, у нашым родным Краі,

Не баімся воўчай зграі.

Злая сіла кыш у мох.

З намі Нёман, з намі Бог.

 

Мы не можам жыць без Краю.

Мы не можам – хата з кр

Конструктор сайтов - uCoz