Ніна Тарас

 

Біяграфічная даведка

 Нарадзілася 15.05.1916 г. у вёсцы Заполле Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучылася ў Наваградскай беларускай гімназіі (1930-1934), затым у Віленскай (скончыла ў 1936). Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху. У 1937 г. вярнулася ў родную вёску, у 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». У 1942-1944 гг. - сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М.Кірава і партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. Зноў працавала ў райгазеце «Уперад» (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты «Звязда» ў Менску. У 1957 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыла ў Менску. Сябра СП СССР з 1940 г. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Выступаць у друку пачала з 1936 г. Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы...» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбранае, 1958), «Пад белым яварам» (выбранае, 1966), «У тапаліную замець» (вершы і паэма, 1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). Памярла 12 снежня 2006 года.

 

Вершы

 

На ўсход ідучы

 

Шумелі, шумелі бярозанькі ў гаю

Удзень і ўначы.

У іх я пра шчасце сваё запытаю,

Удаль ідучы.

Скажыце, ёсць многа дарог і сцяжынак

Між ніў і гаёў, -

Якою сягоння ісці я павінна

Па шчасце сваё?

Шумелі, шумелі бярозанькі ў гаі

Удзень і ўначы:

-         Дарогу да шчасця ты знойдзеш у краі,

На ўсход ідучы.

Скажыця, ёсць песні, як сонная восень,

Як сум салаўя,

І ціха-журботныя песні калоссяў, -

Якую пяяць?

Не тую, што ціха шуміць на палетках

Тугою-журбой, -

Спявай, што у маршы спяваюць сусветным,

Выходзячы ў бой.

Шумелі, шумелі бярозанькі ў гаі

Да позняй начы...

Знайшла я і песню, і долю ў краі,

На ўсход ідучы.

1940

 

Вясна

 

Лёгка ўздыхнулі у полі вятры,

Сонца ясней узышло, як учора.

Жаўранак недзе у хмарах разліў

Звонкае гора.

 

За баразною ішоў аратай,

Ціха на коніка нукаў;

Можа, й не цяжка – а неяк спіна

Гнулася крукам.

 

Думаў пра хату,што хлеба няма –

Дзеткі абедаць паселі...

Маці на пальцах худых да жніва

Лічыць нядзелі.

 

Не сумавалі, здаецца, цяпер

За пустой міскай чацвёра...

Мо грэла сонца у вокны ясней,

Лепш, як учора.

1937

 

Развіталіся

 

Развіталіся, вёска, з табой.

Эх, жыццё, думы-песні парваныя!

Будзеш казкай драмаць ты зімой,

Мне ж – дарогі, снягамі загнаныя.

 

Помню, днела. І дождж за акном.

Чыесь слёзы звінелі так блізкія:

-         Не чакала... Папраўлюся мо...

пайшлі б разам, дарога хоць слізкая...

 

Доўга вецер з травой гаварыў

ды ўзмахнуўся над мокрымі нівамі,

а у лесе сасоннік стары

пахіліўся галовамі сівымі.

 

Развіталіся, вёска з табой

Ненадоўга – яшчэ мы спаткаемся,

Як уздымуцца грудзі палёў,

Як маторы на нівах скупаюцца.

 

Дзень устане на ранняй зары

Ды памчыцца над хвалямі-нівамі,

А сасоннік у лесе старым

Прывітае галовамі сівымі.

1937

 

Яшчэ, веру...

 

Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш,

Яшчэ, веру, прачнешся ад сну,

І пабачыш сваё ты світанне,

І спаткаць яшчэ выйдзеш вясну.

 

У палях захвалююцца нівы,

Сонца косы скупае у іх,

І пакоцяцца ўдаль пералівы

Ціхазвонных лугоў веснавых.

 

А па чорнага неба разорах,

У туманнай начной цемнаце,

Ўзыдзе ранні палаючы золак,

Залатою зарой зацвіце.

 

На усходзе заззяе зарніца,

Змые бляскам нядолі сляды.

Будзем воляю мы ганарыцца,

На ўвесь свет гімн спяём малады.

 

Забрыльянцяцца росы вясёлкай,

Як пачне Першамай расцвітаць.

Яшчэ, веру, прачнешся ты, вёска,

Яшчэ выйдзеш вясну сустракаць.

1936

 

 

Ночкаю зоры...

 

Ночкаю зоры у небе тапіліся,

Ў небе балоцістым, мокрым і гразкім,

А у апаўшым і стоптаным лісці

Восень складала балады і казкі.

 

Хочаш прыслухацца ветру шалёнаму?

Сёння не тое табе ён навее...

Плакала маці ноччу, стамлёная,

Сястра сухотная не здаравее...

 

Сціхні! Там, пэўна, ўзаранае поле

Тчэ дываны з аксаміту ў туманах...

Выраем познім у сінім прыволлі

Рвецца гусіны ланцуг схваляваны.

Прыйдзе вясна маладая на нівы,

Сонечнай зеленню май разальецца,

Гай наш заспаны і сіратлівы

Новаю песняй ускалыхнецца.

 

Толькі там, пэўна, цяпер, як калісьці,

Зоры у небе купаюцца гразкім,

І, пэўна, сумныя ў стоптаным лісці

Восень складае балады і казкі.

1936

 

Замятае снегам

 

Замятае снегам знаныя дарогі,

Ні агню, ні следу вокала нідзе,

Толькі адзінокі з торбаю убогі

Праз вятры-завеі ды у свет ідзе.

 

Пракладаюць сцежку па сумётах лапці,

Пакідаюць лапці доўгія сляды...

Ці ж за хлебам лёгка па людзях цягацца?

Эх, жыццё, жыццё ты, доўгія гады!..

 

Латае сярмягу адзінокі вецер

І над лёсам горкім плача у галлі,

Ды ізноў імчыцца па шырокім свеце

Праз палі глухія, снежныя палі.

 

Хіба там, у вёсцы, дзе сплялося гора,

Дзе дрыжыць ад сцюжы вечарам сям’я,

Вынясе батрачка лустачку з каморы,

Хоць вясной спаткае голад і сама.

 

Знаныя дарогі ветрам замятае,

Стрэчны вецер думы у сяло панёс...

Недзе там, далёка, пад зацішным гаем,

Загарэўся ў шыбах бледны аганёк.

1937

 

 

На бруку

 

Хутка дзень заплюшчыў змораныя вочы,

Змрок густыя цені на бруку раскінуў.

Дождж сцюдзёна шыбы, звонячы, палошча,

Гасіць на прадмесці ліхтары, вітрыны.

 

Па каменні бляскам папаўзлі нясмела

Латы жоўтых плямаў, мокрых, нестаптаных,

І жыло ў завулку нешта і дрыжэла –

Можа, вецер лісцяў назмятаў з каштанаў?

 

Атуліўшы дзіця хусткаю парванай,

Пад сырой сцяной галодная сядзела,

Галаву схіліла ніжай, як прад панам, -

Хіба, можа, болей есці не хацела?!

 

І ніхто не бачыў, як яна сканала.

Ды нашто галодным заглядаць у вочы?!

Толькі доўга вецер па глухіх кварталах

Галасіў асенняй неспакойнай ноччу.

1937

 

За кудзеляй

 

Эх, мая доля, доля дзяўчыны, -

Цяжка застацца адной!..

Помню, любіла, казаў: “Не пакіну...”

Арыштавалі вясной.

 

Па мілому сэрца тужыць.

Свішча вецер уначы...

Каб хоць тонка прасці кужаль!

Вераценца, гэй, скачы!

 

Жала я жыта летам у полі,

А пасярод каласоў

Блытаўся вецер у сінім прыволлі –

Мілы ка мне не прыйшоў...

 

А я жала жыта, жала.

Сэрца плакала ўначы...

Маці скажа, не напрала,

Вераценца, гэй, скачы!

 

І наступіла панурая восень,

Хмара за хмарай плылі.

Вецер пажоўклае лісце разносіў,

Вецер стагнаў у галлі.

 

Можа, вернецца з астрога

Мілы рана ці ўначы?

Пацалую я мілога,

Вераценца, гэй, скачы!

 

Зноў і зіма прыблукала з марозам,

Пухам услала палі.

Нейкія дзіўныя кветкі і лозы

Шыбы узорам сплялі.

 

Ды не плач у полі, вецер,

Гэтак жаласна ўначы!

Можа, міленькі ўжо едзе, -

Вераценца, гэй, скачы!

1937

 

Ужо зіма

 

Ужо зіма. І, ветрам гнаныя,

Далёка хмары адплылі.

Мне сніцца зноў дарога знаная

Праз межы, вузкія палі.

 

Іду не раз, бывала, восенню,

Крынічка ўецца на лугу,

А вербы ў ціхай лёгкай просіні

Навеюць светлую тугу.

 

Яшчэ, яшчэ раз аглянулася –

Хавалася маё сяло,

І толькі песня адгукнулася

У сэрцы звонкая без слоў...

 

Цяпер зіма... І шлях замецены

Не раз снягамі уначы...

Сумуе маці недзе вечарам,

Кудзелю тонка прадучы.

 

А прада мною зноў нязнаныя

Дарогі, вузкія палі,

Хоць позна ўжо, і, ветрам гнаныя,

Далёка хмары адплылі.

1937

 

А сад наш цвіце

 

Сястрыца, пісьмо, знаць, маё не дайшло, -

Дарэмна вясною злуеш...

У нас прыбіраецца ў зелянь сяло,

Зязюля куе.

А выйду я часам у сад ці на луг,

Загледжуся ўшыры нябёс, -

Так хочацца ранкам разнесці тугу

Па холадзе рос.

Дзяўчаты палотны на рэчку нясуць,

Свой век спадзяюцца дажыць...

А я адзінока іду і расу

Сціраю з мяжы.

Лянок мой даўно на загоне засох,

Завяў, не расцыіўшы яшчэ,

І кросны рудыя снуе мне пясок,

І вецер іх тчэ...

А сад наш цвіце – асыпаецца бель.

Мо дрэўцы на шчасце ўзраслі?..

Ды толькі не выспелю ўжо для сябе

Ні вішняў, ні сліў...

Сястрычка, ты лепей не вер у пісьмо –

Не тое сказаць я хачу...

Прабач мне, канчаю, бо кашаль ізноў.

Ізноў я маўчу...

1937

 

На Новы Год

 

Заігралі, заігралі

Ветры звонам, пералівам,

А сняжынкі танцавалі

І кружылі, як на дзіва.

Свечка ў хаце дагарае,

Рукі стынуць ад марозу...

Не бядуй, мая старая,

Сёння сорамна ліць слёзы.

Спатыкаем мы год Новы,

Не такі, як быў учора.

Зааром загон дзярновы,

Закалышам песняй гора.

Сілы шмат ў руках я маю,

А дастану мо работу, -

І у нашым нават краі

Будзе жыць табе ахвота.

За кусок з мякінай хлеба

Ласкі іх прасіць не будзем.

Мама, плакаць больш не трэба,

Надрываць старыя грудзі.

Ты паслухай: пералівам

Ветры долю напявалі,

А сняжынкі, як на дзіва,

Танцавалі, танцавалі.

1937

 

***

І расцвітала ў далінах Палесся

Лёгкатуманная жоўтая восень.

Чула ў дуброве я сумную песню

Раз толькі – болей пачуць не прыйшлося.

 

“Мілы, вярніся, вярніся з дарогі,

Ночкаю цёмнай з дарогі далёкай.

Ці не шкадуеш дзяўчыны убогай,

Ці не шкадуеш сваёй сінявокай?...”

 

Лісце з бяроз ападала слязамі,

Падала ціха на шэры палетак.

Вецер свавольны таптаў іх начамі

З песняй тужліваю і недапетай.

 

“Мілы, вярніся, вярніся з дарогі,

Ці не шкадуеш сваёй сінявокай?..”

І абрывалася песня ў дуброве,

Бы са зламанымі крыллямі сокал.

 

Плакала неба дажджом каласістым,

Цяжкія хмары плылі над краінай,

Вецер у клёнах буяніў са свістам,

Лісце кружылася па каляінах.

 

Прыйдзе, казалі, зялёнай вясною,

Песняй вясёлай ударыць, бы звонам,

Ды не адзін – а прыйдуць грамадою,

І збажыной закрасуюць загоны.

 

Слухала дзіўную песню дзяўчына,

Што прыдарожныя клёны спявалі,

Думы ляцелі узлётам арліным

Над веснавым зелянеючым краем.

1937

 

Асенні вечар

 

Выйду на вуліцу – ціха ўдалі

Месяц плыве за ракою...

Толькі на сэрцы штось ные, баліць,

Штось не дае мне спакою.

 

Вечар праходзіць... Да позніх гадзін

З ветрам праносяцца хмары...

Можа, і ты дзесь далёка, адзін,

Блудзіш цяпер па бульвары?

 

І шалясціць пад нагамі лісцё

Восені шумным прыбоем...

Думаеш, ад успамінаў уцёк,

А яны – ўслед за табою.

 

Здасца, пачуеш знаёмы крок,

Слухаеш, зачараваны...

Не, гэта падаюць проста у змрок

Спелыя з дрэва каштаны.

 

Стукне, пакоціцца... Ціха ізноў,

Зноў ты ідзеш асцярожна...

А можа, недзе пад звон кайданоў

Крочыш да брамы астрожнай?

 

Мо пачынае цябе катаваць

Дзесь паліцэйская зграя?

Як жа тады мне цябе ратаваць?

Дзе ты – не знаю, не знаю...

 

Так і не знаю. А сэрца баліць

І не дае спакою...

Месяц спакойна адзін удалі

Ціха плыве за ракою.

 

Тосерабро на ваду разалье,

То за хмурынку знікае...

Выскачыць раптам і мчыцца далей,

Мчыцца, бяжыць, адплывае

1937

 

 

У вагоне

 

Гляджу і гляджу, як шырэюць прасторы,

Направа, налева граніцы няма,

А колы вагона мне песню утораць,

Што шлях мы прайшлі недарма.

 

Шырокае поле – не панскае поле.

Калгасныя вёскі, палеткі, сады...

На думку ўсплываюць загоны Заполля.

І межы, і хаты, і ты.

 

Не весела ў вёсцы жылося тады нам:

Вясною пусцелі засекі, гумно,

Раўла на кароткай вяроўцы скаціна,

І голад глядзеў у акно.

 

Пасля наступіла гарачае лета,

А моладзь у двор не пайшла працаваць,

І зазімавала на панскіх палетках

Пшаніца, згніла сенажаць.

 

І ты мне, Марыся, тады гаварыла,

Што будзем калгасам яшчэ кіраваць.

І не дачакала... Ля сосен пахілых

Абструганы крыж, касачы і трава.

 

А сёння, Марыся, душою сагрэтай

Лаўлю я і новы, і прошласці шум

(Мяне ахрысцілі нібыта паэтам,

І я нібы вершы пішу).

 

І цешуся ціха шырокім прасторам

І тым, што не бачу ні меж, ні граніц.

А толькі цябе не спаткаю ля бору,

Каб шчасце сваё падзяліць.

1940

 

Дождж

 

Прачнуўся вецер

І па свеце

Памчаў сарваныя лісты.

Зашалясцелі,

Зашумелі

Галлём лазовыя кусты.

 

І раптам з хмары

Гром ударыў,

Прагрукатаў па ўсёй зямлі, -

І па дарожках

Дождж заплёскаў,

Забулькаталі ручаі.

 

Па ручаінах,

Каляінах

Лісты сарваныя плылі...

А мы пад хусткай

Мяжою вузкай

Дамоў, абняўшыся, ішлі.

1940

 

***

Слоў няма, каб цяпер гаварыць, -

Яны анямелі.

Слёз няма, каб наўзрыд праліць, -

Яны скамянелі.

 

На руінах стаю адна

У суровым маўчанні.

А навокал – вайна, вайна,

Папялішчы ды камні.

 

Я спытала паўшых байцоў:

- Што рабіць мне, скажыце, героі?

І, здаецца, шапнулі слаўцо:

“Да зброі! Да зброі!”.

1942

 

 

Суніцы

 

Прайшла вясна узбуджанаю хваляй,

Ды не прыйшлося нам вясну адчуць...

О вёскі родныя, вы зніклі ў дымных далях,

І колькі ж вас цяпер недалічу?

Тырчаць балюча коміны руінаў,

Разносіць вецер попел па траве...

Не аднаму прыходзіцца пакінуць

Свае вуглы, знямелыя навек.

О вёскі родныя, шкада мне вас да болю:

Званілі вы ў дзіцячыя гады

Вясёлым жаўранкам над жытнім полем,

Суніцамі чырвонымі ў бары.

Бясконца доўгім вечарам зімовым

Пад шум трывожны старадаўніх ліп

На калаўротках перазвон кляновы

Дзён, што дзіцячым рэхам адплылі.

Не пазнаю сваёй знаёмай сцежкі...

Іду па друзу – ды па што ісці?

Ў акне не стрэне родная усмешка,

Лістамі груша не зашалясціць.

І ластаўка з гнязда над аканіцай

Не высуне да сонца галаву,

А толькі летам у бары суніцы

Крывёю будуць капаць на траву.

1943

 

***

Прабач, мая дарагая,

Што далеч лягла паміж намі,

Што я тваю магілу

Не прыбіраю вянкамі.

 

Што незабудкаў іастраў

Вясною на ёй не саджала,

Што нават мясціну гэту

Знарок за вярсту абмінала.

 

Навошта мае табе слёзы,

А мне твой магільны холад?

Са мною ў любым падарожжы

Была ты жывой і вясёлай...

 

Нашы шляхі разышліся...

А ў далях – агні ды туманы.

Твае – абарваліся раптам,

Мае ўсе – пакрыжаваны.

 

Стаю, бы падбітая птушка,

Што збілася ноччу з дарогі...

Скажы, як мне выбрацца з цемры –

Да ўзлёту, да перамогі?

1942

 

***

Нам салаўі у садзе не пяялі

І ружы ў палісадах не цвілі –

Нам кананадай грукаталі далі

І дым і порах вочы нам паліў.

 

Над галавою “юнкерсы” ляцелі,

Са свістам бомбы мчаліся уніз,

І мы сказаць ні слова не паспелі –

Пакінулі сялібы у агні.

 

Над прыдарожным схіленым курганам

Жалобна дрэмле кволае лісцё...

Няхай вясна дарэмна адцвіла нам –

Яшчэ палеткам вернем мы жыццё.

 

Чужыя коні здратавалі поле,

Усланы дымам родны наш прасцяг...

Няхай няма ў нас учарашняй волі –

Мы зноў узнімем над краінай сцяг.

1943

 

Супакойся

 

Супакойся, я раны агледжу твае,

Адпачні у цішы пасля бою,

За народ, што з няволі ўстае,

Ты не першы сплываеш крывёю.

 

І заснеш пад мелодыю слоў

Сном аратага – ціхім, шчаслівым.

Будзеш сніць аб прасторах палёў,

Аб сваіх пазалочаных нівах.

 

А там далей – пакажуць гады.

Не ў няволі нам век гараваці...

І краіну у снах маладых

Ты сустрэнеш, як родную маці.

 

Спі! Агонь кулямётаў заціх,

Анямелі і лес, і дарога...

За ракою спяваюць хлапцы, -

Знаць, яшчэ ў нас адна перамога.

1943

 

***

Раскідаў вецер спелае калоссе,

Не сядзе сонца ў полі на снапах,

А мне блукаць, бяздомнай, давялося,

І рукі больш не рвуцца да сярпа.

 

Бывала, сонца на жытнёвых хвалях

Пералівае залацісты пыл,

А мы сям’ёю гоні дажынаем,

Аж зіхацяць сталёвыя сярпы.

 

Ляжаць снапы... Бруіцца над лясамі

Смуга паўдзённая, нібыта дым.

Гліняны збан з вадою пад снапамі,

І конік палявы плыве у ім.

 

Цяпер адной блукаць мне давялося,

І рукі больш не рвуцца да сярпа.

Апала пераспелае калоссе,

Не сядзе сонца ў полі на снапах.

1943

 

Памяці Янкі Купала

 

На далёкай, на братняй зямлі

Ты спачыў, наш пясняр дарагі,

 

Нас пакінуў у тыя дні,

Калі ўся Беларусь – у агні,

 

Дымам чорным заслалася даль,

Паліць вораг – чужога не жаль!..

 

І пакуль што нам з цемры тае

Не дайсці да магілы твае,

 

Не сарваць ля мяжы васілька,

Не паслаць на магілу вянка...

 

На далёкай, на братняй зямлі

Спі спакойна, пясняр дарагі.

 

Праз нягоды, франты, праз драты

Заклікаў помсціць ворагу ты.

 

Кліч пачулі гарачы мы твой

І адважна выходзім у бой.

 

Хоць нам цяжка ў няроўных баях,

Будзе вольнай краіна твая.

 

Зноў распусціцца спалены клён,

Зацвіце валакністы твой лён,

 

Дружнай працай пачнецца наш дзень,

Хоць цябе не сустрэнем нідзе,

 

Выйдзе ў роднае поле жняя, -

І пальецца зноў песня твая...

 

На далёкай, на братняй зямлі

Спі спакойна, пясняр дарагі.

1943

 

Не плач

 

Не плач, мая гаротная,

Што на сваіх палях

За сцежкай паваротнаю

Наш абарваўся шлях.

Будынкі нашы спалены,

Ўзарваныя масты,

І цяжка мы паранены,

І сіл не маеш ты.

А сцежка за аселіцай

Жытамі ўдаль ідзе.

Куды ж яна пасцелецца,

Куды нас павядзе?

Ды будзем хоць бы тыднямі

Ісці праз ночы-дні,

Пакуль шляхі блакітныя

Туман не засланіў;

Пакуль зара праменіцца,

Хоць падаем ад ран,

Пакуль нам не сустрэнецца

Брыгада партызан;

Пакуль як трэба ворагу

Адпомсцім мы з табой

За край, агнём зруйнованы,

За боль – і твой і мой.

1943

 

У дарогу

 

Сонца ўжо згасла за гаем,

І не ўзышоў маладзік.

Не угаворвай, я знаю,

Я разумею – ідзі!

 

Можа, не ўсё, што трэба,

Скажаш мне ў гэткі час:

Дымам заслана неба,

Вораг палоніць нас.

 

Але за ціхія далі –

Край неабсяжны мой,

За ўсё, што мы родным назвалі,

Знаю, ты станеш гарой.

 

Згаснуць пажараў зарніцы –

Смеласць не знае няўдач...

А што раса на расніцах,

Мілы мой, сёння прабач.

1943

 

Вярба

 

Сыпле жоўтым пухам

На ваду вярба.

А ў мяне на сэрцы

Смутак і журба.

 

А ў мяне на сэрцы

Неспакой і жаль...

Хай плывуць пушынкі

Кволыя удаль.

 

Прысягаў на вернасць

Мілы пад вярбой,

І пайшоў мой мілы

У гарачы бой...

 

Ападалі ўвосень

Жоўтыя лісты...

Што, вярба, замоўкла,

Не шапочаш ты?

1944

 

Мой сад

 

Пад веснавым птушыным перазвонам

Квітнеў у сонцы сад мой малады.

Шумелі яблыні лісцём зялёным

У тры рады.

 

Як зачарованы, стаяў увесь у белі,

А ледзь рукой галінку ты кранеш,

Пялёсткі лёгка на траву ляцелі,

Як белы снег.

 

Улетку неба – сіняе прадонне...

Прыйшлі у сад суседзі пагасціць.

Мы першы яблык кроілі ў далоні

На сем часцін.

 

Пасля – вайна. Нас гналі бомбы ў поле.

Не развітаўшыся, пайшлі мы ў сем дарог...

Ды мне адной вярнуцца лёс дазволіў

На свой парог.

 

Вярнулася... Ні саду, ні аселіц.

Падмурак, печ – пажарышча сляды...

З зямлі агаркі чорных пнёў тырчэлі

У тры рады.

 

Ну што ж, слязамі не вярнуць нам страты...

Тут пабудуем зноў дамы у рад,

І заквітнее каля нашай хаты

Зялёны сад.

 

І ў памяць тых, што болей не спаткаю,

Што згінулі ў атаках баявых,

Я насаджу каля дарогі з краю

Груш залатых.

 

Расці, мой сад, цвіці для нас на радасць!

Я знаю, прыйдзе гэткая пара

Калі суцэльным закрасуе садам

Увесь наш край.

1946

 

Збудуем дом

 

Возьмем лапаты, кельні, лом,

Цэглу за цэглай – збудуем дом

Са шклёным ганкам, з шырокім акном,

Светлы, утульны, высокі дом.

Толькі як часам не зможаш заснуць –

Успомніш пажары, успомніш вайну,

Ты скажаш, гледзячы сумна ўдаль:

-         Грушы згарэўшай ля хаты шкада...

Тут праплывалі дзіцячыя сны,

Тут прыляталі вясной бацяны...

Стане дамок мой казачным сном

І электрычным заззяе святлом,

Сонейка ў шыбах будзе ўвесь дзень,

Ляжа ля ганка яблыні цень.

Толькі як часам не зможаш заснуць –

Успомніш няволю, успомніш вайну,

Ты скажаш, гледзячы сумна ўдаль:

Сям’і загінуўшай мне шкада...

Тут вечарамі было нас шмат,

Тут за работай сядзеў мой брат...

Возьмем лапаты, кельні, лом,

Цэглу за цэглай – збудуем дом

Са шклёным ганкам, з шырокім акном,

Светлы, высокі, шчаслівы дом.

1945

 

***

Хаця вайна, як цяжкі сон,

Не раз яшчэ згадаецца,

Ды у імя шчаслівых дзён

Краіна аднаўляецца.

 

Не цяжка бервяно раўняць –

Піла ў руках пакорная,

Каб толькі вокнаўшырыня

Была, як гладзь азёрная.

 

Каб сонечнага больш цяпла

І неба светлай просіні,

Каб пеларгонія цвіла

З вясны да самай восені.

 

І каб, узняўшыся ад сну,

Наш сын у кволых пальчыках

Ганяў люстэркам на сцяну

Сваіх праменных зайчыкаў.

1946

 

***

Гэты вечар, што застыў на шыбах

Сіняю каймой,

Прыгадаў мне даўнія сялібы,

Палісаднік мой.

 

Ліпаў цвет цярушыцца пад ногі

Каля самых хат,

А на прызбе дрэмле дзед убогі

І сабе не рад.

 

Пастушок зласліва, як ніколі,

Ганіць спёкі дні:

Над красуляй, што ўцякае з поля,

Звоняць авадні.

 

На лугу ўвіхаюцца дзяўчаты, -

Вецер смех данёс...

І ўжо коціцца ў гумно пакаты

Мяккі сена воз.

1946

 

***

Я ў захапленні на палі гляджу –

Якія сонечныя сёння далі!

Мы зааралі трактарам мяжу,

Але нікому не перааралі.

 

Нам кожны ў калектыве – шчыры друг,

У грамадзе нам праца ўся па сіле...

І мы скасілі ўвесь мурожны луг,

Але нікому не перакасілі.

 

Красуе збажыною наш калгас,

Гушкае вецер хвалі на прасторы...

............................................................

Сабралі мы пшаніцу ў добры час –

Зярняты на далоні, быццам зоры.

1948

 

***

Над скаламі у сінім небе зоры

І месяца срабрыстага крышталь –

Адзін-адзін ва ўсім начным прасторы –

Павіс высока над бязмежным мора

І серабром заліў марскую даль.

 

І бела-бела стала у прасторы...

Маўклівыя паўночнаю парой,

Застылі у задуме вечнай горы...

Штось таямніча шэпчуць хвалі мора,

Пераліваючы жывое серабро.

 

Усё маўчыць, у сне чароўным тоне,

Не шалахне пальмовым лісцем сад,

Ды толькі смела на прасторным лоне

На ўсе лады цыкады звонка звоняць

І дзесь шуміць далёка вадаспад.

 

А заўтра ты прачнешся – не паверыш

Ні зорам, ні цыкадам, што звіняць,

Ні хвалям, успаўзаючым на бераг,

Ні месяцу, што ўсё заліў без меры,

Ані маёй бяссонніцы да дня.

1947

 

 

***

Рвецца вецер буйны цераз скалы,

Кіпарыс згінае тонкі стан,

І плыве кудысь за перавалы

Воблакаў халодных караван.

 

Плешча мора мерным перазвонам

А замглёная не кліча даль...

І спадае ліст пажоўклы клёна

На крутыя грэбні хваль.

 

Ды не ўспее на прастор адплысці,

Распляскаць у бурных водах медзь,-

Зноў вясна сваё раскіне лісце,

Каб рунець, квітнець і маладзець.

1947

 

Мора

 

Пад сонцам ззяе гладзь марская,

Блакітная жывая гладзь,

А што на дне яна хавае,

Пад глыбай водаў не відаць.

І толькі ў буру-непагоду,

Калі ўладарыць шторм адзін,

Парою з дна марскога воды

На бераг выплеснуць бурштын.

 

Душа людская – дно марское...

Хто ты, скажы мне, дружа мой,

Каб я ў хвіліны непакою

Не абманулася табой.

Каб у парывах захаплення

Драбок звычайных горных руд

Пад бляскам сонечных праменняў

Не прыняла за ізумруд.

1953

 

І восень ужо

 

І восень ужо. І далёка на ўлонні

Плыве павуцінне у срэбным тумане...

Я знаю, цябе не сустрэну сягоння,

Ды нешта у поле заве мяне раннем.

 

І сцелецца шлях праз асіны і лозы,

Шуршыць пад нагамі пажоўклае лісце...

Шчакой прыпаду да халоднай бярозы,

Якую з табою сустрэлі калісьці.

 

І ёй, даўгакосай сяброўцы, на ўлонні

Скажу, што цябе ўсё забыць не умею...

Яна устрывожыцца, лісце уроніць,

Але супакойваць мяне не пасмее.

 

Ну што ж, хай і гэтак, не суджана, знаю,

Аднак жа твой вобраз, як песню жывую,

Што ў працы не спыніць і жыць памагае,

Мой дружа, усё ж у жыццё панясу я.

1953

 

***

Ад’язджаеш... Ну, бывай здаровы!

Ці сумуеш? Можа нават не...

І нашто? Не трэба! У дарогу

Павязі ты радасць ад мяне.

Рана зноў пайду знаёмай сцежкай,

Пагляджу на сад пажоўклы мой,

Толькі не сустрэну там усмешкі,

Што страчала ранняю парой.

Але што ж? Няхай шуміць і б’ецца

З ветрам клён, апаўшы на зары...

Можа, шчасцем адтаго й завецца

Тое, што не можна паўтарыць

1953

 

***

Нашто напамінаеш мне

Пра тое, што вясна мінула?

Яшчэ да болю закране

Душу гарачы позірк чулы.

 

Аб шчасці марыцца, калі

Нязгасным бляскам вочы свецяць...

Яшчэ ў душы не адцвілі

Пачуццяў незабыўных квецці.

 

Пакуль што лета нам бліжэй,

Ды памятай і гэта, дружа:

Увосень астры даражэй,

Чым сонечнай вясною ружы.

1953

 

Хто ты, я не знаю

 

Хто ты для мяне, я не знаю,

Непрошаны і нечаканы, -

Ці воблака на небакраі,

Што лёгкім растае туманам.

 

Ці чыстая ў полі крыніца,

Што між травой маладою

Ля ног маіх срэбрам іскрыцца,

А ў спёку напоіць вадою?

 

Ці тая ўранні расінка,

Што на лістку зялёным

Ад шолаху ветру з галінкі

Капне слязой салёнай?

 

Ці, можа, галінка руты,

Што мякка ў вянок кладзецца?

Ці горкая кропля атруты,

Што выпіць да дна давядзецца?

 

Ці промень, ад сонца пасланы,

Што душу маю сагравае?

Няпрошаны і нечаканы,

Хто ты, я не знаю, не знаю.

1958

 

***

Сонца за хмаркамі ўранні

Скрылася – болей не свеціць.

Што ж ты мне сэрца параніў,

Мой найдарожшы на свеце?

 

Як жа мне, як жа развеяць

Хмарачак тых караваны?

Дзе ж мне нарваць таго зелля,

Каб загаілася рана?

 

Хмаркі развеюцца самі –

Ёсць вецярочак на тое.

Рану не сцішу слязамі, -

Ласкай тваёй супакою.

1962

***

Адчуваю з днём кожным: усё ад цябе адыходжу,

Кожны дзень, кожны міг усё больш аддаляе нас.

А чаму ж так бывае, што месца сабе не знаходжу

І ў цішы адзінока чагось засумую не раз?

 

І здаецца раптоўна, быццам песню аднекуль пачую,

Што і вабіць, і кліча, і насустрач ляціць як мага...

І трывогу я ў сэрцы ізноў нечакана адчую –

І адкуль данясецца далёкая тая туга?

 

Адыду – не шукай тую сцежку-дарогу крутую,

Што калісьці, бывала, да нашых сустрэчаў вяла.

Не шукай, не шукай... Завядзе яна ў далеч не тую,

І не знойдзеш там болей ні ласкавых слоў, ні цяпла.

 

Адчуваю з днём кожным: усё ад цябе адыходжу,

Кожны дзень, кожны міг усё больш аддаляе нас.

А чаму ж так бывае, што месца сабе не знаходжу

І ў цішы адзінока чагось засумую не раз?

1956

 

***

Нам цесна з табою жыць разам на свеце,

Без спрэчак прабыць не маглі ані дня...

І вось распускаецца кволае вецце,

І першы падснежнік галоўку падняў.

 

Вяртаецца зноў лебядзіная стая

Да родных мясцін – ціхі плёск на вадзе...

І ластаўка пёркі ў гняздзечка кладзе.

А нашу хацінку буран размятае.

1960

 

***

Здаецца так: вярнуся я з дарогі,

Зайду без стуку, чамадан – убок...

Сустрэнеш, як заўсёды, ля парога,

Спытаеш: не пісала мо знарок?..

Там і цяпер, відаць, усё такое:

Міцкевіча партрэцік на сцяне,

І ля акна расцвіўшыя ляўкоі

Як быццам падраслі чуць без мяне.

Усё даўно знаёмым павявае:

Настольнік белы, вышыла сама...

Ды толькі я цяпер табе чужая,

І мне дарогі больш туды няма.

1962

 

***

Як жа маглі б мы жыць без надзеі

На тое, што прыйдзе вясняны дзень,

Ад грому першага зазелянее

І луг, і поле, і наш прыгумень?

Вернуцца птушкі да гнёздаў родных

З далёкага выраю ў родны свой край,

Пёркі спалошчуць у люстрах водных, -

І шчабятаннем напоўніцца гай.

Выйдзем вясну сустракаць на прыволле.

Хто з нас аб шчасці гэткім не сніў?!

Колькі яшчэ неўзаранага поля!

Колькі яшчэ незасеяных ніў!

 

Так і жывём мы у вечнай надзеі...

Ці не ад гэтага мы маладзеем?

1959

 

Елачкі

 

Елачкі ў снезе, бы ў танцы дзяўчынкі, застылі,

Шырока спаднічкі свае распусціўшы ў кругу;

Здалося, з разбегу спыніліся толькі на хвілю,

Сарвуцца знянацку – і далей у круг пабягуць.

 

Мілыя елачкі, я не здзіўлюся німала,

Калі ў завіруху, пад скрыпкі імклівых вятроў,

За рукі пабраўшыся, будзеце доўга з запалам

Кружыцца ў сваім карагодзе ля самых бароў.

 

Сягоння на свеце ў нас павялося такое,

Што цяжка на месцы адным устаяць хоць каму...

А вы ж маладыя – няўжо вам застыць у спакоі?..

Ці мо анямелі, пабачыўшы казку-зіму?..

 

Вы самі як быццам з той казкі. Чаго ж тут дзівіцца?

Зіма вас прыбрала ў чароўны сняжынак убор:

На кожнай з вас, пэўна, бялюткіх спаднічак па трыццаць,

На кожнай спаднічцы мігцінкі срабрыстыя зор.

 

І, здэцца, ён прыйдзе, праз хвілю ўпадзе на калені,

Той казачны рыцар, і вас павядзе па кругу...

Мілыя елачкі, я ўсё гляджу ў захапленні,

Усё адыходжу, але адысці не магу.

1963

 

***

Колькі часу страціла і сілы

На утульнасць хаты – ўсё дарма!..

І вячэра ўжо даўно астыла,

А яго няма...

Доўгі дзень, раздроблен на хвіліны,

У чаканні прамільгне ізноў...

І ён прыйдзе – родны твой, адзіны, -

Позняй ноччу вернецца дамоў.

Захістаецца ў бакі нясмела,

І высокім здасца свой парог...

Ты падхопіш на хаду умела,

Каб яго не паваліла з ног...

Будзеш дыхаць пахам перагару,

Не заснеш да позняе начы

І з пасцелі выскачыш, бы з жару,

Каб найдалей ад яго ўцячы...

Да акна паспееш прытуліцца –

Штосьці душу страсяне знарок...

Па халоднай шыбе з-пад расніцы

Паплыве гарачы ручаёк.

Ўзыдзе месяц светлы у прасторы,

Быццам брат, загляне у акно...

Ты яму сваё раскажаш гора,

А на людзях – усміхнешся зноў.

1955

 

***

Яшчэ дзіцё, а ўжо амаль дзяўчына,

Усмешка маміна і глыбіня вачэй,

З капрону бант, бы матылёк нявінны,

Каса сплывае светлая з плячэй.

Украдкам з лялькай гутарыць аб нечым,

А ледзь у хату зав

Конструктор сайтов - uCoz