Алесь Стадуб

 

Біяграфічная даведка

Родам з Меншчыны (в. Юшавічы Нясвіжскага раёна). Закончыў Яраслаўскі педагагічны інстытут імя К. Дз. Ушынскага. Дзевяць гадоў кіраваў мастацкімі харавымі калектывамі. Доўгі час працаваў у сродках масавай інфармацыі. Потым - у сістэме адукацыі. Жыве ў Лідзе. Публікаваўся ў “Настаўніцкай газеце”, “Чырвонай змене”, “ЛіМе”, “Гродзенскай праўдзе”, “Піянеры Беларусі”, у мясцовых выданнях, у часопісах “Беларусь”, Работніца і сялянка”, “Родная прырода”, “Ад Лідскіх муроў”, у калектыўным зборніку “Бацька наш Нёман”. Аўтар зборнікаў вершаў "Сюжэт на фоне надвячорка", “Калінавыя гроны”(2001), “Водгук ісціны” (2007), “Шэпты крыл” (2010), "Скрыжалі" (2011) і інш. З’яўляецца сябрам Саюза Беларускіх пісьменнікаў.

 

Вершы

 

Астравок

 

На фоне вечнасці – астравок.

У гібелі ў вачах – жывучы.

Я на плаве – у лёсу – паплавок,

У спадчыны – надзейны вучань.

Пад сцягам Бацькаўшчыны сох і мок,

Здаваў на вернасць ёй экзамен.

...І кожны з нас да часу астравок

Між астраўкоў такіх, як самі.

 

Усё адносна

 

У гэтым свеце ўсё адносна:

І першы гром, і моц сука,

І закаханай погляд млосны,

І цёплы локаць сябрука,

І захапленне выйграць шчасце,

І грэх спакус не паўтарыць.

Але каго не страшыць часта

Той збан, што носяць да пары?

 

Мне ад сваіх збаноў аж млосна.

Другі б на ўсё махнуў рукой.

 

У гэтым свеце ўсё адносна:

Шанцунак, гонар і спакой.

 

***

Пытаешся: а што важней?

Даўнейшае ці недажытае?

Ці песні некалішніх жней?

Ці мара варажбітная?

Ці недавер, ці мо пагляд?

Ці тэкст, ці сэнс падтэксту?

Я не скажу табе наўгад,

Дасціпны мой маэстра.

Ў цябе самога ёсць чало,

Цяжарнае на веды.

А мне здаецца: век было

Ўсяму пачаткам credo.

 

Постаць часу

 

Я –

постаць часу,

Плоць яго і цень,

Мяжа дабра і зла,

Спакусы і спагады,

Люстэрка ўпартых,

Амплітуда ўцех,

Жыццёвы персанаж

У кадры і за кадрам.

Рухавіць страх ад тых,

Хто рвецца ўслед.

Інстынкт, як і ў мяне,

Каб недзе не спазніцца.

На іх стракатага

Жыцця буклет

Цень навядуць унукі

Са сваёй

Званіцы.

 

Неспазнанасць

 

Спякотныя леты,

Марозныя зімы

І нізкаальтовае восені

Астры.

І горы,

І моры,

І нівы,

І мы –

Шэдэўры

Нябачнага

Майстра.

Любуецца ўсім

Панарамны Сусвет

У ціхім

Марудным

Глухім

Задуменні.

А знічкі

Да нас,

Пракладаючы след,

Згараюць

У дзёрзкім памкненні.

 

Натхненне

 

Прайшло са мною ты паўсвету,

І радасна мне падалося:

Яшчэ не ўсё дуэтам спета

У вершатворчым шматгалоссі.

 

Мінецца веку май і жнівень,

Ды не мінешся ты, натхненне.

І будзе нехта зноў шчаслівы

Ад волі, ўзнёсласці, імгнення.

 

Напішам

 

Душа мая – вера, адпраў

У нябыт недавер’е,

Будзь чыстым для заўтрашніх спраў –

Будзь стосам паперы.

 

Надзея, будзь правым крылом,

Любоў мая – левым.

Мо справімся разам са злом,

Такім набалелым.

 

Ля Нёмана

 

Так хочацца

Часам згубіцца

У нейкім нідзе.

Так хочацца часам

 Забыцца

Пра вёслы надзей.

 

Няўжо

Патапрагная праца

Так мной

Панукаць будзе век.

А думак няўмольнасць

Заткацца

Зноў просіцца

Ў верш.

 

Купаюцца ў рэчцы

Аблокі –

Кавалкі нябесных гардзін.

Пражытага веку абломкі

Перабіраю адзін.

 

Даруй

 

Як перад Маці і Сумленнем,

Мая святая Беларусь,

Я прад табою на каленях

Назад грахі свае бяру.

 

Бяру, каб на кастры цярпення

Пераагніць у забыццё

І недаспелае сумленне,

І позніх думак пачуццё.

 

Грашыў маўчаннем сарамлівым,

Калі за горан твой у бой

Ісці я мусіў між руплівых

Сыноў, асвечаных табой.

 

Ты вечнасцю сваёй чаруеш

І золакам найсветлых мар.

Не ўсё я сам сабе дарую.

Што можаш – мне даруй сама.

 

Дысанансы

 

Боль заные глуха

Сумам жураўля,

Радасць усміхнецца

Раннім жаваронкам.

А касцей нявінных

Мучыцца зямля.

Ад любві дзяўчаты

Войкаюць спрасонку.

Гэты сум, і спеў,

І боль, і сон, як ток,

Працінаюць памяці маёй

Дыскету.

 

Па аснове роднай

Недарэчны ўток:

Тчэ Нязгода ветразь –

Новы ветразь Свету.

 

Для перамог

 

Пяюць вяселлі і радзіны.

Спрыяй іх роду, шчодры Бог.

Больш будзе моцы у Радзімы

Для перамог...

 

ХХ век

 

Адштармаваў ХХ век.

Ўздыхнуў –

І больш ні слова.

ЁН век франтоў,

І век калек,

І бабылёў, і ўдоваў.

 

Адмуштраваў ХХ век –

Надзей і недавераў.

Спакусы ў свеце бралі верх,

Каб больш было амерык.

 

Адгараваў ХХ век –

І працаўнік, і знаўца.

Ваўчэе сення чалавек

Ад дабраты данайцаў.

 

Занатоўка

 

Я пустога баюся стала.

Рады чыстаму стосу паперы.

Не набыў ні двара, ні кала

Ад сардэчнага Музе даверу.

Занатоўка – чатыры радкі,

Нібы вокны чатыры у хаце.

Як пружынныя ўзмахі рукі

Дырыжора у маршавым такце.

Мае вершы – імкненне ў прасвет.

А ці ўдасца ў прасвет той дацэліць?

 

Тая вось малышня на траве

Будзе лепш за мяне мудрагеліць.

 

***

Не проста быць Чалавекам:

Злавацца, курыць, маўчаць,

Вылузвацца з цемры няўмекам

У свету ўсяго на вачах.

 

Калі сарамяжлівы, пешы,

Калі не здабыў заваёў –

Сабак на цябе навешаюць

І – не дакажаш сваё.

 

Дарэмна ад веку апеку

Чакаць у любую пару.

Не проста быць Чалавекам,

Ціхмяны ты мой беларус...

 

Будуць

 

Аджыву і не вярнуся

Ні дадому, ні да кніг.

Будуць Колі і Ганусі

Па слядах хадзіць маіх.

 

І туман, і кветкі будуць,

І мурашкі па спіне.

Нехта вас не ў час разбудзіць,

Як не раз будзіў мяне.

 

Жарабя заржэ трывожна,

Косю страціўшы з вачэй.

І над Нёманам, і Сожам

Клопат новы прыпячэ.

 

Будзе ў свеце мір і згода

З недаверам папалам.

Будзе шпак галінку гойдаць,

Будзе клёкацца буслам.

 

Будзе вера ў Збаўца мукі,

Ды як трапіць на Парнас.

Будуць праўнукі і ўнукі

Думаць, толькі не пра нас.

 

Спрадвеку

 

Спрадвеку ўсё адно і тое ж:

Сяўба, жніво, радзіны, смерць.

На шалях грэшнае й святое.

У доме сум, у цырку смех.

 

Жыццё становіцца у позу –

Жджэ нас аўралаў сёмы вал.

Як цяжка перайначыць прозу

У паэтычны серыял.

 

Здаецца блізкае далёкім,

Здаецца роднае чужым,

Але ўздыхаецца з палёгкай,

Калі прачнуцца капяжы.

 

***

Спакусы і зайздрасць –

Адны недарэчнасці,

Як злосць і як радасць,

У прыгаршчах вечнасці.

 

Ляціць цягнік

 

Зноў на душы такі рэгрэс,

Аж у душы не месціцца.

Цягнік як апантаны прэ

Навыперадкі з месяцам.

 

На месяц той за разам раз

Суседка вокам кіне.

Ды і ў самога ў позні час

Што-кольвек на ўспаміне.

 

Ніхто не скажа: “Папрасі

Нам, месяц, ласкі ў Бога

Што “иже есть на небеси”

Там, у цябе пад бокам”.

 

Бітком, як завязаць, людзей,

І ўсе ад стомы кволыя.

Ляціць цягнік у новы дзень,

Нібы з агню у полымя.

 

Не наракай

 

Не наракай на соль, на раны.

Нас выпадкі падводзяць часта.

Не, лёсам мы не пакараны,

Мы – пакараны часам.

 

Не частка хвалі варухлівай,

Мы – нейкі бераг мора.

Жыццё – прылівы і адлівы,

Жыццё – і штыль, і штормы.

 

Мо невядома і нябёсам,

Дзе дабрыні запасы.

З табой не пакараны лёсам –

Пакрыўджаны мы часам.

 

Эпохі

 

Эпоха эпоху не любіць.

Эпоха эпосе не верыць.

Любая з эпох не марудзіць

Па-свойму і кроіць, і мераць.

 

У кожнай свае прэтэндэнты

На вечнасць, на славу, на гонар.

У кожнай свае дысідэнты.

Без іх мо было яшчэ горай.

 

Не ўсе зарастаюць мохам

Мінулага часу адценні.

Ад тых, ад дзядоўскіх эпохаў,

Да нас пранікаюць гены.

 

І мы прывыкаем патроху

Да абяцальнікаў словаў.

А новая ў вочы эпоха

Смяецца і правіць часова.

 

Разам

Як доўга нам да Беларусі

Н. Гілевіч

Кожны мае свой голас

І арбіту сваю.

Патрыётаву школу

Я тваю прызнаю.

Страх – адбіцца баюся.

Мэта й мне даражэй.

Разам да Беларусі

Нашмат будзе бліжэй.

 

Праекцыя на роздум

 

Пілуем, карчуем дрэвы

Мінулага веку і часу.

А нехта за нас не дрэмле

І жоўтай, і чорнай расы.

 

Без змовы яны і не ў пары

У думках аб саджанцах новых –

Каб лісцяў хапала на лаўры,

Для ганьбы – галінак цярновых.

 

Пілуем, карчуем дрэвы –

Традыцый і мовы, і веры...

Пад музыкі дзікай напевы

Чмурэюць хлапцы-кавалеры.

 

У белай кашулі

“Прыбяжы да мяне, Беласток,

У белай кашулі груш”. Ян Чыквін

 

“Прыбяжы да мяне, Беласток,

У белай кашулі груш”.

Чаму ж белкашульны радок

Не мне напаткаўся, чаму ж?

 

Духмянае волі пару

Чаруе надзейная ціш.

У белай кашулі груш

Бяжыць да мяне Нясвіж.

 

Эцюд

 

Світанак рана прачынаецца –

І ўсё, як вечна, пачынаецца.

Хто першы ласкай памірыцца,

Хто вострай злосцю пасварыцца.

Малы пачне яго слязою:

“Я недаспаў. Яшчэ – расту”

Старая на лужок з казою

Папхнецца, тапчучы расу.

 

А я на чысты аркуш ранку

Радкі душы наструню зноў.

Успомню Нарач, голас Танка

І неблагі світальны клёў.

 

Цішыня

 

Расце трава у цішыні,

Расце дзіця начамі,

Растуць мо нават камяні,

Калі наўкол маўчанне.

 

І слова спее ў цішыні,

І сум, і злосць, і воля.

Яна ўся – здольнасць бараніць,

А той прачнуцца болем.

 

Ты не марудзь. Хоць чуць глытні.

І будзе чарцы годзе.

За нас... таксама ў цішыні,

Калі туды пяройдзем.

 

***

У вершах, музыцы і сэрцах

Свае і вольнасці і рытмы.

Я на твае спаткнуўся рыфы

У рэчышчы задум, здаецца.

 

Мы – палюсы адной планеты.

Нідзе ўзаемнасцям не дзецца.

У вершах, музыцы і сэрцах

Санаты, радасці, санеты.

 

Бяссмерце

 

А я – не ўмоўны,

Не адмоўны,

Нязгінны я,

Надзейны я.

Я не шматслоўны –

Аднамоўны.

І мова –

Матухна мая.

 

Заценне сённяшняй

Часовай

Хмурынкі

З ганьбаю сплыве.

Маё бессмерце –

Наша мова.

Як Бог,

Як сонца,

Як сусвет.

 

***

У ветразь юных мар тваіх

Падзьмулі іншыя вятры.

Цяпер наш смутак на дваіх,

Як тая радасць да пары.

 

І гэты боль не праміне.

Ён з часам большае ўдвая.

Трывожна сёння снішся мне,

Як сніўся жартаўлівы я.

 

***

М.Ф.

Турботны я кажнюткі дзень,

Сваю душу пужаю д’яблам.

За мной ўсе зліліся ў цень,

Каму даваў спакусы яблык.

 

Як сон, загадкавы мой век.

Разваражыць ніхто не здольны:

Ці то ў Хрыста я ў галаве,

Ці грэшных звычак раб пакорны.

 

Пра свой юначы мадэрнізм

Табе маруджу спадзявацца.

Але спляліся карані –

Нас раз’яднаць ужо не ўдасца.

 

Рэчанька

 

Песню гэту запісаў у Карэліцкім раёне

Некалі малады Генадзь Цітовіч, таленавіты

Сын беларускага народа – фалькларыст,

Дырыжор, кампазітар.

 

Нітку доўгую гадоў

Накруціла сноўніца.

Чуткім рэхам юных дзён

Сэрца зноў напоўніцца,

Калі песня успырхне,

Даўняя сустрэчанька.

Ты, як першая любоў,

Ой, рэчанька, рэчанька.

 

І хто ж выпесціў цябе?

Малацьбіт, кудзельніца?

Ўдаль на хвалях трапяткіх

Люляе прыпеўніца.

Можа, сваху хмель хмяліў

І ў гуморы шчэўпіла:

- Янка коніка паіў,

Маня воду чэрпала.

 

Весялосцю і журбой –

Рэчанька-сябрыніца –

Паміж мною і табой

Ціхай песняй плыніцца.

 

Палоннік

М.Ф.

Не адчароўвай ад жаданняў,

Заменнасцю не спакушай.

Свайму жаданню ўся аддана

Мая мембранная душа.

 

Яна – нястомная нязгоднасць

З дрымотай бесканфліктных дум.

На вершы перастане моднасць –

На прозу з вершаў перайду.

 

Няўдзячнай творчасці палоннік

Бяссрэбнага свайго жыцця,

Я – ад паэзіі паломнік

У свет святога пачуцця.

 

Надзея

 

А ты спяшайся да мяне,

Усе закрэсліўшы цярпенні.

Заменім праўду, што ў віне,

На востры смак шампанска-пенны.

 

Марудны год не раз міне,

Знікчэмняцца чабор і верас,

А ты спяшайся да мяне

З любоўю, радасцю і верай.

 

Знячэўку скроні ўзрост кране,

Да зменаў прызвычаюся.

А ты спяшайся да мяне,

Як да цябе спяшаюся.

 

Некалі было

 

Некалі было Гародзей,

А сягоння – Гарадзея.

Я амаль адсюль што родам.

Тут надзею абнадзейваў.

 

У фантазію ўлюбёны,

Падбадзёрваў смела смеласць.

Рушыў я адсюль зялёным

У нязведаны свет белы.

 

Не шкадую, што сюрпрызы

Тасавалі, кантавалі.

Сум глядзіць праз часу прызму

На гадоў мінулых далі.

 

Завядзе дарога ў вёску –

У прыполік маладосці, -

Для адных тут свой у дошку,

Для бязвусых – нейкі, хтосьці.

 

Чарка скліча на прыемнасць,

Пагамонім, пабядуем.

Пазайздросціць узаемнасць,

Узаемнасць пашкадуе.

 

Асенняе

 

Мінор будзённых мараў,

Цяжар атавы роснай.

Прагал зірне між хмараў

Усмешкай лёгкіх вёснаў.

 

Як чужаніцы дрэвы –

І без душы, і мовы,

Вільготны вецер дрэмле

У іх скразных галовах.

 

Рыпяць праблемаў восі,

У целе ные верад.

Паціху цягне восень

Падзей туманных нерат.

 

Чэснае слова

 

Пад чэснае слова

Здаўна пазычаем.

Пад чэснае слова

Мы нанач пушчаем.

Пад чэснае слова

Ў дарозе мы верым,

Мы чэснаму слову

Не ведаем меры.

 

Як дзеці,

Даверліва век давяраем.

Не верым у сталасці

Ў пеклы і раі.

Не верым, што час

За давер пакарае.

А ісціна гэта,

Як вечнасць, старая.

 

***

Ах, Марынка, ты, Марынка,

Майго лёсу палавінка.

Ты заўсёды скокам-бокам,

Часам колючы папрокам.

Скардзішся, са мной гаруеш.

Дык скажы, чаму ж чаруеш?

Ці працую, ці гуляю –

Сваёй ласкай забаўляеш.

Збіўся ў лесе – адгукала,

У тумане – адшукала.

Ах, салодкая малінка,

Ах, гаркавая калінка,

Майго лёсу палавінка.

 

На сёмым

 

Мы самі злавіліся сёння.

Ваколіца нас запрасіла.

Дзітва пустарыбная сонна

Да Нёмна хістае пасіўна.

 

Абапал пракосы, як рэбры,

Разлегліся вяла дагрэцца.

Ці то мы на сёмым небе,

Ці неба купаецца ў рэчцы.

 

А сонца даймае спякотай,

Без меры стараецца, зрэшты.

Задумкі – фантазія ўпотай –

Дваім падсуфлёрваюць нешта.

 

***

Я волю светлую сваю

Табе ў няволю аддаю.

Аховай будзе нам дваім

Бясплотны ангел херувім.

Пад амафорам крыл яго

На райскім беразе ракі,

Задум смакуючы кагор,

Грахоў баімся, дзівакі.

 

Чаруеш

 

Ты, як вясной, мяне чаруеш

У гэты міні-снежны дзень.

Ты, як вясной, мяне муштруеш,

Каб я на іншых не глядзеў.

 

Хто з нас не зведаў чар дзявочых,

Ад іх спакус не палымнеў.

Ах, тыя постаці, ах, вочы,

Яны і сёння сняцца мне.

 

Калі б не жыў табой адною,

Змарнеў бы невядома дзе.

Але чаруеш, як вясною,

І ў гэты міні-снежны дзень.

 

У бары

Маладыя гады, маладыя жаданні

М. Багдановіч

Нам павальней ідзецца.

Не, гэта мне не сніцца.

А сэрца, як сініца,

У хваляванні б’ецца.

 

Сцяжынка крута ўецца,

Упалі цені ніцма.

Зязюля, бор, травіца

Прыціхлі, мне здаецца.

 

Твае вочы

 

Ніхто з табой нас не сурочыць,

Ніколі нас не раззаве.

Глядзяць мне ў вочы твае вочы,

Мой нечаканы чалавек.

 

Згараюць дні, стляваюць ночы,

І толькі сон спырхне з павек –

Мяне зноў сустракаюць вочы,

Мой неспакойны чалавек.

 

Ніхто паверыць з нас не хоча,

Што мог зрабіць памылку век.

Чые ж бы радавалі вочы

Мяне, мой мілы чалавек?

 

Хай час пад ручку з намі крочыць.

Ці думкай чыстай праплыве,

Хай загляне і мне у вочы

Даверлівы мой чалавек.

 

Сустрэчы

 

Я цябе

Нечакана знайшоў,

Ніба верш пра любоў,

Сярод вершаў.

Хто з нас першы

Насустрач ішоў?

Смелай ты

Ці нясмелы я першы?

 

Не забыць,

Як той верш пра любоў,

Ні апошняй,

Ні першай сустрэчы.

Недарэчна,

Што ўсё ж мы з табой,

Што з табой

Сустракаліся ў вершы.

 

Памяць

 

Казыча памяць – пра цябе

І лашчыцца свавольніца.

Як неадступная неўмольніца,

Казыча памяць пра цябе.

 

Усё забыць паволіцца,

Хоць час у незваротнасць збег.

Казыча памяць – пра цябе

І лашчыцца свавольніца.

 

На Нёмане

 

Сягоння тут, у шалашы,

Наш першы рай на дзве душы.

Між дрэў

Самлела цішыня

Нас падслухоўваць

 Аж да дня.

Тужлівы месяц на спачын

Плыве,

Як лодка, ўдалячынь.

Здаецца нам,

Мы тут адны –

Не толькі тут –

На ўсёй зямлі.

Мы нават зоркам не відны.

 

Ды раптам нехта запаліў

Дзве фары. Заіскрыў касцёр.

За рэчкаю таксама бор.

Ці то ім цемра не з рукі,

Ці то хімічаць рыбакі.

 

Для нас

Хай ночыцца даўжэй,

Хай сэрцам будзецца бліжэй.

Наш першы рай на дзве душы

Сягоння тут, у шалашы.

 

***

Ноч была і растала,

Зоры выпалі ў росы.

Нашу раннюю сталасць

Вабяць мараў дзівосы.

 

Хваля бераг світальны

Калыхала прыбоем.

У прыполе ўсе тайны

Ноч забрала з сабою.

 

Смага новай сустрэчы

Акрыляе пачуцці.

Дзень – да вечара – вечны

Ператлее ў пакуце.

 

Лодка

 

Цяжкі дзень, марудны тыдзень.

Ні вясны і ні цяпла.

Да мяне

Ты й сёння прыйдзеш,

Нібы лодка без вясла.

 

Задуменнасцю спрарочыш

Пра сваю

Бясконцасць мар,

Неспазнанасцю дзявочай

Зноў парадуеш, як май.

 

Я таму удзячны ветру,

Што смяліў жаданы плаў.

Як сабе,

Табе я веру –

Ціхай лодцы

Без вясла.

 

Ля калодзежа

 

Мне, незнаёмцу, вады

Не шкадавала тактоўна.

Нашых пачуццяў уздым

Нас перайначыў раптоўна.

 

Нас нечакана працяў

Цёплы працін на смеласць.

Гонара ўласнага сцяг

Быццам мяняла на белы.

 

Гэтай сустрэчы міг

Ўраз абпаліў праблемай

Нас нечакана дваіх,

Вочы у вочы з дылемай.

 

Але ж,

Як снег ці гром,

Ласкавы голас маці:

-         Волька, нясі вядро,

Шорты знайдзі дзіцяці.

 

І рук цяпло

 

Тваё дыханне памятаю

І далікатных рук цяпло.

Няхай не раскрывае тайны

Вясна юнацкіх мар і слоў.

 

Не нас, а іншых на спатканне

Сягоння шчасце павяло.

І будзе ў памяці дыханне,

І далікатных рук цяпло.

 

Залатое маўчанне

 

Я люблю

Тваё слухаць

Пра будзённасць

І вечнасць.

Мяне ўражваеш

Скрухай,

Мяне

Радасцю лечыш.

Неспазнанасць хвалюе

Слоў, і сноў,

І кахання...

Тваё слухаць

Люблю я

Залатое маўчанне.

 

Восень

 

Марудная восень па звычцы

Пейзаж маракуе ў журбе.

Дождж стукае ў шыбы,

Як быццам

Мой гэта сігнал да цябе.

 

Цяпло падалося упрочкі,

Пракіс наш прагульнік-сквер.

Твае мяне ўзрушваюць вочы,

Як мой

Нечаканасцю верш.

 

Заначымся добра калісь мы.

Але застанецца ў сабе

Пра жоўтае лісце,

Як пісьмы,

Пра дождж,

Як мой стук да цябе.

 

***

З табой фармальна не чужыя,

Але, як ты, і я гатоў,

Пра што зязюля варажыла,

Змахнуць з лічыльніка гадоў.

 

Старонкі паўсумеснай кнігі

Іначыць браліся не раз.

Вясна надзей плытуе крыгі,

Каб паўтарыць у іншых нас.

 

Водпуск на дачным хутары

 

Мне зелень градаў бае казку

Гарбатай спадчыны вякоў.

Спакусы зманьваюць у пастку,

Мной не прадбачаных грахоў.

 

Агорклі клопаты, як чэмер,

Але ж упрогся, не кажы.

Як Рабінзон, адзін дзічэю

Без Пятніцы і без казы.

 

Ды ўскалыхне настрой мажорны,

Што нездарма тут пёкся й мок.

Марудных дзён няспынна жорны

Паціху мелюць водпуск мой.

 

Адчай

 

Стаю на беразе адчаю.

Куды зрабіць апошні крок?

Ды чую голас з-за пляча я,

Як шкадаванне, як папрок.

 

Калі дашло ўжо да адчаю

Не трэці, мо дзесяты раз, -

Я вас ахвотна развянчаю,

Разгалублю ахвотна вас.

 

І будзе зноў, як да адчаю:

Журба, чаканне, неспакой.

І зноў, як стомленая чайка,

Душа зачаіць сіратой.

 

Пад восень

 

Мне люба пад восень лесам,

Мне люба пад восень полем,

Калі яшчэ бабіна лета

Чаруе, ўздыхае, сваволіць.

 

Паглянеш: не ўсё яшчэ спета

Ні полем, ні лугам, ні борам.

А што гаварыць пра кабету,

Калі ёй паўкаплі за сорак?

 

Каліну хістае ад ягад,

Антонаўка просіцца ў рукі.

Люблю я з асенняй развагай

Паслухаць уласныя думкі.

 

Адрас твой

 

Білет стары ў маім блакноце

І, нібы компас, адрас твой.

Я помню неба ў пазалоце,

Маіх задум тугі сувой.

 

Ды голас твой і твае вочы

Даўно не радуюць мяне.

А той білет цяпер, як воўчы.

Святло тваё – не мне ў акне.

 

Дабро і зло

 

Дабро і зло спяшаюць вечна

Напаўтараць свайго пабольш.

Адно – каб нас ачалавечыць,

Другое – нам падкінуць боль.

 

Не толькі я сябе ратую

Каб нам, пакутнікам, вязло.

Дабро я вершамі гартую

І вершамі маруджу зло.

 

***

Нікому не зрачы

Ва мне жывучы дар

Бацькоўскай любаты

Да краю,

Веры,

Мовы.

На свеце я невыпадковы.

Як вы,

І радавы,

І гаспадар,

І уладар.

***

Я не чорны і я не рабы,

Але ў процьме нябелай работы,

Саматужуся жыць і рабіць,

Каб застацца нашчадкам на потым.

 

Адпружыніць турботны мой час –

Зернявершаны колас у жыце –

Маладыя праз век, прашу вас:

Пра мяне землякам раскажыце.

 

Вітае сонца

 

Вітае сонца нас

Пачаткам дня

І волю выдае,

Як Бог Адаму.

“Сваю шукайце

Ў бессмяротнасць браму”, -

Вітае сонца нас

Пачаткам дня.

 

Ў спрадвечных

І камедыях, і драмах

Ніяк не ўцямім,

Хто каму радня.

Вітае сонца нас

Пачаткам дня

І волю выдае,

Як Бог Адаму.

 

Вандруюць загадкі

 

У сховішчах вашай

Бяссмертнай душы:

Што зведалі, чулі,

Што сёння на мэце.

Чаго там няма

На магнітнай касеце

У сховішчах вашай

Бяссмертнай душы?

 

Вандруюць загадкі

І праўда па свеце.

Сваё адшукай,

Да сябе прылучы.

У сховішчах вашай

Бяссмертнай душы:

Што зведалі, чулі,

Што сёння на мэце.

 

Асабістае

 

Мінуў, як сон, канфліктны год,

Як выпітае з горкай чаркі.

Пакінуўшы даўгі для сваркі

Мінуў, як сон, канфліктны год.

Смыляць непрыязі агаркі.

Абдумвае зласлівец ход.

Мінуў, як сон, канфліктны год,

Як выпітае з горкай чаркі.

 

Антынастальгія

 

Было ўсё проста і надзейна:

Спакой, законы, як муры.

Але да часу, да пары

Было ўсё проста і надзейна.

 

Што ўспамінаць хамут стары,

Быцця мінулага адзенне...

Было ўсё проста і надзейна:

Спакой, законы, як муры.

 

Ціха

 

Упала наваколле ў сон.

Дзяжураць згодна сёстры-зоркі.

Спазніўся месяц на вячоркі –

Упала наваколле ў сон.

 

Крадзецца захінуць узгоркі

Хмурынка мяккая крысом.

Упала наваколле ў сон,

Дзяжураць згодна сёстры-зоркі.

 

Туман

 

Калі над горадам туман,

Душу раздвойвае маркота.

Пра заўтра думкі з неахвотай,

Калі над горадам туман.

 

Хто не туманіў нас употай,

Ружовы сцелючы падман.

Калі над горадам туман,

Душу раздвойвае маркота.

 

Сярдуй, любоў

 

Сярдуй, любоў, не на мяне,

Сярдуй на сітуацыю.

У нечым кожны мае рацыю.

Сярдуй, любоў, не на мяне.

 

На пастамент пастаўлю грацыю.

Калі ж нязгодны век скране –

Сярдуй, любоў, не на мяне,

Сярдуй на сітуацыю.

 

Воля і права

 

Наша воля і права

Памятаць вінаватых,

Ведаць даты і святы

Наша воля і права.

 

Не апраўдваць страты

Тых, хто злева ці справа.

Наша воля і права

Памятаць вінаватых.

 

Споведзь натхненнем

 

А я люблю, смуткую,

Жартую, сумняваюся.

Хвалю – крыху друкуюць,

Хвалю – грашу і каюся.

 

Ці добра ўсё, ці марна

Хваліць, грашыць і каяцца?...

Душа у вершах марам

Натхненнем спавядаецца.

 

Падаючая зорка

 

Сарваўшыся з дрэва Сусвету,

Урэжацца

У незваротнасць.

Ці знойдзе Адамаву роднасць,

Сарваўшыся з дрэва Сусвету.

 

Мая непрыкметная годнасць,

Бацькоў несучы эстафету,

Сарваўшыся з дрэва Сусвету,

Урэжацца

У незваротнасць.

 

Павароты

 

Люблю я шапаценне шын

І не ў дарэмнасць павароты.

Не прызнаю гіпноз маркоты,

Люблю я шапаценне шын.

 

Не будуць дзён пустыя соты

І гаркацення на душы.

Люблю я шапаценне шын

І не ў дарэмнасць павароты.

 

Не самоць

 

Не самоць нас, блізкае,

Не жартуй палёгкаю.

Тое, што нам бліскае –

Век яно далёкае.

 

Не сучасны, можа, я.

Хай гітара дрынкае.

Ўсё наўкол прыгожае,

А на сэрцы – брыдкае.

 

На цвіку

 

На цвіку маёй памяці

Грузны лішак калекцый.

Што вязлося не ўлегцы –

На цвіку маёй памяці.

 

Думкі, волі калецтвы,

Антыверныя замеці –

На цвіку маёй памяці

Грузны лішак калекцый.

 

Крыжы над купаламі

 

Няйначай, яны працінаюць

І веру, і думак здагадкі.

І хмары, што йдуць без аглядкі,

Няйначай, яны працінаюць.

 

І хворых на злыя павадкі,

І тых, што да часу канаюць,

Няйначай, яны працінаюць

І веру, і думак здагадкі.

Усё

 

Калісьці мне здрадзіць усё:

І слых мой, і зрок, і памяць.

Грахі памнажаючы з вамі,

Калісьці мне здрадзіць усё.

 

Гадоў непаўторная замець,

Як рэха паўторыць ныццё.

Калісьці мне здрадзіць усё:

І слых мой, і зрок, і памяць.

 

Раніца

 

Раніца. Млявая раніца,

Маці чарговага дня.

З грукатам недзе спяшаецца

Скрозь цішыню таварняк.

Раніца. Рэчка туманіцца.

Неба блакітам экраніцца,

Зяць у сталіцу рухавіцца.

Жонка з свякрухаю раіцца.

Смага даймае п’яніцу.

Пхнецца на пашу гурт...

 

Хай сабе рэчка туманіцца,

Хай сабе неба экраніцца,

Хай сабе жонка параіцца,

Хай сабе мучыцца п’яніца –

З раніцай сёння ў нагу

Ў лес па грыбы пабягу.

 

На выжыванне

 

Вясна

Пачынае з нуля

Будзіць першакветак.

З нуля

 Пачынае ралля

Думаць пра лета.

 

Ля кузні

Рамонтны звон

Вітае шпачынае ранне

З нуля мой мазольны сезон

На выжыванне.

 

Гатоў я

Яго ухваляць –

Надзею маю і цярпенне.

З нуля,

За набыткі – з нуля

У наступленне.

 

***

Пакуль маўчыць вагранка ранку,

Мы – я і клопат – спарышы

Рухавімся задаць зарадку

Чалу, і сэрцу, і душы.

 

Смутак пра гарманіста

 

Пасля пятай кляў пратэзы,

Загрызаў салёным.

Ой, тады як спрытна рэзаў

Гарманіст шалёны!

 

Перавэндзіў самасадам

Вёсак з дзесяць, пэўна.

Танцавалі мы да ўпаду

Аж да трэціх пеўняў.

 

Здатны быў параіць свата,

Выдаць без пасагу.

Быў для нас пачаткам свята

І любві працягам.

 

Дазваляў мне часта ў рукі

Сіплую двухрадку,

Падклікаў у бубен грукаць

І падхвальваў хватку.

 

У акрузе зараз ціха –

Ў горад паўцякалі.

Як цяпер бы, дзядзька Ціхан,

Мы з табой зайгралі б!

 

Мае вы

 

Мае вы, альфы і амегі –

Бацькі,

Радзіма,

Мова,

Бог.

Па вас

Я ў зарубежжы сох,

Мае вы, альфы і амегі.

 

Там у свой воз

Ніхто не ўпрог.

Там

Не ўпісаўся я ў калегі.

Мае вы, альфы і амегі –

Бацькі,

Радзіма,

Мова,

Бог.

 

Страх

Маргарыце

Пакуль жывём – не маем страху.

Цвярозасць думак нас не тне.

Не страшна й мне, што стану прахам

І вылеціць душа з мяне.

 

Дзе ёй блукаць, з кім спатыкацца:

З сябрамі,

З нелюдзьмі,

З табой?

Мо будзе мучыць вершаў праца,

Мо вечны дакараць адбой?

 

Пакуль я сам для страху страхам –

Сярод спакус, узлётаў, бед.

Прызнацца, страшна стацца прахам

І крыўдна, што мой знікне след.

 

***

Я веку тлумнага дзіця.

Аж страшна: партый плойма.

Не страціць меру пачуцця б

У пекле моўных войнаў.

 

Я веку сумнага дзіця.

У вострай сітуацыі

Куды пакліча родны сцяг

Нас, асцярожных нацыю.

 

Я веку вольнага дзіця.

Ахвотны на спакусы.

Я невядома чый працяг,

Чыёй задумы вусны.

 

Славяне

 

Святую злосць,

І сум цвярозы,

І паэтычных дум палёт,

Аднолькавых  і трохі розных

Ўзаемна бачым навылёт.

 

Ад праўды,

Памяці і

Волі

Нас адчужалі дабракі.

Але,

Як на спартыўным полі,

Не быў,

Не будзе

Лік сухі.

 

***

Чый блаславёны дзень і час

І кім ён блаславёны?

Здзімае родных нам імёны

І блякліць перад светам нас.

 

Мяжу цярпення перайду

І бласлаўлю душы радкамі:

Зямлю,

Радзіму,

Родных дух.

І станемся –

Сабою самі.

 

Успамінаючы Лермантава

 

Са страхам я гляджу

На наша пакаленне:

На бляск і на іржу,

На вечнасць і імгненне,

На ветранасць і злосць,

На сэнс і бездухоўнасць,

На хватку і на плоць,

На дурасць і тактоўнасць.

 

Маракаваць дарма

На райскасці айчыны,

Дзе б зерне без мякіны,

Дзе б воля без ярма.

 

Полюсы роднасці

 

Такія мы падобныя,

Кантрастныя такія,

І сціплыя, і модныя,

Чуллівыя, глухія.

 

З аднолькавымі генамі,

Свядомыя і грэшныя,

Тупыя мы і геніі,

Як вылітыя знешне.

 

Адно нас сонца грэе,

Адзін мароз марозіць,

Праблем будзённых рэха

Сюрпрызамі цвярозіць.

 

Здавён, нібы па плане,

Ўва ўсіх сваё на мэце.

Бацькі на правым флангу,

На левым флангу дзеці.

 

***

Перад намі бясконцая даль,

Па-за намі – дыханне вякоў.

Беларусь мая – чулы радар

Да спакуснікаў і сваякоў.

 

На Беларуска-Літоўскай граніцы

 

Зямлёй пакаханае жыта

Ў мяне і ў цябе за спіной.

Здавён былі разам спавіты

Надзеяй і марай адной.

 

Чырвонілі нас і бялілі,

Вытручвалі мову і дух,

Да звычак нязвыклых хілілі,

Да поглядаў іншых і дум.

 

Мы ведаем тых, хто нас воўчыць,

І ведаем волю самых.

А вокнамі вочы ў вочы

Ласкава глядзяцца дамы.

 

З чаго пачынаем? З “Зуброўкі”?

А мо “Дарпавены” кульнём?

І чарачнай ракіроўкай

Да лепшага з месца скранём.

 

***

Ці поснік ты,

Ці ты скаромнік –

Прамоў апошніх не мінуць.

Цябе жалобна памянуць,

І на цябе націсне помнік.

 

Ці век грашыў,

Ці справядліўся –

Не ўпіша

Шанс у вечны спіс.

А цень касы,

Калі павіс, -

Не адвядзеш,

Як ні хіліся.

 

На фінішы

Продолжение »
Конструктор сайтов - uCoz