Міхась Мельнік

 

Біяграфічная даведка

Нарадзіўся ў 1949 годзе на Магілёўшчыне. Скончыў філфак Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. Доўгі час працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Лідскім каледжы (зараз працуе там начным вартаўніком). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік літаб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце”. Аўтар зборнікаў вершаў “Скрыжаванне”, “Лодка жыцця”. На словы Міхася Мельніка напісана шмат песень кампазітарамі Вячаславам Пыпецем, Дзінарай Мазітавай, Васілісай Пазнуховай і іншымі.

 

Вершы

 

Вернасць

 

Глыбока карэннямі зросся з зямлёю

Разлапы, прысадзісты дуб адзінокі,

Пасаджаны некалі продкам далёкім

У полі за ціхаю вёскай маёю.

 

Ён мохам, як футрам шыкоўным абшыты,

Стаіць, нібы волат, на роднай раллі...

І з месца яго не зварушыш нічым ты –

Навекі ён верны матулі-зямлі.

 

Беларусам

 

Гэй, абуджайся, народ!

Хопіць табе быць нейтральным,

Бо старажытны твой род

З племя славянаў адчайных.

Продкі твае – крывічы –

Мову табе перадалі,

 толькі чаму ты маўчыш,

быццам язык адабралі?!

Выкінь з душы ты раба,

Будзь па-сапраўднаму гордым

І не схіляй жа ілба

Перад усімі, хто подлы.

Досыць, каб нейкі вар’ят

З мовы тваёй насміхаўся,

Досыць,каб кат-бюракрат

Імем тваім прыкрываўся.

Твой абавязак і мой –

Здзейсніць святое права,

Каб на Радзіме сваёй

Вольным жыццё наша стала!

 

Беларусь мая

 

Беларусь мая, ты мне песняю

Пранікнёна гучыш у сэрцы,

Беларусь мая, ты мне весняю,

Вечнай радасцю будзеш да смерці.

І так люба мне ў светлай зорнасці

Хараство тваё непаўторнае,

Даражэй няма тваёй шчодрасці,

Цеплыні тваёй жыватворнае.

Усё роднае – беларускае:

Васільковая сінь і палі...

Усё шчырае, усё блізка мне,

 Што на дзедаўскай зямлі.

Беларусь мая, ты мне песняю

Пранікнёна гучыш у сэрцы,

Беларусь мая, ты мне весняю,

Вечнай радасцю будзеш да смерці.

 

Родная мова

 

Яе словы, як вішні спелыя,

Што глынаю я з прагай салодкаю...

Мая мова – крамяная, светлая –

Палымяная песня продкаў.

Ў ёй  - глыбокая праўда і мудрасць,

І народнасць жывога гучання,

Захавана спрадвечная сутнасць

Непадкупных нашых жаданняў,

Спадзяванні майго народа,

Яго светлую мару і радасць

Увабрала яна, мова гордая,

Што дае мне натхненне і сталасць.

 

Успамін

 

Іншы раз на сэрцы – непапраўнае,

Што вярнуцца хочацца ў мінулае,

Дзе маленства блукае, галёкае –

Блізкае такое і далёкае.

 

О, мая вясёлая ваколіца,

Ой ты, ахмялёнае дзяцінства!

Нерушная, ясная душа,

Звонкі плёс і шумная шаша...

 

О, мая раздольная дзяржава, -

Вёска – у птушыных перапевах!

І зара світальная, як мара,

Песня салаўінага абшару.

 

Дзе ж ты, мая светлая дуброва?!

Там бягу я з пугай за каровай....

 

Імкненне

 

Вітаю першы снег,

Як набліжэнне свята,

І я імкнуся ў свет,

Дзе снежнасці багата,

Імкнуся я, каб зноў

Вярнуцца – не памерці,

 Каб вечную любоў

Пасеяць на планеце,

Імкнуся я, каб стаць

Бязгрэшным назаўсёды,

Каб светласць перадаць

Ад скутае прыроды.

 

Просьба

 

Навучы мяне жыць іначай,

Каб дарэмна не траціць гарэння...

Бы касцёр, непрыкметна я гасну,

Калі жар мой табе не патрэбен.

Пажадай мне пражыць разнастайна,

Непагасна, як прашчур, - разважна,

Каб ісці ў невядомасць адчайна,

Каб ніколі не быць табе ў цяжар.

Не кляні мяне словам калючым,

Навучы лепей жыць іначай.

Адвядзі ад памылак балючых,

Бо сябе недарэчна растрачу.

 

Вера


Жыву з адкрытаю душою,

Нібы наіўнае дзіця...

Не ў правілах майго жыцця

Адасабляць сябе мяжою

Ад клопатаў сяброў далёкіх,

Няўдач суседа за сцяной,

ад лесу, дрэў і гор высокіх,

ад слоў прыпудраных маной...

З трывогаю жыву на свеце,

Бо ў ім суіснуюць даўно

Падман і прагнасць, і бясчэсце,

Што нас дурманіць як віно...

Пытаеш:”Гэтак доўга будзе?”

Ты кажаш:”Свет не перавернеш...”

Ды не! Мы ўсё ж такія людзі,

Што нас ад веры не адвернеш.

 

Выратаванне

 

Часамі бывае мне цяжка,

Бы птушцы, падбітай у лёце...

Туга, як зялёная раска,

Засмоктвае ў тлумным балоце.

А я выбіраюся,  рвуся,

Як с пекла да вечнага раю, -

Адвагай сваёй ганаруся

І сілу жыцця набіраю...

На зоркі гляджу і дзіўлюся,

Іх тайнаму лёсу зайздрошчу:

Яны над маёй Беларуссю,

Гараць нават цёмнаю ноччу!

 

Вочы Чалавека

 

Яму было пятнаццаць год.

Ён быў першы вучань на ўроках беларускай мовы.

Ён бег з пісталетам на ворага.

Ён убачыў вочы чалавека.

Ён павінен быў страляць у гэтыя вочы.

Захістаўся. Ляжыць на бруку.

Не навучылі яго на ўроках беларускай мовы

Страляць у вочы чалавека.

 

Пратэст

 

Рукі яго будавалі дом,

У якім гадаваліся дзеці,

Рукі яго даглядалі поле,

Што хлебам надзённым карміла.

Рукі яго саджалі дрэва,

Якое плады дарыла;

Рукі яго ворага білі,

Рукі яго працу любілі...

Гэтыя рукі вайна адабрала.

Новага дома не стала,

Дрэва не вырасла,

Поле сумуе...

Несціхана рыпіць пратэз –

Вайне пратэст!

 

На будучае

 

Я хачу паўтарыцца

Ў сваім нашчадку,

Які будзе жыць

Па Законах Чалавечнасці,

Які

Не будзе ведаць

Зла

І знявагі,

Які будзе поўны

Святое прагі

Да вернасці нашай,

Да нашай вечнасці.

Я хачу паўтарыцца

Ў сваім нашчадку,

Які пракляне

Тых папярэднікаў,

Што згубай

Калісь

Яму пагражалі,

Што зброяй, як цацкай,

Сябе забаўлялі,

Што мове народа

Жыцця не давалі...

Я хачу паўтарыцца

Ў сваім наступніку,

Які пабудуе светлую яву,

Пазбаўленую трывогі разладу,

Які будзе цешыцца

Мірным світаннем,які не будзе пляваць

У твар Зямлі,

Што дала

Яму

Існаванне.

 

***

Люблю вакзалаў гул шматзычны,

Люблю шматзначны шоргат ног...

Там чалавек нібыта клічнік

Стаіць ля касы, быцам Бог...

 

І кожны з позіркам арліным

Чаргі пільнуецца як след...

А я хачу, каб быў шчаслівым

Для ўсіх свой куплены білет.

 

Маім вучням

 

Няўрымслівыя птахі – мае вучні –

Лячу я з вамі да крутых вышынь.

Пад намі вёрсты, векавыя крушні,

Над намі вёсны сонечных вяршынь.

 

У радасці ці ў роспачы хвіліннай

Мы разам адкрываем новы свет.

І правіла ва ўсіх у нас адзінае:

Заўсёды пакідаць адметны след.

 

У дні, калі бянтэжаць злыя ветры,

І ў час,калі не спіцца па начах,

Я спасцігаю сэнс жыццёвай веры

У вашых зацікаўленых вачах.

 

Клятва

 

Губляе памяць прозвішча і даты...

Ды ўстануць зноў,нібыта з жар-агню,

Не выкрасляцца з памяці салдаты,

Што за мяне загінулі ў вайну...

І не забуду, як не забываем

Радкі, што клічуць на апошні бой,

Нас не разлучыць час, бяда ліхая,

Равеснік нестарэючы, з табой.

Не адступлю ад рызыкі,вятрыскі...

Наказ далі мне зберагчы зямлю,

Каб не раслі над намі абеліскі,

На месцах тых, дзе ёсць ужо яны!

 

Шчасце

 

Мы жывем на зямлі,

Каб прайсці

Шлях з калысак

Да велічных зорак

Недарэмна;

Каб мейсца знайсці

Для дабра і святла,

І дзіцячых пялёнак...

Мы жывём на зямлі, каб аднойчы

Зведаць тайны

Далёкіх планет,

Каб руплівыя дні

І спакойныя ночы

Захаваць ад нашэсцяў

Драпежніц ракет.

Мы жывём на зямлі,

Каб нашчадкам

Перадаць шум дуброў,

Звон празрыстых крыніц...

Перад шчасцем такім –

Без канца і пачатку –

Мы схіліцца павінны

З удзячнасцю ніц.

 

Бессмяротная

 

Ужо даўно

Яна перасялілася ў іншых.

З кожным новым унукам

Яна пачынае жыць спачатку,

Як рака, што кожнае імгненне

Пачынае ад вытокаў...

Гледзячы ўвесь час у неба

Вачыма немаўляці,

Яна не заўважыць

Смерці свайго цела.

 

Вочы

 

Вочы бываюць розныя –

Чорныя, шэрыя, сінія,

Страсныя і халодныя,

Добрыя і зласлівыя.

Свецяцца вочы радасцю,

Скаргаю вочы тлеюць,

Косяцца вочы зайздрасцю

І выражаюць надзею.

Плакаць умеюць вочы,

Вочы умеюць смяяцца,

Умеюць глядзець праз ночы,

Умеюць назад азірацца.

Вочы могуць і здраджваць –

Самае прыкрае ў лёсе.

Могуць вочы і ўражваць

Позіркам многагалосым.

Вочы людскія здольны

Шчыра кахаць і верна.

І заставацца няўмольнымі

Пры непагодлівых ветрах...

Вочы бываюць розныя –

Люстра душы чалавечай...

Вочы, о вочы простыя,

Былі б вы толькі вечныя!

 

Захапленне

 

Белы снег,

Сіні свет...

Свецяцца бярозы.

Чуцен смех.

Санны след.

Не стрымаю слёзы.

Думак рой...

Неспакой

На душы, на сэрцы:

Сустракаюць чарадой

Чарадзеі, чэрці...

Прытаюся –

Не грэх! –

Казка прад вачамі...

Не рашуся

Белы снег

Патаптаць нагамі.

 

Не толькі

 

Над намі

Не толькі дахі,

Над намі

Не толькі неба –

Над намі лятаюць птахі,

Што просяць жыцця

І хлеба.

Над намі

Не толькі зоры,

Над намі

Не толькі сонца –

Над намі блакіту прасторы,

Што вабяць удалеч

Хлопцаў...

Вясёлкі адбітак, бы ў прызме,

У сынавых

Ясных вачах...

А свет жа

Такі вялізны...

І ён –

На маіх плячах!

 

Надзея

 

Далёкі месяц –

Бы чаўнок зялёны –

Павіснуў

Над рыпучымі снягамі.

Мой сын –

Такі наіўны і ўтраплёны –

Падскоквае –

Яго б дастаць рукамі.

А я гляджу,

Дзівак,

Не разумею,

Што ручкі цягнуцца

Да вышыні сусвету....

Не згаснуць мары ў свеце

І надзеі

І не звядуцца

На зямлі паэты.

 

***

Крадзецца восень хітраю лісіцай,

Кладзецца ліст кляновы на дарогу.

Пранёсся вецер гулкай калясніцай,

Разносячы і радасць і трывогу.

Іду насустрач лютаму марозу,

Іду насустрач снежнай завірусе.

 

Я стану пад раздзетаю бярозай,

Каб падтрымаць яе цяпер у скрусе.

Успомню, як шукалі мы тут схову

Ад позіркаў людскіх сярод атаў,

А месяц, пазалочанай падковай

Павіснуўшы на кроне, падглядаў...

 

Ты прыдзі!

 

Я чакаю,

Я веру – ты прыдзеш здаля,

Хоць вясна затапіла шляхі

 у палях,

за бурлівай ракой,

ля высокай гары,

лес у тысячы свечак

гарыць.

Ні крыла,

Ні вясла...

Усё супраць таго,

Да мяне каб прыйшла.

Праз нягоды дарогу

Пракласці мне

Чым?

Можа, здолею сэрцам сваім

Памагчы?

Пойдзеш ты праз бяздонне,

Я стану мастом,

Калі ты – праз раку,

Я зраблюся плытом,

Праз агонь пранясу,

Хоць згару сам датла,

А праз горы –

Дык крылы пазычу

У птаха-арла.

Ты прыдзі!

У мяне – ні вясла, ні крыла.

 

***

Як я жыў без цябе на зямлі,

Без жаночай тваёй цеплыні,

Без вачэй, што натхненне далі,

Без усмешкі тваёй шматзначнай?..

Ты – вытокі маёй дабрыні,

Ты – прычына слязіны удзячнай!

 

Азарэнне

 

Твой ліст – нібыта крыгаход,

Што раскрышыў ільды сумненняў.

Каторы дзень, каторы год

Чакаў я гэтага збавення!

Іскру надзеі ў сэрцы нёс,

У дабрыню жыцця я верыў,

Аднак не раз мой строгі лёс

Мне прад’яўляў другі крытэрый.

Здавалася, што больш няма

Ніякага ратунку, мусіць...

І роспач – чорная зіма –

Мяне круціла ў завірусе...

Нарэшце, твой празрысты смех –

Як веснавое азарэнне!

І падае ўтраплёны снег

Пад ногі светлым суцяшэннем.

 

Прызнанне

 

Мне б да цябе прытуліцца,

Абняць бы цябе, здаецца,

Дабрыні, цеплыні напіцца

З твайго чулага сэрца.

 

Я з табою згодзен ісці

Праз гады ў далячынь небыцця.

За цябе – на ўсё

Не шкадую жыцця.

 

Але знесла мае жаданні

Хуткацечнага Нёмана плынь.

Ад цябе – прывітанне.

Да цябе далячынь.

 

***

Навошта ўсе трывогі,

Навошта ўсе шкадаванні...

Праз перашкоды-парогі

Прыйду да цябе на світанні.

Ты ведаць не будзеш – аднойчы

Я стану тваім сумленнем...

І ты усміхнешся мне ў вочы

Ад шчасця гарачым праменнем.

 

Бяроза

 

Босая, праставалосая

Ля дарогі

Стаіць бяроза.

Вымываецца

Дожджыкам раннім,

Выціраецца ветрыкам,

Прыхарошваецца,

Прыбіраецца,

Усё глядзіць

І глядзіць

На дарогу...

Дзе ж ты,

Рыцар яе сінявокі?

Падзялі на дваіх

Боль-трывогу.

 

Непараўнальнае

 

Звон струны – плёскат хваляў рачных,

Першы гром – нечаканасць спатканняў,

Светласць дзён і маланка ўначы –

Разумеецца ўсё ў параўнанні.

Але ёсць у жыцці і такое,

Што ні з чым параўнаць немагчыма...

Айчына!

Тая, што нас узрасціла,

Што нам крылы для ўзлётаў дала,

Надзяліла нас волатнай сілай,

Далучыла душу да дабра...

І за гэта мы ўсе ёй павінны

Прыгажосцю пачуццяў любові,

Каб не ведала болю і кпінаў

Дарагая Айчына ніколі.

 

Прызнанне

 

Я - хлопец вясковы

І – родам з Прыпцічча,

Дзе родная хата і маці,

Дзе першыя словы –

Няхітрыя словы –

Калісьці пачаў вымаўляці,

...Тут першыя песні,

Лагодныя песні

Пачуў я на матчынай мове,

І першыя мары

( о, шчырыя мары!)

Не выпадкам здзейсніў.

Тут першае дрэўца,

Маленькае дрэўца

Вясной пасадзіў на прыдворку,

І тут першы раз я

Крыніц таямнічых

Падслухаў жывую гаворку:

“Доўгія эры,

Тысячагоддзі

Дорым сваю мы гаючасць

Усім пакаленням,

Удзячным, няўдзячным,

На шчасце жыцця неўміручасць.

Тысячагоддзі, доўгія эры

Служым прыродзе і людзям...

Усім адданым,

Усім сумленным

Прызначаны наш крытэрый...

З вечнага веку,

З даўніх давён

Трымаем сваё падарожжа

У новую эру,

У новы дзень, -

І лёсу здрадзіць не можам”.

Мне ж хочацца верыць,

Так хочацца верыць

У вернасць уласнага сэрца

Бацькоўскаму краю,

Прыпціцкаму краю,

Зямлі,

Што Радзімай завецца.

 

На Радзіме

 

На Радзіме восень,

Залатая, мілая,

Апранае дрэвы

Ў дзівосны ўбор.

Адлятаюць птушкі ў край,

Дзе мора сіняе...

Толькі ненадоўга –

Да вясновых пор.

Але мы не птушкі,

І таму не змушаны

Адлятаць у вырай

Ад зямлі сваёй.

Не забыць нам хаты

Ў яблынях і грушах

І наш край блакітных

Рэчак і азёр.

Як шчыруе неба тут,

Над Беларуссю,

І непараўнальна

Зоркі зіхацяць!

Край мой ненаглядны,

Табой ганаруся

І хачу так моцна

Я цябе абняць.

Мы ў захапленні

Ад красы краіны –

І нідзе не знойдзеш

Іншае такой...

Чуеш,чуеш: звоняць

Тут званы Хатыні –

Не забыць ніколі

Гэта мне з табой.

 

Люблю прынёманскія сцежкі

(песня)

Люблю прынёманскія сцежкі,

Сады над ціхаю вадой,

Твае вясёлыя усмешкі,

Край светлы мой,

Чароўны мой.

 

Люблю вішнёвыя закаты

І задуменны позірк твой,

Люблю, калі пяюць дзяўчаты,

Край светлы мой,

Чароўны мой.

 

Люблю вячыстыя дубровы

І бліск маланак над зямлёй,

Красу тваіх палёў жытнёвых,

Край светлы мой,

Чароўны мой.

 

Люблю твае сівыя вежы,

Узлёты птушак над ракой

І васільковых даляў свежасць,

Край светлы мой,

Чароўны мой.

 

Тваё раздолле залатое

Люблю сыноўскаю душой...

Да як жа не любіць такое,

Край светлы мой,

Чароўны мой!

 

Мая Беларусь

 

Многа розных краін на вялікай планеце,

Пад нябёсамі месца дасталася ўсім.

Сярод іх Беларусь яснай зоркаю свеціць,

Услаўляе народ свой з глыбокіх даўнін.

 

Праз стагоддзі-вякі яна ўпэўнена крочыць

Да нязведаных даляў, вышыняў і зор.

І глядзяць на ўвесь свет васільковыя вочы

Беларускай зямлі, скрыжаванай, святой.

 

Ганаруся зямлёй сваёй вольнай Радзімы,

Што змагалася мужна заўжды ў барацьбе.

Краю родны, цудоўны, навекі адзіны,

Не стрымаю я радасных слёз да цябе.

 

Я шаную цябе, краю мой незалежны,

Ты ў застоллі святочным і ў будні са мной,

Я люблю твае пушчы, азёры і вежы –

І няма больш нідзе прыгажосці такой...

 

Ліда – горад мілы

 

Ліда, Ліда – горад мілы,

Светлы, як вясна...

Люд свабодны і руплівы

Тут жыве здаўна.

 

У часы ліхой навалы

Ворага біў ён...

А сягоння нам на славу

Бачны працы плён.

 

Ты акінь наўкола вокам –

Запяеш душой.

Знаюць горад наш далёка

Ў нас і за мяжой.

 

З кожным годам прыгажэе,

Не пазнаць цяпер.

Шмат вякоў, а не старэе,

Радасна жыве.

 

І растуць, растуць будынкі

Да нябёс і ўшыр...

А вясёлыя дзяўчынкі

Ў песнях славяць мір.

 

Ліда, Ліда – горад мілы,

Светлы, як вясна...

Людзі дружна і шчасліва

Тут жывуць здаўна.

 

Бацькаўшчына

 

А мне не спіцца,

Непакоіцца.

Туга хлапечая

Не гоіцца.

 

Туга хлапечая –

Пякучая,

Нібыта крэсіва –

Сякучая...

 

О, клічуць пушчы

Закаханыя.

Дзе дрэвы з зоркамі

Цалуюцца,

Дзе задуменна

Апантаны я...

І песні – сполахі

На вуліцах.

І вабяць

Гулкія ваколіцы

Ў кругах вясёлкавых

Праз небакрай...

І дзе бы ні быў я,

Ў думках мроіцца

Мой родны край,

Бацькоўскі край.

 

Спатканне

 

Я спаткаўся з роднай зямлёй,

Са сваім лясным прыпціцкім краем,

З рэчкай, апавітаю вярбой,

Што заўжды мяне дамоў чакае.

Я прыйшоў да вас, мае лугі,

Дзе калісьці бегаў росным раннем.

Я абняўся з клёнам дарагім,

Пад якім спаткаў сваё каханне.

Я сустрэўся з матчынаю хатай,

Ціхаю і сумнаю такой...

Каб застацца шчодрым і багатым

Той любоўю да зямлі сваёй.

 

Дзітва

 

Сарамліваю вясковай дзяўчынаю

Ты хаваешся ў вербах і травах.

Ты – юнацтва маё незабыўнае,

Ты – мая патаемная мара.

 

Кожнай хваляй сваёй,

Кропляй кожнаю

Ты мне з далячыні гукаеш.

Песняй ціхай сваёй і пяшчотнаю

Землякоў і гасцей сустракаеш.

 

Тваёй светлай рачной дабраты

Не забыць мне да самае смерці.

Тут я страціў пакой назаўжды

І навек захаваў сваё сэрца.

 

***

Дзесьці там, за далёкаю вёскай,

Загараецца неба зарой.

Свае лапы выцягвае кошка

На пасцелі прыбранай маёй.

А матуля распальвае ў печы

Той бярэзнік, што я прыпасаў...

І даносіцца мне праз далечу

Родны пах паўзабыўшыхся страў...

 

Крыніца

 

Настрой хоць гасцінны,

Ды я тут, як дома –

Да кожнай драбніцы

Мне ўсё тут знаёма:

 

І гай гаманлівы,

І мох журавінны,

І тыя лагчыны,

Дзе так шмат маліны.

 

Канчаецца лета,

Восень спяшае

І ўсюды прыкметы

Свае выстаўляе:

 

Чырвань рабіны,

Бяроз пазалоту,

Крык жураўліны,

Шоргат чароту...

 

У гэтым чароце –

Крыніца жывая.

Ручай з той крыніцы

Свой бег пачынае.

 

Я смак той вадзічкі

Даўным-даўно знаю.

Крыніца – часцінка

Роднага краю.

 

Сімвал вернасці

(песня)

Нібыта святая Мадонна,

Велічна і нерухома

Здаўна стаіць Каложа

З думкай сваёй трывожнай.

 

Некалі тут, на кручы,

Песні яна спявала...

І ў хваляванні калючым

Любага доўга чакала.

 

Ён не прыйшоў, не паклікаў,

Не адгукнуўся на голас.

...Ў роспачы, крыўдзе вялікай

Акамянела Каложа.

 

Так і стаяць засталася,

Зведаўшы долю ліхую...

З роднай зямлёю зраслася

На пажыццёвасць нямую.

 

Здзеклівы лёс бязбожна

Воблік яе калечыў...

Толькі стаіць Каложа

Сімвалам вернасці вечнай.

 

Самаахвярнасць

 

Нідзе не скардзіўся на лёс.

Жыў сціпла, небагата.

Пад кронай велічных бяроз

Стаяла яго хата.

Ён быў найлепшым цесляром

Ва ўсім сялянскім свеце

І адмысловым гусляром

У нашым сельсавеце.

І не скупіўся дзед на мёд –

З людзьмі дабром дзяліўся,

І цешыў музыкай народ,

Калі хто дзе жаніўся.

Нямала гора перажыў,

І здзекаў шмат пабачыў...

У пана парабкам служыў,

Араў, касіў, жабрачыў.

У грамадзянскую ён біў

Махноўцаў, анархістаў,

Жыццё калгаснае любіў,

Быў першым актывістам.

Калі фашысцкая арда

Парушыла ўсе планы,

Сям’я шматлікая Дразда

Пайшла ў партызаны.

Загінулі дачка і ўнук.

Спалілі хату “чэрці”.

За кроў людскую, жудасць мук

Даваў дзед фрыцам перцу!

А як прагналі чужакоў,

За працу шчыра ўзяўся.

Каля ўцалелых дрэваў зноў

Будынак новы ўзняўся.

І зноў Дрозд сеяў і араў,

Рабоце ён адданы.

Душой усіх грамадскіх спраў

Быў дзед неўтаймаваны.

І ў тую ноч быў на нагах,

Калі бяда раптоўна...,

Негледзячы на страшны жах,

Дрозд кінуўся ў кароўнік.

У полымі вялізным хлеў,

Агонь гудзе, палае,

Стары на гэта не глядзеў –

Жывёлу выганяе.

Ды рухнула страха далоў,

І дзед пад ёй застаўся.

Ратуючы жыццё кароў,

Ён сам не ўратаваўся.

Нідзе не скардзіўся на лёс.

Жыў сціпла, небагата...

Не моўкне шум старых бяроз

Над дзедаваю хатай.

 

***

Дзе той конь,

На якім

У дзяцінстве

Я

Шпарка гойсаў

Па шырокім

Прыпціцкім лузе?

Дзе той сад,

Што

Мой продак

Калісь пасадзіў,

Каб нашчадкам

Не жыць у скрусе?..

На хвіліначку дайце

 таго мне каня!

Хоць

За грыву

Рукой патрымаць,

Хоць расою гаючаю,

Ранішняй

Вытру вочы яму...

Каб ён змог

Мяне сёння пазнаць.

Дайце яблыка

З яблыні асірацелай,

Хоць паўяблыка

Ці паўдолі!

Я

Зярняткі –

Сумныя вачаняткі –

Вылузаю

Ды рассею,

Каб узышлі

Дрэвамі

Вечнай любові...

Апрануўся

Той луг

Збажыною густой,

Коні

Там

Не скубуць

Сакавітай травы...

Апусцеў,

Адзічэў

Адзінокі той сад,

Свінні там цяпер

Рыюць

Глыбокія рвы...

І падкопваюцца,

І падкопваюцца,

Бы да сэрца майго,

Да карэнняў

Яблынь –

Тужлівых бабулек.

 

Пераможны дзень

 

Зямля мая стагнала і палала,

Лілася кроў людская днём і ўночы,

Смяротная варожая навала

Блакітныя яе сляпіла вочы.

 

І плач дзяцей, як выклік чалавецтву,

  Гучаў над устрывожанай планетай;

І мацярынскія праклёны зверству

Набатным громам несліся над светам...

 

Такіх пакутных ран, балючых здзекаў

Не выпрабоўваў род людскі дагэтуль...

Змагаўся мой народ за долю веку,

За светлы дзень жыцця, за шчасце – мэту.

 

...І гэты час жаданай перамогі

Прыйшоў на беларускія абшары.

Раскінуліся новыя дарогі,

І здзейсніліся радасныя мары...

 

Над Беларуссю свеціць ярка сонца,

Плывуць, бы лебедзі, высокія аблокі.

А сэрцы поўняцца натхнёнасцю бясконцай,

Імкнуцца ў свет – нязведаны, шырокі.

 

Рэквіем

 

Кветкі на брацкай магіле,

Іх дзеці прыносяць сюды.

Паведаміць камень не ў сіле,

Колькі сцярпелі бяды...

Ды бітвы далёкія гукі

Над светам, нібыта набт,

І бачу дзіцячыя рукі

І блізкі да іх аўтамат...

Прыйду, пастаю асцярожна

І моўчкі. Бяссільныя словы...

Як з імі быць побач трывожна,

Як плачуць салдацкія ўдовы...

 

Мой боль

 

Перада мной нямыя курганы,

Над бугам крэпасць, помнікі пад Мінскам,

Як рэквіем – хатынскія званы,

Мой боль і вечны смутак – абеліскі.

 

Сюды прыходзяць ўнукі і дзяды,

І на пратэзах сталыя мужчыны,

Схіляюцца, як вербы ля вады,

Сівыя адзінокія жанчыны...

 

Калі Радзіму, нібы белы сад,

Фашысты па-драпежніцку ссякалі,

З акопаў партызанскіх і засад

Мадонны беларускія стралялі...

 

Наш дзед

 

Даўно наклёпаныя косы

Вісяць у дзеда пад страхой,

Чакаюць час, калі ў пракосы

Пакліча раніца з расой.

 

Наш дзед яшчэ рухавы, лёгкі,

Не можа склаўшы рук сядзець,

Шыракаплечы, невысокі –

За працай некалі старэць.

 

Як прыдзе ўжо касьбы гадзіна –

На ўсходзе сонца, па расе

З унукам ён сваім і з сынам

Пракос свой першы павядзе.

 

І будзе ён штодня прыходзіць

Касіць так спрытна мурагі,

Пакуль на лузе ўвесь пакосіць

Укос – і першы, і другі...

 

Пачатак

 

Вось і пачынаецца вясна.

Гляджу, як немаўля,

На свет ружовы –

Як непаўторныя і неба, і сасна,

Як першародныя прадметы,

Людзі, словы...

Пражытае – нібы кароткі сон,

Што на галоўным самым абарваўся...

Мой новы дзень, жыццёвы мой сезон,

Вясенняю праталінкай пачаўся.

 

На ўлонні прыроды

 

Мне на ўлонні прыроды роднай,

Нібы ў матчынай цёплай пасцелі...

Адчуваю я тут сваю годнасць,

Адчуваю я тут сябе цэлым.

 

І ніякіх мне лекаў не трэба,

І не трэба камфортаў ніякіх...

Толькі крышачку чыстага неба,

Толькі каліва роснае мяты...

 

У вёсцы

 

Мне тут па-простаму хораша

І па-харошаму проста...

Вёска, нязменная доктарша,

Душу маю выпроствае.

 

Тут забываю пра клопаты,

Пра гарадскую няўтульнасць...

Вёска гаючай пяшчотаю

Лашчыць мяне, як матуля.

 

Думкаю сваёю кожнаю,

Рыскай сваёю кожнаю,

Ў полі калючай пожняю

Вёска мяне заварожвае...

 

***

Дзень пагаснуў

Цёплаю

Ўсмешкай,

Выплеснуўшы

Сіні малахіт,

І за гарызонтам

На ўзмежку

Задрамаў

Ля стомленых ракіт.

 

Эцюд

 

Такое мілае ранне!

Я выбягаю босы.

Сонечнае ззянне

Ліжа малочныя росы.

Пахне гурочным цветам

І бульбяною мятай...

Сцелецца марляю светлай

Пухкі туман каля хаты.

 

***

Дождж, бы мудры чарадзей,

Прынёс мне светлую надзею,

Каб быў я лепшым да людзей,

Каб жыў на свеце дабрадзеем,

Каб аніколі не чарсцвеў

Душой няўрымслівай сваёй,

Каб на хвіліну папрасцеў,

Прасцёршы рукі над зямлёй.

 

*** 

Я слухаю начную калыханку,

Што ціха венерчанкі напяваюць,

І гукі, нібы слівы-наліванкі,

На знічках, як на голлях, павісаюць...

 

Суладная сімфонія сусвету

Напоўнілася подыхам няўтольным...

І чую: на прытоеных планетах

Валошак распускаюцца бутоны...

 

Месяц

 

Ціха ўсміхаецца месяц сярпаты,

Вольна павіснуўшы над маёй хатай,

Яркаю фарбаю радасна ззяе,

Пільнапрасторны абшар азірае,

З ветлівай зоркай шэпча, здаецца,

Свеціць спакойна сабе і смяецца,

Весела сад серабром аздабляе,

Дзіўна ў вокны заглядае...

 

Лірычнае

 

Задуменная ноч.

Вышыня... Вышыня...

З неба месяц глядзіць,

Усміхаецца...

Не калышацца сад.

Цішыня... Цішыня...

Хмельны водар – бальзам

Разліваецца...

Як матуля дзіцё,

Ахінула мой край

Шызай хусткаю ноч – парадзіха...

Урачыста наўкол.

За сялом мроіць гай.

Хліпка лопнула зорка...

І ціха...

Толькі тонка дрыжыць,

І не спіць, і не спіць

Лісце кволае юнай таполі...

Толька мякка шуміць,

Меладычна звініць

Зарунелае жыта на полі...

 

Сустрэча з лесам

 

Калі садзіцца вечар на вяршыні

Зачараваных цішынёю дрэў,

Прыходжу ў лес, нібыта ў дом гасцінны,

Дзе чалавека шчырага сустрэў.

І пачынаю цёплую размову

Пра тое, што так моцна ўсхвалявала,

Стараюся знайсці такія словы,

Каб спагаднейшым ўсё навокал стала.

Стараюся не пакрывіць душою,

Каб тут жывое ўсё павесялела,

І прычашчаюся лагоднасцю лясною,

Каб падабрэць на гэтым свеце белым.

Калі садзіцца вечар на яліны,

І цішыня на роздумы наводзіць,

Прыходжу ў лес, нібыта ў рай гасцінны,

Нібыта ў храм да Госпада на споведзь...

 

Здзіўленне

 

Дзіўнымі вачыма глядзіць месяц на нас,

І мы дзіўна глядзім на месяц.

Дзіўнымі вачыма глядзіць немаўля на свет

(а свет такі вялізны!)...

Чаму здзіўляемся мы, хоць ужо не дзеці?

Чаму здзіўляюцца дзеці, хоць яны яшчэ дзеці?

Ці не таму, што свет – гэта дзіва,

А чалавек – яго ўвасабленне...

Ці не таму, што дзеці нараджаюцца

Ад бацькоў, якія здзіўляліся...

Як бы там ні было,

Толькі б ніколі,

Ніколі

Не страціць гэтай якасці –

Здзіўляцца па-дзіцячы

Дарослымі вачыма!

 

Згода

 

У згодзе быць хачу з табой,

У згодзе быць хачу са светам,

Каб над Айчынаю маёй

Квітнела сонечнае лета,

Каб птушкі гнёзды над акном

Вілі з увішнасцю шторання

І каб душэўнае цяпло

Сярод людзей знайшло прызнанне.

У згодзе быць хачу з сабой –

Адчайным, сарамлівым трошкі...

Каб людзі нацыі любой

Не чулі ядзернай бамбёжкі.

 

Усмешка

 

Навошта выключыў святло?

І стала студзеніста – цёмна.

Мой сябар, выкрасай цяпло

Усмешкай непрытворнай.

Тады ніякі злы адчай

Не закуе жывое сэрца

І згіне крыўды цень-лішай,

Калі хтось побач усміхнецца.

...як трэсне лёд – бурліць рака;

Як пройдзе дождж – шырэй дарога;

Іскрынка ўсмешкі сябрука

Азрочыць і сляпога.

 

Лодка жыцця

(песня)

Плыві, мая лодка, плыві,

Бо я неразлучны з табой,

Сустрэчныя хвалі лаві

І іх супакойвай сабой...

Хай вецер балюча ў твар дзьме

Я вочы, магчыма, прыжмуру,

Ад слёз не раскісну ніколі, нідзе –

Такі я ўжо ёсць па натуры.

Не знаю, дзе вечнасці гавань мая,

Далёка ці блізка – не знаю.

Ў яе непазбежнасці ўпэўнены я

Ніхто мне пярэчыць не стане.

Плыві, мая лодка, плыві,

Пакуль прадаўжае свяціцца

Жыцця шлях зарніцай любві,

Надзеі і шчасця зарніцай!

 

Роднае неба

 

Неба па дахах стукае

Ліўнямі, промнямі, градам.

Гамай вясёлых гукаў

Неба абрушыцца рада б.

 

Толькі б ні попелам-гарам,

Толькі б ні воблакам гібельным,

Ні тэрмаядзернай хмарай,

Неба, ніколі не быць табе.

 

Можа, ты хочаш стаць песняй

З грому вясенняга... Можа,

Хочаш матуляю сесці

Каля дзіцячага ложка.

 

І кулачкі ўзяць сонныя,

Казку сказаць пра жорава,

Вецер пусціць азонавы,

Нашага хлеба паспробаваць...

 

Што б ні здарылася, скажам мы:

Неба над намі роднае!

Мужнасцю неба зараджана,

Ласкаю неба напоўнена.

 

Ля Нёмана

 

Усе ўздыхаюць,

Ахаюць:

-         Які непаўторны!..

Які ён велічны і вольны! –

І ўсё, што пра яго гавораць, -

Праўда.

Але што словы!..

Вусны твае ўтораць:

- Ну і прасторы,

Ну і шырыня!

А я дык ведаю –

Ў рацэ ёсць глыбіня.

 

Пераўвасабленне

 

Спакойным быць хачу, як снежны лес,

Калі прырода мудрасцю кранае,

Калі жыццёвы чалавечы лёс

Адметную выразнасць набывае,

Калі ўсе забываюцца нястачы,

Нікчэмнымі становяцца памылкі...

Што значаць учарашнія няўдачы

У свеце першароднае стыхіі?!

 

Просьба

 

Цішыня пяшчотнаю пушынкай

Ўпала з трыдзевятай вышыні...

Толькі скача рыссю безупынку

Нехта на апуджаным кані.

 

Пачакай жа, вершнік заспяшалы,

Хуткі бег на момант супыні –

І пачуеш, як за перавалам

Нерушнае просяць цішыні.

 

НебаПродолжение »

Конструктор сайтов - uCoz