Станіслаў Суднік

 

Біяграфічная даведка

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці. Скончыў Менскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча СПА краіны і Цвярскую камандную акадэмію імя Жукава.Падпалкоўнік запасу. Жыве ў Лідзе. Працуе ў перыядычным друку.Рэдактар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”. Друкаваўся ў “Полымі”, “Маладосці” і іншых выданнях. Аўтар зборнікаў “Пагоня за мову”, “Наш Грунвальд”, “Лідскія скрыжалі”, "Літва". З’яўляецца сябрам Саюза Пісьменнікаў. Старшыня Лідскага раённага ТБМ імя Францішака Скарыны.

 

Вершы 

 

Пагоня за мову

 

Над зямлёй імчацца коні,

Капытамі лісце рвуць,

Грозных рыцараў Пагоні

На сабе яны нясуць.

 

Гарады мінаюць, вёскі,

Узрываюць сонны дол...

Пра Пагоню пагалоскі

Разлятаюцца вакол,

 

Будзяць воінаў у хатах

Спаць палацам не даюць...

І хто ў світках, а хто ў латах,

Беларусы паўстаюць...

 

Зноў грыміць, ляціць Пагоня,

Да Пагоні той прыстаць

Клічу, клічу я сягоння:

Хопіць, хлопцы, хопіць спаць!

 

Ці не бачыце, што мову

Затапталі нашу ў гной,

Дзецям нашым нашых словаў

Ажно сорамна парой.

 

Беларускай роднай мовы

Ўжо не ведаюць яны

І з акцэнтам мадэрновым

Кажуць імя Скарыны.

 

Гіне мова, прападае,

На ратунак кліча нас.

Я Пагоню аб’яўляю:

За яе! У сёдлы! Час!

 

Суд

 

Гэй, устаньце, беларусы,

На суд мацеры-зямлі,

Адкажыце, беларусы,

Вы за колькі прадалі

 

Мову нашу, мову маці,

Мову пушчаў і бароў,

Мову Койданаўскай раці

І Грунвальдскіх ваяроў?

 

Мову Коласа, Купалы

Вы за колькі прадалі?

Трыццаць срэбнікаў, не мала,

За радзімую ўзялі?

 

Вы ўзялі якой манетай:

Фунтам, франкам ці рублём?

Можа вы яшчэ пры гэтым

Іншым хапнулі дабром?

 

Можа вы ўзялі чынамі,

Дабрабытам гарадскім,

Дарагімі лахманамі...

Ці ж хапіла хоць усім?

 

Можа ў прыпражку вы з мовай

І сумленне прадалі,

За яго мараллю новай

Ці культурай узялі?

 

Ды хутчэй жа іж хавайце:

Маркі, долары, рублі,

Рукі з мылам адмывайце,

Трыце, чысціце ў зямлі.

 

Мо яна, зямля, паможа

Срэбны пыл саскрэбсці з вас,

Ды схаваць усіх не зможа

Ад расплаты. Прыйдзе час:

 

Вас спытаюць вашы дзеці,

Што пакінулі вы ім,

У адказ вы зазванеце

Срэбрам Юдавым сваім,

 

Раскажыце слова ў слова,

Як зракліся той зямлі,

Як сваю культуру, мову,

Як свой гонар прадалі.

 

Прамова да мовы

 

Ты мовай  Рагнеды была і Ўсяслава

І мовай Ягайлы таксама была,

Гучала ў паходах і бітвах крывавых,

У мудрых статутах і песнях жыла.

 

Табой размаўляў цар Міхайла Раманаў,

Ігнат Грынявіцкі табой размаўляў,

Ты чулася разам са звонам кайданаў

З табою народ за свабоду ўставаў.

 

Была ўсенароднай, высокай, дзяржаўнай,

А стала чужою ў радзімым краі,

А стала сваячкаю беднай, бяспраўнай,

Няпрошанай госцяй ў багатай сям’і.

 

Цябе праганяюць са школы і хаты

І выперлі моўчкі з усіх устаноў,

І з інстытутаў, музеяў заўзята,

Нахабна цябе выганяюць далоў.

 

Стараюцца смехам, пагардай, прымусам

Цябе, нашу мову, забіць і забыць...

Хто ж нішчыць цябе? Ды свае ж, беларусы,

І гэта цяжэй, чым прыгнёт перажыць.

 

Былое

 

Табой размаўлялі

Цары і баяры,

Цябе пераймалі

Літва і татары.

 

Табою складалі

Статуты, паданні,

Табой друкавалі

Святое пісанне.

 

Цябе прадавалі

Паны і паненкі,

Цябе шанавалі

Мястэчкі, засценкі,

 

З табой паміралі

На вісельнях царскіх,

Цябе пазнавалі

Па словах бунтарскіх.

 

Была ты з народам

У бітвах за волю,

З байцом у паходах,

З аратым у полі.

 

Ад нечысці ўсякай

У пушчы ўцякала,

Няходжаным шляхам

Гадамі блукала.

 

Хавалася ў лёхах,

У нетрах балотных,

Баялася крокам

Прайсціся свабодным.

 

Цябе шкадавалі,

Пяшчотна любілі,

Цябе катавалі,

Калечылі, білі.

 

Цябе забывалі,

Цябе ўспаміналі,

Цябе вывучалі,

Цябе адмянялі.

 

Душу сагравала

Ты ў зімнюю сцюжу,

Любоў аздабляла

Валошкай і ружай.

 

Была ты патрэбнай,

Была неабходнай,

Нікому не дрэннай,

На ўсё была годнай.

 

Была ты часцінай

Краіны радзімай,

Была ты адзінай,

Была ты любімай.

 

На крыжы

 

На зямлю тую Хрыстус не сходзіў,

А ў балотах чорт неяк тануў,

Тут спрадвеку, ці жыта не ўродзіць,

Ці па хаце пярун смалянуў.

 

На зямлі той бязвольныя людзі

Калупаюцца моўчкі ў грахах,

Цвіллю дыхаюць хілыя грудзі,

Душы віснуць на мшалых крыжах.

 

Там няма ні спакою, ні веры,

Там няма ні мяжы і не меры,

Там крумкач усім песню спявае,

Распаўзаецца гаць гадаўя,

Штохвіліны жыўцом там канае

Беларуская мова мая.

 

Мая мова

 

Ой ты, мова мая шарачковая,

Беларуская мова мая,

Ты для нас не старая, не новая,

Ты ад веку свая і свая.

 

Ты не панская, ты не высокая,

Бо ты ж “простай” заўсёды была,

Як радзіма твая сінявокая,

Ты між простым народам жыла.

 

Злы маскаль, бальшавік, сіла клятая

Насміхаліся ў вочы з цябе,

На крыжы паняверкі распятая

Памірала ты ў чорнай журбе.

 

На табе ўжо не шэпчуць каханыя,

Без цябе зачынаюць жыццё,

Толькі мы ўсё яшчэ непрыкаена

Прадаўжаем зямное быццё.

 

Толькі мы, богам, чортам забытыя,

Нават дзеці зракаюцца нас,

Лезем, лезем у бойкі адкрытыя,

А супроць і прырода, і час.

 

Толькі мы, як фанатыкі п’яныя,

Не адходзім яшчэ ні на крок,

Мы навечна, табе мы адданыя,

На нас страшны, нязломны зарок.

 

Мы паляжам касцьмі спарахнелымі,

Ды усё ж не зрачомся цябе,

Мы пакінем Зямлю нашу Белую

Ці ў свабодзе, ці ў вечнай жальбе.

 

Дзеці сінявокай Беларусі

 

I

 

Дзеці сінявокай Беларусі,

Колькі вас раскідана па свеце,

Колькі вас, даўно забытых, мусіць

На сабе гайдаць міжзорны вецер.

 

Колькі целаў цяжар непад’ёмны

Прыкаваў да земляў невядомых,

Колькі душ паміж сусветаў цёмных

Не знаходзяць сцежачкі дадому.

 

Колькі вас касмічнымі шляхамі

Моўчкі непрыкаена блукае

І таго, што згублена не вамі,

Безнадзейна роспачна шукае?

 

Хто шукае згубленую волю,

А хто гонар дзедавай суліцы,

Хто шукае страчаную долю,

А хто водар чэрвеньскай суніцы.

 

Хто імкліва шчасце даганяе,

Хто нядолю за вярсту абходзіць,

Кожны найгалоўнае шукае,

Ды ніхто чамусьці не знайходзіць.

 

II

 

Дзеці сінявокай Беларусі,

Вам не зведаць радасці знаходкі,

Вам і зоркі на нябёсах схлусяць,

Вам да ног прывязаны калодкі.

 

Затрасе вас лёсу ліхаманка,

Пыл няўдач засыпле вашы вочы,

Не засвеціць раніца заранкай,

Не заззяе месячык уночы.

 

III

 

Дзеці сінявокае краіны,

Хто аджыў і будучыні людзі,

Вы ж згубілі вашую Айчыну,

А другой у вас ужо не будзе.

 

Вы згубілі матчыну спагаду

І цяпло бацькоўскае хацінкі,

Пах духмяны восеньскага саду,

Шэпт зялёны муражной травінкі.

 

Вы згубілі звон вады крынічнай

І не злосны гром нябёс вясновых,

Над старой буслянкай клёкат зычны,

Вы згубілі гэта разам з мовай.

 

Вы згубілі дзедавую казку,

Вы згубілі матчыную песню,

Строгі погляд са старых абразкаў

Ні дабром, ні верай не ўваскрэсне.

 

К вам дзяды не прыйдуць на вячэру,

Вы чужыя сотням пакаленняў,

Вы на грошы прамянялі веру,

За пакору спляжылі сумленне.

 

Прашчуры адвернуцца сярдзіта,

Вашых душаў гнеўна не пазнаюць.

 

IV

 

Дзесь між зорак па шляхах разбітых

Здані беларускія блукаюць...

 

На Клёцкіх могілках

 

Светлай памяці настаўніцы беларускай мовы

Казлоўскай сярэдняй школы

Нясвіжскага раёна

Майсені Леаніды Аляксандраўны

  

Па могілках ціхіх аднойчы

Я сцежкай самотнай ішоў,

Слізгалі задумліва вочы

Па даўніх карунках крыжоў.

 

Вісеў у паветры маўкліва

Пыл слаўных і змрочных падзей

І асядаў клапатліва

На скончаных лёсах людзей.

 

На прыкладах, стэлах, каменнях

Чыталася ўсюды адно –

За жыццямі ўсіх пакаленняў

Народа жыцця не відно.

 

З расейскімі словамі пліты,

І з польскімі тут жа стаяць,

Ды толькі на роднай, забітай,

Ды толькі на ёй не відаць.

 

Чаму? Вам сказаць не бяруся,

Ды немы адчуў я дакор:

Гнуў спіну бядак беларусам,

Аж бачыж! Палякам памёр.

 

І толькі ў кутку пад рабінай

Я ўбачыў, што гэтак жадаў,

Я надпіс на мове радзімай,

На мове сваёй прачытаў.

 

Праглядваю тэкст паўсвядома,

Між смерцю і вечнасцю гаць,

А ён чымсьці дзіўна знаёмым

Бег думак спрабуе суняць.

 

Спаволены крок прыпыняю,

Душэўны забыты спакой.

З пад літараў ціха ўсплывае

Настаўніцы вобраз маёй.

 

Згарэлі, як зыркія дровы,

Гады і спыніліся ў час,

Настаўніца роднае мовы

Калісьці так дбала пра нас.

 

Яна на вучыла сусвету

Радзімых і песень, і слоў,

Яна з нас рабіла паэтаў,

Яна ў нас уклала любоў.

 

Яна нам расказвала казкі

На мове радзімай зямлі,

На іх, як на тыя абразкі,

Мы ледзь не маліцца маглі.

 

Яна нас вучыла натхненню

І веры ў гаротны наш край,

Яна нас вучыла імкненню

Ў жыццё, як у песенны грай...

 

І вось я прыціх у самоце,

Гляджу на магілу яе,

Ды нешта ў святой адзіноце

Спакою душы не дае.

 

Здаецца, сакрэт ці загадка

Хаваецца ў гэтай журбе,

А розум маўчыць, і адгадка

Стамлёнае сэрца дзяўбе.

 

І раптам мяне асвятліла,

Яна ж.., зразумей і павер,

Не толькі тады нас вучыла,

А вучыць нас нават цяпер.

 

Яна з небыцця, з часостою

Працягвае працу сваю,

Яна і магільнай плітою

Выкладвае мову маю.

 

***

Дзіцятка малое

Любою парою,

Калі не спрабуеш спытаці,

Як зможа, то скажа,

А не, дык пакажа

Між соцень жанчын сваю маці.

 

Мы ж край свой радзімы,

Спрадвеку адзіны,

Чамусьці ніяк не прызнаем

І з мовай чужынскай

З ляноты злачынскай

Штодзённа яго абражаем.

 

Мы часу не маем,

А мо не жадаем

Нарэшце-урэшт зразумеці,

Што робяць балюча

І крыўдна пякуча

Зямельцы сваёй яе дзеці.

 

З чужыніны клятай,

З трасянкі праклятай

Сцячэ ўся краіна слязамі,

Дзе мова чужая,

Там рэчка нямая,

Лес вые аднымі ваўкамі.

 

Там кветкі маўкліва,

Шпакі палахліва

Над мёртвай зямлёю гібеюць,

А нас навучыці,

Душу абудзіці

Малыя, нямыя не ўмеюць.

 

Дык што ж, так і будзе?

Дык што ж, мы не людзі?

Ці ж час не настаў памяняцца

І мовай сваёю

З радзімай зямлёю

У песні адзінай з’яднацца?

 

***

Я гляджу ў далячынь заімгленную

Цераз шэрань асенняга дня,

Пешчу ў сэрцы я думку стаёную,

Што мы дойдзем усё ж да відна.

 

Што праз зімы і сцюжы з марозамі,

Хоць паўзком дапаўзем да святой,

Да краіны, дзе клены з бярозамі

Шэпчуць казкі на мове маёй,

 

Дзе ўсе дзеткі звычайнымі словамі

Звоняць з рання ажно дацямна,

І ніякай чужынскаю моваю

Страшыць нас нават сэнсу няма,

 

Дзе мы сталі вялікаю нацыяй,

І валодаем роднай зямлёй,

І з бязгрэшнасцю цноты дзіцячае

Ганарымся Радзімай сваёй.

 

***

Покуль я быў беларусам,

Землю сваю я любіў,

Вольнаю воляй, без нечых прымусаў

Ўсё, што патрэбна, рабіў.

Покуль я быў беларусам.

 

Покуль я быў чалавекам,

Мову сваю шанаваў.

Слоўца ніколі на здзек я

Злыдню павек не аддаў.

Покуль я быў чалавекам...

 

Вяртаецца мова

 

Вяртаецца мова...

 

З далёкай чужыны,

З выгнання ліхога

Да роднай Айчыны,

Да продкаў парога

 

Вяртаецца мова!

 

Вяртаецца мова...

 

То ружай чырвонай,

То белым рамонкам,

То словам натхнёным,

То песняю звонкай.

 

Вяртаецца мова!

 

Гавораць на мове...

 

Лясы і дубравы,

Азёры і рэчкі,

Высокія травы

І птушак гняздзечкі

 

Гавораць на мове!

 

Гавораць на мове...

 

Хлапцы і дзяўчаты,

Бабулі сівыя,

Матулі і таты,

І дзеткі малыя

 

Гавораць на мове!

 

Наш Грунвальд

(вянок санетаў)

 

1.Шыхт

 

Мы стаім у шаломах з мячамі,

Перад намі варожая раць,

З намі мова, зямля наша з намі,

За яе мы ідзём ваяваць.

Мы ўглядаемся ў проразі грозна,

Мы вышукваем хібу ў брані,

Ад жалезнага цяжару млосна,

Божа, нас ты хаця барані.

 

Вытнем разам, магутна, зацята,

Будзем біцца, як косім заўзята,

У крывавай рацэ той шалёнай

Палымнеюць агнём берагі,

Перад намі – праклёны, праклёны,

Па-над намі – сцягі і сцягі.

 

2.Пачатак

 

Па-над намі – сцягі і сцягі,

Чырвань бель паласою пячэ,

А навокал снягі і снягі,

Кроў чырвоная густа цячэ.

За снягамі ваўком ные ноч.

Зубы вострыць злаюдава раць,

Моцны Божа, хаця не суроч,

Дай жа трапна варогаў уцяць.

 

Нам няведамы страх у баі,

Мы забылі каханых сваіх,

На шчытах толькі вольнасць у нас,

Вораг падае ніц пад мячамі,

Нам не страшны ні суд і ні час,

У нас крылы даўно за плячамі.

 

3.Прызямленне

 

У нас крылы даўно за плячамі,

Ды мы звяжам іх моўчкі, што моц,

І самотнымі зорак вачамі

Распагодзім бясконцую ноч.

Па зямлі сваёй грэшнай нагамі

Мы адмераем кожную пядзь,

Мы вятры супакоім сцягамі,

І шчытамі мы высцелем гаць.

 

Між баямі самотнай хвілінаю

Мы зліёмся з зямлёй, як з дзяўчынаю,

Вольны вецер пяе аб свабодзе,

Неба нам, як акрайчык страхі,

Нам не ўлезці туды, мой народзе,

На нагах цяжкай гірай грахі.

 

4.Будні

 

На нагах цяжкай гірай грахі,

А ля скроні, як руля, праклен,

Мой народзе, табе ад сахі

Трэба выйсці да велічных дзён.

Ты забіты нядоляй і працаю,

Аж забыўся на назву сваю,

І штодзень бізуном альбо тацаю

Кроў па кроплі ўсе ціснуць тваю.

 

А мы ўсё ці аралі, ці сеялі,

Рукі цешылі працай умелаю,

Забываліся мроямі чыстымі,

Ды пабудка, як дзень наступала,

Нібы хваляў сцяна перад выспамі,

Перад намі варогаў навала.

 

5.Вораг

 

Перад намі варогаў навала,

Як стагоддзі мяняюць іх твар,

Ды душа перамен не спазнала,

Не згасае там хцівасці жар.

Хоць там немец, хоць лях, хоць расеец,

Іх аднолькавы точыць чарвяк,

Зразумець не жадаюць, не ўмеюць:

Тут не рускі жыве, не паляк.

 

Тут жывуць беларусы спрадвеку,

Церпяць тут і канаюць ад здзеку.

Новы дзень зноў бядой узгарае,

Б’е маланкай па гэтым краі,

Новы вораг сюды падступае,

Там чужынцы, тут жменька сваіх. 

 

6.Нечысць

 

Там чужынцы, тут жменька сваіх,

Там нахабная, лютая зграя,

Што чужынцы? Вядома, ад іх

Мы ўсялякага ліха чакаем.

Што чакаць, адкажы, Беларусь,

Нам ад злыдняў, табой спараджоных,

Што па часткам цябе прадаюць,

Што табе пагражаюць палонам.

 

Паглядзіце, як нечысць шыкоўна,

Тут жыве, бы ў раі, усяроўна,

Раскашуе на шыі народа,

Наша гора, наш боль растаптала,

У кайданы ўкавала свабоду.

Як нас мала, мой Божа, як мала.

 

7.Адраджэнне

 

Як нас мала, мой Божа, як мала,

Не ўрадзіла нас болей зямля,

Кепска сонца яе сагравала,

І была ўся з камення ралля.

Мы па каліву цяжка ўзрасталі,

Нас ламаў, нас таптаў градабой,

Мы ў сібірах сябе пахавалі,

На вайне заліліся крывёй.

 

Ды ад кожнай сцяблінкі спрадвеку

Хоць зярнятка хавалі ад здзеку,

І вось “трубы гудуць над Гародняй”,

Менск пагонічаў кліча сваіх,

Мы – жывыя, хай нават і сёння,

Як заўсёды, нас меней, чым іх.

 

8.Досвітак

 

Як заўсёды, нас меней, чым іх,

Як заўжды, у нас горшая зброя,

Нам падмогі няма ад святых

І няма нам спагады людское.

Шлях замкнула гісторыя свой,

Інсургентаў калісь прадавалі,

А сягоння бязмоўнай гурбой

Галасы недавяркам аддалі.

 

Бач, абселі наўкола панамі,

Бач камандуюць велічна намі

Ды такі ненадоўга хаўрус,

Новы дзень, новы час наступае,

Мы ўстаём за сваю Беларусь,

Таўкавіска ад зброі зіяе.

 

9.Мэта

 

Таўкавіска ад зброі зіяе,

Таўкавіска сцягамі гарыць,

Наша справа ў той бітве святая,

Мы Радзіму ідзём бараніць.

Ад пагарды ідзём, ад бязволля,

Ад спакусы пакорай раба,

Ад бязвер’я, душэўнай няволі...

Тут за прышласць зямлі барацьба.

 

Жыцці мы ўжо даўно паламалі,

Сэрцы ў латы стальныя ўкавалі.

Мы супроць той пакоры лядачай,

Што народ мой з жывёлай раўняе,

З нашых душаў і сэрцаў гарачай

Таўкавіска крывёй заплывае.

 

10.Поле

 

Таўкавіска крывёй заплывае,

Ды за шыхтам зноў шыхт устае,

Год за годам Пагоня збірае

Нас пад светлыя сцягі свае.

Год за годам зямля Беларусі

Пасылае ўсё новых сыноў,

І ні мукі, ні смерць не прымусяць

Іх адгэтуль вярнуцца дамоў.

 

Наша поле ляжыць не пад Менскам,

Не пад Вільняй, Варшавай, Смаленскам,

Душы, сэрцы, надзея і гнеў,

Беларусь, поле тое – мы самі.

Крумкачоў чуцен жудасны спеў.

Мы за край свой кладзёмся касцямі.

 

11.Неўміручасць

 

Мы за край свой кладзёмся касцямі,

Толькі душам спачыну няма,

Зыркай помсты святымі агнямі

Ім зігцець у бязмежжы цямна,

Ім лятаць, ім блукаць у прасторы,

Новых целаў рупліва шукаць,

Душы тых, хто загінуў учора

Заўтра будуць ізноў ваяваць.

 

Вольны дух Беларускай краіны,

Ты не знік, не прапаў, не загінуў,

Ты ў Сусвеце бязмежным лунаеш,

І гадуеш сыноў ты сваіх,

Светлай мараю нас асвятляеш

У тым нашым апошнім баі.

 

12.Стойкасць

 

У тым нашым апошнім баі,

Колькі б злыдням ні рвацца, ні пяцца,

Мы патонем у моры крыві,

А назад не адзін не падасца.

Не саступім ні пядзі зямлі

І ні слоўца радзімае мовы,

Мы сцягі не на жарт паднялі,

Не на дзень мы скідалі аковы.

 

Родны край, ты адзіны на свеце,

Мы ж усе – твае грэшныя дзеці.

За свабоду тваю і за шчасце

Мы ў адказе і толькі мы самі,

Тварам стрэнем любыя напасці.

Наша крыўда... Яна перад намі.

 

13.Праклён

 

Наша крыўда... Яна перад намі,

Нашы ворагі ладзяць хаўрус,

Як ваўкі, зноў скрыгочуць зубамі,

Сцеражыся, бядак-беларус.

Камуніст і расеец натхнёна

Дзеляць нашу святую зямлю,

І гразяць нам апошнім палонам,

І звіваюць на шыю пятлю.

 

Дык праклятым хай будзе маўчанне,

Ласкі нечай сляпое чаканне.

Хай праклёны наўсіх тых да скону,

Хто шчэ ў нашых шыхтах не стаіць,

Мы ўстаем на Зямлі абарону,

Мы зракаемся месца ў раі.

 

14.Грэх

 

Мы зракаемся месца ў раі,

Мы даўно саграшыць не баімся,

Мы свабодны ва ўчынках сваіх,

Ад ратунку душы адракліся.

З сэрцаў вырвем спагаду і жаль,

Перад выбарам сродкаў не станем,

Нас не можа абцяжваць мараль,

Нас дабром немагчыма параніць.

 

А на шалю грахоў на тым свеце

Грэх адзін нам не ляжа, паверце,

Грэх пакоры, бязвер’я, адчаю,

Здрады грэх не запішуць за намі.

Перад лёсам радзімага краю

Мы стаім у шаломах з мячамі.

 

15.Бой

 

Мы стаім у шаломах з мячамі.

Па-над намі – сцягі і сцягі,

У нас крылы даўно за плячамі,

На нагах цяжкай гірай грахі.

Перад намі варогаў навала,

Там чужынцы, тут жменька сваіх,

Як нас мала, мой Божа, як мала,

Як заўсёды, нас меней, чым іх.

 

Таўкавіска ад зброі зіяе,

Таўкавіска крывёй заплывае.

Мы за край свой кладзёмся касцямі

У тым нашым апошнім баі.

Наша крыўда... Яна перад намі,

Мы зракаемся месца ў раі.

 

***

Ад лідскіх муроў

Пачынаем мы крок,

Да лідскіх муроў

Павяртаем мы зрок.

 

Ад гэтых стаўпоў

І спрадвечаных сцен

На лёсы вякоў

Апускаецца цень.

 

Байніцы гудуць

 старадаўні напеў,

як важна пачуць,

улавіць гэты спеў.

 

Ліда Дайнаўская

 

У пачатку мінулага тысячагоддзя

Тэрыторыя Лідчыны ўваходзіла

Ў склад Дайнаўскага (Дайноўскага)

Княства. Паводле Тодара Нарбута

Ліда была сталіцай гэтага княства.

У 1261 (1270)годзе дайнаўскі,

А, магчыма, і лідскі князь

Трайдзень стаў

Вялікім князем Літоўскім

 

Стольная Ліда! Хіба толькі сніцца

Тая вершыня гістор’і тваёй,

Колісь была ты Дайнавы сталіцай,

Радзіла слаўнай, свабоднай зямлёй.

 

Грозна князі заязджалі пад брамы,

Меч выціраўшы бярозы лісцём,

Спеўныя гуслі, багамі абраных,

Мужнае іх апявалі жыццё.

 

Стольная Ліда! Забылі нашчадкі

Твой старажытны высокі палёт...

Ціха капае пад бульбачку градкі

Ціхі, маўклівы, спакойны народ...

 

Ды не праходзіць вялікасць бясследна,

Дрэмле, гібее, ды толькі жыве...

Прыйдзе гадзіна, і ў славе вялебнай

Зноў заіскрацца каменні твае.

 

Сыдуць дайнаўцы

З стагоддзяў бязмежных,

Ў душах унукаў дзяды збудзяць рух,

Зродзіць сталіцу тут наш незалежны,

Наш беларускі нязломлены дух.

 

Лідзейка з-над Лідзейкі

 

Аднойчы на паляванні князь Гедзімін

Знайшоў у арліным гняздзе

Малога хлопчыка. Яго назвалі

Ліздзейкам. (Lizdas па-балцку –

гняздо).Пазней Ліздзейка стаў

галоўным вешчуном ВКЛ. Зусім

верагодна, што назва горада Ліда

паходзіць ад гэтага слова Lizdas

 

Раз у пушчу, за даліну

На краі Дайновы

Почат князя Гедзіміна

Выехаў на ловы.

 

І на дубе, на высокім,

Між крывых галінаў

Нешта ім упала ў вока

На гняздзе арліным.

 

Князь паслаў туды пахолка,

І ён з дуба тога

Ўніз даставіў спрытна-лоўка

Хлопчыка малога.

 

- Бачыш ты, як ён высока

Ўжо “ўзляцеў” з радзінаў,

Будзе шлях яму далёкі

Побач з Гедзімінам...

 

А з таго, што на гняздзе тым

Хлопца адшукалі,

Імя годнае Ліздзейка

Ўраз яму надалі.

 

І мясціну тую Ліздай

Нараклі адразу,

Праз гады тут стане Ліда

З вышняй волі князя.

 

А пасля пачнуць калейкай

Баяць казкі людзі...

...Пра Ліздзейку з-над Лідзейкі

Згадкі ў іх не будзе.

 

Лідскі замак

 

Чырвоныя сцены Лідскага замка

Асабліва ярка глядзяцца на фоне

Белага снегу і белага неба.

 

Між белых снягоў і белых нябёсаў

Чырвоныя сцены стаяць.

За ласку багоў і зменлівых лёсаў

Стагоддзі над імі бруяць.

 

Стагоддзі няслі то разруху, то войны,

Пажарамі горад пылаў,

А сімвал зямлі, у вяках неадольны

Мацней да валоў прырастаў.

 

Парушаны сцены і вежы ўзарваны,

І ўвесь ужо ў крушні залёг,

Ды ў сіле нязменнай і славе нязганнай

Яго абярог моцны Бог.

 

І вось з-пад грахоў і бяздолля наносаў

Зноў час нам спадобіў паўстаць...

...Між белых снягоў і белых нябёсаў

Чырвоныя сцены стаяць.

 

Маці Божая Лідская

 

У Лідскім фарным касцёле вісіць абраз Маці

Божай Ружанцовай, які з’явіўся ў Лідзе да

Хрышчэння Літвы. Існуе легенда,

Што менавіта гэтым абразом Ягайла

Хрысціў наш край.

У касцёле створана малітва з нагоды

600-годдзя гэтага абраза.

Тут пераклад малітвы з польскай мовы.

 

Ты ў Лідскай фары трон сабе злажыла,

Каб даць нам моцы ў жыцця час,

Мы верым Маці, Ты нас палюбіла

І не пакінеш болей нас.

 

Рэфрэн.

Стала крыніцай веры і сілы,

Шэсць соцень год яўляла нам цуд,

Змрокам цярпення і днём шчаслівым

Ты – каралева, а мы – Твой люд.

 

Ты нашу падзяку прымі з малітвай

Сэрцам Табе шлём голас свой

За ласкі струмень так шчодра разліты,

За мацярынскі клопат Твой.

 

Рэфрэн.

Стала крыніцай веры і сілы,

Шэсць соцень год яўляла нам цуд,

Змрокам цярпення і днём шчаслівым

Ты – каралева, а мы – Твой люд.

 

“Бог, Гонар, Айчына”

 

“Бог, Гонар, Айчына”, - дэвіз

Беларускай (ліцьвінскай) шляхты,

Пад якім яна жыла,

Змагалася і памірала.

 

Толькі ў хаце шляхочай з’яўляўся хлапчына,

І ў люльцы яшчэ немаўля калыхалі,

А вечныя словы: “Бог, Гонар, Айчына”, -

Што раз і што дзень над калыскай гучалі.

 

Як рос, перажыў шмат крывавых гадзінаў,

Пагоня бацькоў і дзядоў падымала,

І грозным наказам: “Бог, Гонар, Айчына”, -

Яму з-пад харугваў-сцягоў далятала.

 

А сеў на каня, развітаўся з дзяўчынай,

Нялёгкая ратная служба чакала,

Каб помніў давеку: “Бог, Гонар, Айчына”, -

Каханая ціха яму прашаптала.

 

...Татарскі набег, кроў цячэ ручаінай,

Пад вязняў нагамі дарога пыліць,

Ды чуецца раптам: “Бог, Гонар, Айчына!”

Ліцьвінская шляхта ў адсечу ляціць...

 

...Звярыны ашчэр пад сяброўскай лічынай –

Маскоўцаў арда паланіла наш край,

Ды ў сэрцы ўскіпае: “Бог, Гонар, Айчына”  -

На смертную сечу, шляхецтва, ставай...

 

Нясвіжская, менская, лідская шляхта,

З мястэчак, засценкаў і вёсак глухіх,

З Бярэсця, Гародні, з палацаў і хатаў

На бітву ўздымала з малых да старых.

 

І клала галовы на поле і плаху,

За край свой гарачай крывёю сцякла,

Ні жалю не знала, не ведала страху,

“Бог, Гонар, Айчына” ў душы берагла.

 

Паўстань жа, ліцьвінская шляхта, сягоння

Бо злыдні тваю захапілі краіну,

І хай нам званіцы ізноўку зазвоняць

Адвечным набатам: “Бог, Гонар, Айчына”.

 

Панегірык на герб горада Ліды

 

17 верасня 1590 года прывілеем

Вялікага князя Літоўскага

І караля Польскага

Жыгімонта IV Вазы гораду Лідзе было

Нададзена Магдэбургскае права

І гарадская пячатка з гербам:

Ільвом і двумя перакрыжаванымі ключамі.

Як сядалі Паны-Рада

Ды на стольнай Вільні,

Як давалі Паны-Рада

Герб для места Ліды.

 

Першы кажа:

-         Хай ён ззяе

На французскай тарчы,

Каб шляхетнасць тога Краю

Мы маглі адзначыць.

 

Другі кажа:

-         Ўспомнім толькі,

Як ім там жылося,

І крыві чырвонай колькі

Ў Лідзе пралілося.

 

А як біліся лідзяне

На Грунвальдскім полі,

Ні адзін адтуль дадому

Не прыйшоў ніколі.

 

Колер мужнасці чырвоны

Ім дамо па праву

Хай унукі ды прымножаць

Дзедаўскую славу.

 

Трэці кажа:

-         Пан вяльможны,

За Грунвальда ззянне,

Дзе, як леў, лідзянін кожны

Біўся да сканання,

 

Леў павінен быць на гербе

Ў слаўным месце Лідзе,

І ніколі горад гэты

Мужнасць не абыдзе.

 

А чацвёрты кажа:

- Далей,

Не забыць нам трэба,

Што пад Лідай адчынялі

Для ліцьвінаў неба,

 

Што кароль Ягайла з Ліды

Пачынаў хрышчэнне

Ўсёй Літвы, і мы блакіту

Дзеля праслаўлення

 

Той вялікае падзеі

На герб Ліды сыпнем,

Будзе сімвалам надзеі

У жыццёвым кіпні.

 

Пяты кажа:

-         Кожны знае:

З Божага рачэння

Адчыняе дзверы раю

Нам усім хрышчэнне.

 

То ключы Пятра Святога

Ды ад райскай брамы

Ў завяршэнне герба тога

Дадамо таксама.

 

Шосты кажа:

-         Як зацвердзіць

Герб Вялікі княжа,

Слаўны шлях на векі векаў

Гораду пакажа.

 

Як ставалі Паны-Рада

Ды на стольнай Вільні,

Як няслі да Жыгімонта

Герб для места Ліды.

 

Як рукою каралеўскай

Герб той змацавалі,

Каб ніякія зладзействы

Ў нас яго не ўкралі.

 

Каб далёкія нашчадкі

Герб той шанавалі,

Паміж мужнасцю і небам

Шлях свой выбіралі.

 

Друкары

 

Сярод беларускіх першадрукароў

Належнае месца займае Ян Карцан

(?-1611) з Вялічак з-пад Мінойтаў

Каля Ліды, які выдаў 101 кнігу.

Яшчэ 40 кніг выдаў яго сын Язэп Карцан.

Першай кнігай, што выдаў

Ян Карцан у друкарні Яна Кішкі

Ў Лоску было сачыненне

Сымона Буднага

“Аб артыкулах веры”

 

Яны прыйшлі магутнаю кагортай,

Наступнікі Францішка Скарыны,

Яны з’явіліся не з дальніх портаў

І не з краёў вучонай чужыны,

 

Яны ўзрасталі тут, на нашых нівах,

Мсціславец Пётр і Федаровіч Ян,

Яны ўсплывалі ў нашых рэк разлівах,

Васіль Цяпінскі, Будны і Карцан.

 

Яны ўсе розныя і вераю, і мовай,

Ды ўсе любімыя для краю, для свайго,

І ціснулі варштаты тое слова,

Што сталася пачаткам усяго.

 

Іх розныя натхнялі краявіды,

І розны быў ад іхняй працы плён,

Ды толькі ўжо друкуе Ян з-пад Ліды,

Што на Нясвіжы напісаў Сымон.

 

І тым злучае ён часы і далі,

І думак бегі, і хаду падзей,

І робіць так, каб кнігі паядналі

У нацыю раскіданых людзей.

 

І хай ляжаць тамы без велькай справы

Па сховішчах праз сотні зім і лет,

Яны ў фундаменце ляжаць дзяржавы,

На іх трымаецца наш беларускі свет.

 

Таму і слаўныя па нашым краі

Мсціславец Пётр і Федаровіч Ян,

Таму ва ўдзячнай памяці ўсплываюць

Васіль Цяпінскі, Будны і Карцан.

 

Заполле

  

Паводле прафесара Ягелонскага

Універсітэта ў Кракаве Здзіслава Яна Рына

Ў 1828 годзе Ігната Дамейку,

Які знаходзіўся ў высылцы ў Заполлі

Пад Лідай, наведаў Адам Міцкевіч.

 

Брычка гайдаецца плаўна

Ў новых і модных рэсорах,

Тройкаю конікоў слаўных

Аж з-пад Наваградскіх гораў,

 

Вёсак мінаючы хаты,

Збожжа мінаючы поле,

Едзе Адам да Ігната

Ў ціхае наша Заполле.

 

Брама вянкамі абвіта,

Квеціцца краскамі лета,

Дворня ў навюсенькіх світах

Шчыра вітае паэта.

 

Пан сам спускаецца з ганка,

Вока слязой набрыняла,

Будуць сягоння да ранку

Згадваць, як колісь бывала.

 

Памяць абудзіць няспешна

Вобраз сяброў-філарэтаў,

Стане хвілінаю смешна,

Стане і сумна за гэтым.

 

Будуць шчаслівыя разам,

Быццам юнацтва вярнулі...

... Іхнія словы сам-насам

Толькі нябёсы пачулі...

 

Сёння нячыстая сіла

Знішчыла тое Заполле,

Душы вялікіх ліцьвінаў

Каб не вярнуліся болей.

 

Толькі стараліся дарма,

Памяць людская – не хата,

Помняць у Лідзе Адама,

Помняць у Лідзе Ігната.

 

Міцкевіч у Лідзе

 

Каля вёскі Больценікі колішняга Лідскага

Павету стаяў маёнтак графа Путкамера,

Дзе і жыла пасля замуства Марыля Верашчака.

Адам Міцкевіч бываў там, але часта

Наведвацца да замужняй графіні не мог.

Праязджаючы ж праз Ліду і

Павет ён думаў пра каханую колькі хацеў.

Бюст Міцкевіча ў Лідзе пастаўлены так,

Што паэт вечна змушаны глядзець у бок

Больценікаў.

 

З Наваградка ў Вільню, хоць едзь, хоць бяжы,

А Ліду яму ну ніяк не мінуць

І ззяюць здалёку касцёлаў крыжы,

І замка руіны пра вечнасць гудуць.

 

І колькі разоў каля велічных сцен

Паэт праязджаў ці ішоў пехатой,

І колькі разоў ціхі вечара цень

Змушаў прыпыніцца яго на пастой.

 

Адсюль выглядаў ён вячэрняй парой

За далеч пагоркаў, балот і азёр

Туды, дзе туліўся пад ліпай старой

Да болю знаёмы шляхочы той двор.

 

Той двор недаступней фартэцы стаяў,

Яму не ступіць і да брамкі яго,

За брамкай, за той – што любіў,што кахаў,

За што мог пазбыцца хоць жыцця свайго.

 

Ад Ліды туды, як рукою падаць,

А нельга, а нельга і кроку ступіць,

Графіню Путкамер ці

Конструктор сайтов - uCoz