Іван Гушчынскі

  

Біяграфічная даведка

Гушчынскі Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 7 ліпеня 1951 года ў вёсцы Парэчча Лідскага раёна. У 1968 годзе скончыў сярэднюю школу, а ў 1972 годзе закончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Лідчыны.

У 1973-1974гг. служыў у шэрагах Савецкай Арміі ў Беларускай вайсковай акрузе. Некаторы час працаваў на заводзе “Лідсельмаш”.

Друкуецца з 1974 года. Аўтар зборніка вершаў “Ідзі і вяртайся”(2010 г.)

 

Вершы

 

Мая прыстань

 

Хоць я не капітан і з морам не гуляю,

Плыву і бачу: бераг мой далёка.

Хоць не мяняў на песні-жальбы чаек

Самотны і балючы буслаў клёкат.

 

Не соль на сківіцах, не ветры ў барадзе,

А гарызонт пусты каторы тыдзень запар.

Упэўнены ў адным: ёсць месца, дзе

Я захаваў стары, надзейны якар.

 

Вяртае час мяне, як колісь капітанаў,

У прыстань мар і ўспешчаных надзей.

А пірс пусты даўно пільнуе мама,

Бліжэе далеч ад яе вачэй.

 

Рыхтуе прыстань свой забыты знак,

Па-свойску зноў зблудзіўшага праверыць:

Улепіць свой бусяк – на лоб тугі гузак,

Як толькі ткнеш у нізенькія дзверы.

 

Пакіне правы борт ўсялякая трывога,

І злева чыста ад ліхой бяды.

Як колісь змесцяцца за матчыным парогам

Віхуры-буры ў кубачку вады.

 

Малюнак дзяцінства

 

Мой

Старэнькі,

Забыты дом

З заржавелаю клямкай

Туды глядзіць адным акном,

Адкуль да нас з-за ночы беглі ранкі.

І здаецца цяпер зноў,

Што, стаміўшыся, сонца

Ўцякае ад сноў

У другое аконца.

Зоркі ж, як адмігцяць, у цёплы комін

Ляцяць.

 

***

Кукавала зязюля ў бары:

Ку-ку-раз,

Ку-ку-два,

Ку-ку-тры.

Можа ёю імя мне абрана

Рана-раненька на Івана.

Ку-ку-пяць,

Ку-ку-шэсць,

Ку-ку-сем...

З сябрукамі партфелі нясем.

З-за драўлянай вішнёвай парты

Чатырнаццаць хвілін да старту.

А зязюля кукуе – смакуе

Ўжо пятнаццаць, шаснаццаць

І больш,

Чырванеем, маўчым, сумуем,

Адчуваем растання боль.

Кукавала зязюля ў бары,

Як сказаць,

Ці то многа,

Ці мала?

Скукаванае шчыра пражыў?

Што ж зязюля не скукавала?...

 

Дзень і ноч

 

Зачыняюць павекі дзень

І скідаюць паволі з воч

Суму цень, стомы цень.

Адчыняюць павекі ноч.

 

Адчыняюць казку павекі

З некранутых старонак – сноў,

І знікаюць вякі навекі,

А імгненні вяртаюцца зноў.

 

Бяссонніца

 

Лепш было б, каб цябе я выдумаў,

Як прыгожую казку, сам,

Выдумаў, што прытуліўся да шыбіны,

Да маркотных, халодных рам.

 

Толькі нешта выдумваць не хочацца,

Сам жа ведаю – ўсё дарма.

Не ўцячы гэтай думцы з бяссонніцы:

Зноў выдумвацца будзеш сама.

 

Сярэбраныя пеўнікі

М.Мельніку

 

Я вас, звонкія, ведаў на памяць:

Хто праспаў, а хто проста гультай.

Пра вішнёвую даўнюю замець

Петушыны мне хор праспявай.

 

Дзіва ў вашых сярэбраных глотках:

“ку-ка-рэ-ку” заве ада сну.

Гэты радасны спеў на варотах

Не дае на світанні заснуць.

 

Хай яно, хоць здалёку аднекуль,

Зразумелае толькі для нас,

Ваша, пеўнікі, “ку-ка-рэ-ку”

Не шкадуе растрачаны час.

 

Як свата стрыглі

 

Сват – не сват, калі кудлат,

Добра не падстрыжан.

Не падстрыжан – гэта, брат,

Горш, чым нават рыжы.

 

Нам з табой – бяда з плячэй...

Заві жонку ў хату,

Хай ў камору йдзе хутчэй,

Ды нясе – за свата.

 

-         Як ужо можа падстрыжэш,

Зробім сёе-тое?

-         Нутром чую, што лыжэш,

Семя ты скупое.

 

Закульгалі на нагу.

-         Па другой адправім.

Я, браток, усё магу,

Сам гадзіннік правіў.

 

Стрыгчы – плюнуць для мяне,

Нават стрыг авечак.

Волас, знаеш, у яе

Горш за чалавечы.

 

-         Можа сесці да акна,

Ці святло ўключыць?

Што ж ты робіш, сатана,

Не чуеш, баліць!

 

-         Ой, баліць! Усім баліць,

Але сват – не кожны.

Галавою кінь круціць,

Бо паломіш ножны.

 

Ну вось, карачак, як блін,

Цябе, пэўна, сватку,

Той цырульнік ні адзін

Не стрыг бы й за дзесятку.

 

Налівай, сваток, хутчэй,

На левую кульгаю.

Справа, здэцца, ад дзвярэй

Болей пакідаю.

 

І на цемя майстар, значыць,

Бутэльку стаўляе

І габлюе ўсё, што бачыць,

І не папраўляе.

 

-         Мусіць, жонка твая ў печы

Жарыць да халеры,

Аж спацелі мае плечы,

Адчыніў бы дзверы.

 

Паглядзецца ў люстэрка

Яны паспыталі.

Валасы з-пад тае меркі,

Каб былі, то ўсталі б.

 

А “цырульнік” астываць

Выбег на падворак.

І з сабакам не дагнаць,

Хто бачыў, гавораць.

 

Дзе ж мараль? Сват жонку лае:

-         Заб’ю, жыць не буду!

Ты ж паставіла, скупая,

Малую пасуду.

 

Скажа нехта: “Ох, лыжэш!”

Што ж, вазьмі на веру,

Як цябе, ці ты стрыжэш –

Не забудзь пра дзверы.

 

***

Л.Бандарэвіч

Ноч узяла ў пуховыя далоні

Твой твар з усмешкай дня,

А ты не ведаеш, што сёння

З нябёс спускаецца зіма.

 

Бяжы, паслухаем хутчэй,

Сняжынкі шэпчуць зверху:

-         Ляцець зіме куды цяжэй,

Чым бегчы з пятага паверху.

 

Ноч узяла ў пуховыя далоні

Твой твар з усмешкай дня,

І светла ад таго, што сёння

Ідзе зіма, ідзе зіма.

 

Эскіз

 

Намаляваў ў паўзмроку невыразна

Туман пушысты лесу ўздых – эскіз.

Вясенні вецер хутка клямкай бразне,

Вясна шугне, як з горкі стромкай, ўніз.

 

Зямля напухла пад падталым снегам,

Шукаюць сонца сосны ў вышыні,

А недзе там, за лесам і за светам,

Наш бусел лічыць да спаткання дні.

 

Туманным гэтым ціхім раннем

І з нізу ў верх, і з верху ў ніз

Гляджу – пішу эскіз чакання

І лесу лёгкі ўздых – эскіз.

 

Сябрам

(трыялет)

 

Ды хіба вечар вінават,

Што дзень шчаслівы не бясконцы?

Што цішынёю закалыхан сад?

Ды хіба вечар вінават,

Што мы не ўсё паспелі, хлопцы?

Мы, можа, марылі зашмат?

Ды хіба вечар вінават,

Што й век шчаслівы не бясконцы!

 

Лайкоўская вясна

 

Ой, вясна, вясна нясмелая!

На дварэ – не чорнае, не белае...

Дзетвары ты радасна буркочаш,

Сонцам скачаш з лужынаў у вочы.

 

Маці не загнаць малога ў хату,

Верыцца заўзятаму яму,

Што сваёй дзіцячаю лапатай

Ён скіруе ў рэчку ўсю зіму.

 

Што, зайздросна? Так чакаюць дзеці

Тысячы адкрыццяў і прыгод.

А з-за печы быццам не прыкмеціў

Гэтых перамен вусаты кот.

 

Пастаяў ля лужыны, як міны,

З лапы мокры снег абтрос...

Карапуз ружавашчокі кінуў

Снежкай ў падняты хвост.

 

І мая зіма там уцякала

Між платоў, гарадоў да ракі...

Так знаёма сэрца задрыжала!

Так знаёма ранак дарагі!

 

Заўтра

 

Не гадаю нават, не клянуся,

Што сустрэну хоць бы раз яшчэ.

Ўсё жыццё ў якой – такой спакусе,

Дзе і соладка і найгарчэй.

 

Скрып варот і стук ў акно таемны...

І прышчоўкне языком замок.

А можа скажа, што спяшаў дарэмна,

Шчасце ўцякло вадой ў пясок.

 

Будзе дзень, ці дня таго не будзе?

Не клянуся, нават не гадаю.

Не здзіўляйся толькі, калі збудзіць

Стук у шыбу ціхі і адчайны.

 

Трыялет дажджу

 

А дождж-штукар пускае пузыркі

Ў лужынах, ў кадушцы на надворку...

Чаго смяюцца вочы-азяркі?

А дождж-штукар пускае пузыркі.

Што ж, сёння зразумець яго гаворку

Дачка з маёй саскоквае рукі.

А дождж-штукар пускае пузыркі

Ў лужынах, ў кадушцы на надворку.

 

Гармонік грае

 

Там, за лугам, гармонік грае...

Рэчка – быццам юнацтва парог.

І чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае

З летуценных юнацкіх трывог?

 

Узбягу на забытую кладку

На сустрэчу з той песняй хутчэй,

Бо і месяц свой танец – загадку

З купкай зорак танцуе ўпрысядку.

Толькі час спраўней рэчкі цячэ.

 

А за лугам – гармонік грае

Песню даўніх, шчаслівых трывог.

І чаго яшчэ сэрца чакае?

Для каго яшчэ песня гукае,

Кліча, кліча з далёкіх дарог?

 

Пакуль заве святло

А.Барташэвічу

А ноч шаптала,

Што ўжо дзень патух...

Ды не ўлягліся спрэчкі,

Роспач і развага.

Рукою часу

Ставяцца на вагі

Задумаў вартасць

І цана натуг.

 

Што не ўлягліся спрэчкі,

Роспач і развага,

Крычыць да ранку

Ў акне святло,

І матылькі

Адчайна б’юцца ў шкло,

Не ведаючы

Страху і адвагі.

 

Рукой цярпення

Ставяцца на вагі

Падман і праўда,

І святло, і цені...

Цяжэй за ўсё –

Твае сумненні,

Для задаволенных –

Не вартыя ўвагі.

 

Для іх, мой дружа,

Сам ты б’ешся ў шкло,

І смешна ім

З твайго цяжкога шчасця.

Спяшаюся сваю руку

Ў тваю пакласці –

Жывём,

Пакуль заве святло.

 

Джамбульскі ліст

 

Да цябе – не дабяжыш.

Вокліч – выстрал халасты.

Толькі ў сэрцы задрыжыць,

Што не трапіла ў лісты.

 

А ў канверт, такі маленькі,

Не змагу я палажыць

Нешта звонкае, як Верка,

І патрэбнае, як піць.

 

І гудуць пад галавой

Кулакі ад стомы дзённай...

Як ты там? Што там з табой?

І зялёна-сівым Гродна?

 

Злодзей

 

Я – не позні падарожнік,

Не прашуся ў хату.

Вечар цёмны і трывожны,

На абутку пыл дарожны,

Мокры чуб кудлаты.

 

Не пытай, чаго я тут

І чаму без згоды.

Абаронца мой і суд,

Я цябе краду, як цуд,

З казак назаўсёды.

 

Нам не трэба вараных,

Ў будучым астуджаных.

Уцячом з табой ўдваіх

Ад чужых мар да сваіх,

Разам лёс адужаем.

 

Тост

 

Банкетам у гонар сваёй жонкі

Той дзень адзначваў муж.

Пад чарку тост з’явіўся звонкі

Ўжо падпітаму яму.

 

-         Мая палова дарагая!

За дваццаць год я п’ю тваіх!

У іх цвіла ты ружай мая,

Гадкоў не будзе больш такіх.

 

І з гэтай чаркі поўнай-поўнай

Хай вып’юць госці заадно

За трыццаць год тваіх чароўных.

Ў іх ты, як церпкае віно.

 

Як ўсе, я старасць не люблю,

Непажаданы гэта госць,

За пяцьдзесят тваіх я п’ю.

У іх ты – як супавая косць.

 

На шчырасць мужа адказала

Кабета шчырасцю сваёй:

У дваццаць – ружай расцвітала,

Ды нюхаў нос не толькі твой!

 

У трыццаць год маіх чароўных

Бывала нешта і ад церпкіх він.

Не думай ты, што чаркай поўнай

Таго віна папіў адзін.

 

Дык вып’ем, дарагія госці,

За пяцьдзесят ад нарадзін,

За мужычка майго, што косцю

Ўсё ж падавіцца адзін!

 

Верш на сцяне

 

Станцыя, як запісная кніжка,

Пра затоеныя думкі шэпча:

На сцяне алоўкавым агрызкам

Юначая рука пісала вершам.

 

Дзень адняваў на стомленай зямлі,

Уцёк аўтобус сіні толькі-толькі.

Са станцыі, з пабеленых цаглін

Нясецца ліст да юнай незнаёмкі.

 

Сон зямлі

 

Я нечага таемнага не зведаў,

Цікавага не ўбачыў,

Не пачуў

І стаў бяднейшым

На адну прыроды мудрасць.

А ён крычаў,

Прасіўся

Белым голасам,

Туліўся да мяне

Сабакам верным.

А тайна адышла,

Бо дзверы заскрыпелі,

Святло патухла.

Прабач,

Прабач,

Таемны сон зямлі –

Туман.

 

Сяргею Ясеніну

 

Ружовы конь гуляе па палетках,

Чужою жонкаю ўздыхае дзесь бяроза.

Паэзіі тваёй хмяльная кветка,

А “Англетэр” такі цвярозы.

 

Мы загубілі, мы не даглядзелі –

Хтосьці прызнаўся, плакаў і не верыў.

Душы пялёсткі ў белы свет ляцелі,

Да чэрствых сэрцаў стукаліся ў дзверы.

 

Запёрты ад бяды ў нас сені?

Цярпенне павуцінай не дрыжыць?

Ў бярозкі – Расіі застылі калені,

І ёй без цябе гэтак холадна жыць.

 

Прыкмета

 

Хто ўцякаў? І на якім кані?

На развітанне ж, пэўна, ані слова.

Ні ціхага “бывай”, ні “дагані”,

Пакінуў толькі месяца падкову.

 

Чамусь не думаю, што можна не змагчы,

Што можна апячыся, можна ўпасці,

Бо золатам вястун з нябёс звініць

Аб тым, што ўжо ў дарозе шчасце.

 

Буланая элегія

 

Шаластуны, усмешкі, іскры снегу

І гарэзнае “гэ – гэй!”

Усе да варот: з вяселлем едуць!

Свяцей не здумаць й прыгажэй.

І вось распрэжаны буланыя, гнядыя

Шаластуны, як памяць тым гадам,

Вісяць у сенцах, ці ляжаць у скрынях,

Альбо на цацкі расхапала дзетвара.

Шаластуны, усмешкі помню доўга

І той гарэзны і вясёлы кліч.

На тых дарогах – ужо гнядая “Волга”,

І дражніць – сігналіць буланы “Масквіч”.

 

Рэха над рэчкаю

Трыялет

 

Кацілася сонца за лесу абрыс,

І дня таго рэха над рэчкаю чую,

Дзе шэпт развітання ў тумане павіс.

Кацілася сонца за лесу абрыс...

Зноў памяць па сцежках знаёмых вандруе,

Дзе я развітаўся без суму калісь.

Скацілася сонца за лесу абрыс,

А дня таго рэха над рэчкаю чую.

 

Крыўда

 

Скажы, каму яшчэ віною

Ты ёсць, ты будзеш і была,

Хто звар’яцелай хвіляю цяжкою

Да твайго пацягнецца цяпла?

 

Хто ў бездань воч тваіх нясецца,

Блукае ў косах ведзьміных?

У чыё ўстрывожанае сэрца

Прыцэлы – вочы ўзведзены?

 

Каму здавацца будуць зоркі

Агнямі воч тваіх?

Хто гэты лёс салодка-горкі

Падзеліць на дваіх?

 

Максім і Вераніка

 

То не туман падняўся белы,

Не сон спадае на лясы –

Максіма крокамі нясмела

Ступае памяць праз часы.

 

А вечар казак і кахання

Апошнім заравам паклікаў

Дзівосаў і красы чаканнем,

Адкуль гукае Вераніка.

 

На небе лёгкія аблокі

Спынілі бег упершыню:

Забылі пра сваё “далёка”,

Сваю забылі вышыню.

 

Пра вішні

 

-         Купляйце мае!

Купляйце мае!

Эх, кожная ў роце,

Як мёд, растае!

-         Дык мне кілаграм.

-         І мне паўкіло.

-         Здарова, зямляк!

-         Канешне, здароў!

Я чуў, уссядаеш

За высокім сталом.

-         А ты – у мазуце.

Цьфу, салідол!

Ад жыцця сёе тое

Я, дружа, ўрваў.

Дзе трэба – крычаў,

А дзе трэба – маўчаў,

Няблага і з ростам.

На момант цякучы

Мне не стае...

-         Па носе

Вішнёвай косткай.

Купляйце мае!

Купляйце мае!

Бо ў іншых –

Костачка не адстае!

 

Грузчык

Уладзіміру Васько

Падняць і кінуць – вось і ўся работа

Тваіх мазольных, моцных даланёў.

Хлеб здабываў ён сілаю і потам,

Карміў сваіх дачушак і сыноў.

 

І мы на плечы груз задумак валім,

І нашы дзеці хочуць піць і есці.

Ледзь крок ступілі – сваю сілу хвалім,

А груз, як ні круці, да месца трэба несці.

 

Падымеш мала – засмяецца нехта,

Ухопіш многа – ножкі лекацяць,

А то й адсунешся далей ад меха –

Баішся пупік ўласны надарваць.

 

Ну, а данёс – аб гэтым не крычы.

Пабіў, глядзіш, сагнуў не гэтак спіну.

Зямное прыцяжэнне ні пры чым,

Дзе трэба апусціць, ты проста кінуў.

 

І я браў болей, кідаў далей,

Насіў і шмат, і пакрысе...

Ат! Я пра мэблю з крышталямі!...

Вось тут мы грузчыкі ўсе!

 

Лета і капялюш

 

Не лета – восень: дождж і вецер.

У адных спалох,

І ў другіх,

І ў трэціх.

Вятрыска, меры ты не знаеш

І аканіцы абрываеш.

Адным – фланэль,

Махер другім,

А трэцім –

Полымя ў каміне,

А я –

Купляю капялюш

Ад сонца ў нашым магазіне.

Здаецца,

Толькі сёння бачу,

Якім бываеш ты гарачым.

 

Белы конь

 

Мчыцца белы конь

Ў снах каторы раз,

Мчыцца белы конь,

Пэўна, неспраста.

 

За глухой сцяной

Варта моцна спіць,

Ў клетцы залатой

Птах крылом звініць.

 

Белы конь, мой конь

Не крануў зямлі,

Копытом травы

Не прымяў.

 

Добры конь, мой конь,

На зямлю ступі!

Цуда – пташку мне

Бай падараваў.

 

Мчыцца белы конь,

Конь узмылены,

Не адзін сядок

Ў травы скінуты.

 

Не ад’ехаў я

Ад трывог якіх?

Не даехаў я

Да варот чыіх?

 

Не можа быць

 

Былі, пэўна, дзівы на свеце калісь?

-         Можа быць.

Не трэба было ні жаць, ні касіць,

Рот разяўляй клёцкі з мёдам лавіць.

-         Можа быць.

Гарэлкі не зналі ні гнаць і ні піць.

Ніхто не стагнаў: печань, сэрца баліць...

-         Можа быць.

Не ўмелі жанчыны шчочкі бяліць,

Не ўмелі жанчыны вочкі сініць.

-         Можа быць.

Не ўмелі мужчыны па носе біць,

Жанкі ў 02, у 03 званіць.

-         Можа быць.

Хацелі б мы жонак штоноч сваіх сніць.

- Не можа быць.

 

Малітва

(бабулі)

 

Бабулька мая набожная

На каленях прад Маткай Святой

Маладосці сабе не выпрошвае,

А бядуе над доляй маёй.

 

Гэтак грэшніка, хоць не п’яніцу

Пхне заўзята старая да раю!

Хоць ў куточак прыставіць, хоць з краю

Ўсё малітвай сваёй стараецца.

 

Ой, баюся, няма там мне месца,

Пэўна, лепшыя занялі.

Не бяда, што пакуль не ўдаецца

Паспытаць гэты рай на зямлі.

 

Не кажы, што жыву я без веры,

Грэшны, кінуты і забыты:

У Любоў, Дабрыню я веру

І складаю сваю ім малітву.

 

Вішні

 

Стомленае сонца

Ў кошык вішань ўпала.

Ой, чаму ж для хлопца

Гэтых вішань мала?

 

Не частуй, красуня,

Вішняй каля хаты:

Нос суседка суне,

Блізка мама, тата.

 

Пахне вішняй спелай

І салодкай самай

Твая шчочка злева,

Твая шчочка справа.

 

Не дрыжы ты голлем,

Вішняк чырванюткі.

Ды за ўсё найболей

Пахнуць вішняй губкі.

 

-         У цябе, Ванюха,

Нос – ой не дурак!

Толькі ты панюхай

Лепей мой кулак.

 

І калі ты самы

Сярод ўсіх насаты –

Йдзем тады да мамы,

Йдзем тады да таты.

 

Бяда

Цётцы Гэлі

-         Хопіць табе, бабанька,

Бяду бедаваць.

Йдзі ты, мая куманька,

Бульбачку капаць.

 

-         Як жа майму горачку

Можна памагчы,

Бо капаці бульбачку

Дальбог няма чым.

 

-         Можа цябе, куманька,

Божа пакараў?

Можа хто ў нядбайніцы

Матычкі пакраў.

 

-         Нішто з маёй хатачкі

Не згіне-збяжыць,

Усё маё начынейка

На месцы ляжыць.

 

-         Работніца ж, куманька, -

На ўсё сяло.

Можа табе, бабанька,

Ручкі адняло?

 

-         Я, мая міленькая,

Падковаў не гну,

А як муж уп’ецца –

Дамоў зацягну.

 

-         Тады, мая куманька,

Болей не брашы,

Што капаці бульбачку

Табе няма чым.

 

-         Гарэлачка выйшла,

Спляж яе агонь,

А без яе не ходзіць

Ні трактар, ні конь.

 

Лятучы горад

 

Толькі будні клопатаў пакіну –

І чагось ў сабе не пазнаю:

Горад крылы – вуліцы раскінуў,

А я з табою на крыле стаю.

 

Перад намі – ціша добрых даляў,

Наш любімы кут між гарадоў,

Што пазналі мы і не пазналі,

Што нанова сёння пазнаём.

 

Каб бяда ўнізе не чакала,

Каб не ганьбіў лёсу правы суд –

Ты даўно за плечы мне ўвязала

Спадзяванняў сіні парашут.

 

Дома

 

Ля сенцаў – мята кружыць галаву,

Лянівага ката стаміла лета,

І куры накупаліся ў пяску,

І пеўнем бойкім песня поўдню спета.

Заўсёды рады ў гэтай хаце мне

Гурок і хлеб, святочная бутэлька.

Тут беды шчыра так клялі мае –

Святая не знасіла б іх зямелька.

 

За слова да вясны

 

Ці дня не хапае,

Ці толькі хвіліны,

Ці адзінага слова

З вуснаў тваіх,

Жаўрук каб над полем

Крылы раскінуў?

Я б гэтае слова –

Пад сонца падкінуў,

Каб промні яго

Па зямлі разняслі.

А шчасце якое,

Што гэтую цішу

Не вецер,

Не гром нечаканы ўскалыша,

А простае слова,

Адзінае слова,

З якога й пачнецца

Прыпеў жаўруковы.

 

Свой дождж

 

Няма не вартых успаміну

Ні слоў, ні твараў, ні трывог...

І дзень дарэмна што загінуў,

Штось падказаў і штось збярог.

 

А новы дзень, такі гарачы,

Так пад дажджом тугім дрыжыць,

Што кнігаўка ў сне пабачыць,

Як лета п’е, як хоча жыць.

 

А словы, твар твой і трывогі –

Не парасон над галавой.

На спынку пройдзенай дарогі

Так толькі дожджык студзіць свой.

 

Зімовы ўрок музыкі

 

Белай палою струны прыкрыла.

Клёнам, бярозам нядоўга маўчаць.

Акорд набіраеш – спалох снегірыны,

Сняжынкі ў мажоры пад нагамі звіняць.

 

Вераб’ёў нецярплівых глісанда злятае.

Стаю ля знаёмых, жаданых дзвярэй.

Маё сэрца адно гэты дзень не ўтрымае

Хоць самым вялікім, гарачым барэ.

 

Ранак сумненняў

 

Вось цяпер цябе разбудзіць ранак,

Босы пракрадзецца ён праз шкло,

І рука, што холадам скавана,

Апячэцца аб шчакі цяпло.

 

Шчыры, як начны мой вершык,

Упільнуе, можа, ўзлёт брава,

Ці скрадзе шчаслівую ўсмешку,

Каб маёй ніколі не была?

 

Ранак праз імгненне пасталее,

Згубіць рыфму ў пытанні верш...

Так салодка спіць, хто разумее,

Што ў жыцці найгорай, што – найлепш.

 

Грыбныя думкі

 

Баравік пузаты ў кошык скоч,

Развітайся падасінавік з асінаю!

У няходжанай чашчэчы ноч

Сукню чорную пад елку скідвае.

 

Па жыцці, як па лесе, не пройдзеш,

Наблукаешся і нагукаеш.

Ты ўсё цешышся, што знойдзеш?

Лепш парадуйся, што шукаеш.

 

Асенняя элегія

 

Вось-вось адпылаюць бярозы пажарам,

Кляновых не злічыш навокал кастроў.

Бязлюдным гасцінцам, пустэльным папарам

Халады прыгарцуюць на спінах вятроў.

 

Між зямлёю і небам – сваркі, нязгоды.

Нямая няўтульнасць забытых садоў.

Змакрэлыя ветры прычэшуць бароды

Аб разламаны грэбень платоў.

 

Чарговасць няўхільная, забудзься прынесці

Да мяне на падворак маўчанне разумнае.

Я сам прапяю табе сумную песню –

Давай лепей разам вясёлую здумаем.

 

Сакавік на аўтобусным прыпынку

 

На прыпынку з намі – сакавік,

І ўсё меней, меней веры

Ў каўнер, у цёплы чаравік,

Наглуха зачыненыя дзверы.

 

Карапуз смяецца – дзень такі,

Не ўсачыць за гузікамі мамкам.

Дома пакідаюць юнакі

Недавер ў кудлатых шапках.

 

Хтосьці, можа, да зімы прывык,

А семнаццацігадовым феям

Мой сусед, спагадны сакавік,

Пальцы ў рукавічках грэе.

 

Цёшчына загадка

 

Тупаў на прыпынку

І злаваўся зяць,

Ды бягуць хвілінкі,

А “тройкі” не відаць.

 

Эх, была б машына,

Хоць бы “Запарожац”,

Пракаціўся б чынна,

Не таміў бы ножак.

 

Дахаты прыклыгаў,

К цёшчы падступае:

Віцька “Іжа” выйграў,

А я й шыша не маю.

 

Быццам і дзіцяці

Ты свайму не матка!

-         Куплю, любы зяцік,

Адгадай загадку.

 

-         Хоць пяць падавай, -

Нецярпліва зяць просіць.

-         Дык спераду – два,

А ззаду – восем.

 

Калёсы і фары

Знаток перабраў.

Далёка да праўды,

Зусім не ўгадаў.

 

-         Зусім не шурупіш,

Зяцёк дарагі!

І высоўвае кукіш,

А потым другі.

 

Хто не здагадаўся,

Чаму зяць маўчыць,

То скруціце ... з пальцаў...

Можна й палічыць.

 

Пекла

 

У чорта здарыўся перарасход

Смалы. Не дзіва ў пекле.

Не ў спакоі й тут народ,

Глядзіш катлы пацеклі.

Вось ён, паскробшы лысіну,

Склікаў сваю камісію,

Сваім ужо не верыць,

Сам хоча ўсё праверыць.

Як кару людзі тут нясуць?

Ці як належыць кожнаму?

Як там па-рознаму жывуць,

То й енчаць тут па-рознаму.

Махнуў касматым пальцам –

Вядуць кагось за гальштук.

 

-         Ты хто такі? За што ў нас?

Займаўся чым наверху?

-         Урач я, кепскі напісаў

Рэцэпт адзін, паперку.

-         Ты, медыцынскі элемент,

Не сунь сюды больш носу:

Трапіў у рай твой пацыент

З-за чаркі з папяросай.

- А ты, галубчык, хто такі?

- З мяснога магазіна.

- Няўжо пакраў там кумпякі?

Ці з касы грошы выняў?

Не баяцца ў вас турмы.

Хто не злодзей, той – дурны.

Падскочыў з радасці мужык

І чорта цмок у лапу,

Затым ў вароты гадам – шмыг,

Крычыць адтуль ён: “Дзякуй!”

А далей бачаць: чалавек

Агню не заўважае,

Начальствам кінуты на здзек,

Сядзіць у катле й спявае.

То быў настаўнік. Трэба ж так,

Ён, замест кучы двоек,

Класічны ставіў ўсім траяк,

Сумленне – супакоіў.

 

Пабоўтаў кіпень чорт з катла –

Чарцей-рабочых лае:

-         Чаму, - крычыць, - яго смала

Халодная такая?

 

Каб ў пекле ліўся з яго пот,

Каб за каўнер пацекла!

-         Ах, дарагі таварыш-чорт,

Ды хіба ж гэта пекла?

 

Песні Купалы

 

Кветкай шчасця цяжкога

Зорка з неба ўпала

Ў лес дрымучы і цёмны,

Ў лёс нядолі людской.

Дзеўкі й хлопцы ў Купалле

Дарма шчасцю гукалі –

На якой яно сцежцы,

У старонцы якой?

 

Можа, рукі не тыя

Лашчаць – песцяць зямліцу?

Можа, ногі не тыя

Абхадзілі яе?

Можа, торба не тая

Слёзны скарб сабірае,

Што на грозных пуцінах

Ўсё бяда не міне?

 

Можа, песні не тыя,

Можа, слёзы не тыя?

Бо чаму ж тады доля

Абмінае спрадвек?

На курганах самотных

Шэры воўк ноччу вые

І не кожны ўжо помніць,

Што і ён чалавек.

 

Ды ці думала маці,

Што яе гушкі – песні

Абагрэюцца сэрцам

І марамі сына,

А з сагнутых плячэй,

Што прыгнёт вечны неслі,

Шматпакутны мужык

Цяжар горкі свой скіне.

 

Песня – кліч павядзе

Мужыка ў грамадзе

Ад забітасці вечнай,

Ад ліхога жабрацтва

К долі светлай сваёй,

К песні новай сваёй,

У каторай пачне

Чалавекам ён звацца.

 

Пытанні

 

Дзе я?

Конь гарачы, шалёны

З сядла мяне скінуў.

Што я?

Як слязінка жыццё,

Як хмяльная хвіліна.

Хто я?

Верас золата стаў

Сівым мохам на скронях.

З кім я?

Дражніць, вяне

Адвечны рамонак ў далонях.

 

Трыялет

У.С.Мельнікаву

Што б ты намаляваў, мастак,

З-пад пэндзля ўсё каб ажывала?

Як скарыстаў бы боскі знак?

Што б ты намаляваў, мастак,

Каб ў людзях людскасць не прапала,

Рака жыцця не высыхала?

Што б ты намаляваў, мастак,

З-пад пэндзля ўсё каб ажывала?

 

Кум

 

-         Хто ў хрысціны на сяле

Шкадаваў гарэлкі мне?

-         Кум.

 

-         Хто крычаў, што яму мала,

калі кумка падлівала?

-         Кум.

 

-         Хто пужаў, каб не маргала,

Мяне локцем не штурхала?

- Кум.

 

-         Хто куму павёў дадому

Ля капы ржаной саломы?

-         Кум.

 

-         Хто да копкі не дайшоў,

П’яны пляснуўся ў роў?

- Кум.

 

-         Хто не бачыў, як на полі

Кумцы ржышча спінку коле?

- Кум.

 

Каваль шчасця

 

Ой каваў кавалю

Суджанай пярсцёнак,

Ой каваў упарта

З ранку да цямна!

Выкаваў кавалю

На сем вёрст абручык,

Каб яго дзяўчына

З вока не ўцякла.

 

Згінулі ад хлопца

Клопаты ўсе.

Дзе ж ты толькі, шчасце,

На якой вярсце?

 

Скрабянуў кавалю

Цемя ў задуменні,

Зноў каваў заўзята

Зранку да відна.

Выкаваў кавалю

Суджанай пярсцёнак

Да скрыпучай студні

Ад свайго гарна.

 

Не звініць вядзёрка

Каля студні ранкам,

Пэўна, мала веры

Й гэтым абяцанкам.

 

Ой прапаў кавалю,

Малаток не звоніць,

Не відаць каваля

З ночы да відна.

Не ўтапіўся ў рэчцы,

Ў лесе не зблудзіўся:

З пальчыка дзяўчыны

Мерачку здымаў.

 

І я для свайго шчасця

Мерку пазнаю.

З золата надзеяў

Толькі што скую?

 

Для цябе, для цябе, для цябе

 

Для цябе чаго ні выдумлялі

Розумы паэтаў – валацуг:

На сукенку – неба, хвалі,

Нават з дуба, што з катом, ланцуг.

 

Ой, Алеські, Зоські і Марылі!

За гарэзлівасць і за красу

Лес, як грэбень, вам не падарылі

Ў тугую русую касу?

 

Над раздоранай зямлёй збяднелай

Вунь ад страху зорачка дрыжыць.

Мне ж застаўся холад ночы белы,

А яго не падарыць, не падзяліць.

 

Слова і верабей

(трыялет)

 

Хоць словам сёння й мала веры ў нас,

Іх я не раўняю з вераб’ямі:

У іх свой “шухер і атас”.

Хоць словам сёння й мала веры ў нас,

Іскрыцца паміж галавамі...

Які зарад ў апошні час?

Хоць словам сёння й мала веры ў нас,

Іх я не раўняю з вераб’ямі.

 

***

Вяртанне ў любы сэрцу край,

Як ад чужых, калючых ружаў.

Здароў, спавіты бэзам май!

Здароў, вясенні ветрык дужы!

 

Заве дамоў страла шашы?

Ці мо звініць нязвонка чарка?

Ў кутку затоеным душы

Ў хмару вырастае хмарка.

 

І здасца раптам: не будзь там –

Трава не вырасце зялёнай,

І я спыніўся тут не сам,

А толькі цень пад гонкім клёнам.

 

Вяртанне ў любы сэрцу край,

Як ад чужых, калючых ружаў...

Ў душы – спавіты бэзам май,

Лістом матуліным абуджан.

 

Ідзі і вяртайся

Віктару Бачарову

Вучыла матуля:

Ад зла не хавайся.

Далонькай атуліць –

Ідзі і вяртайся.

 

Трывога танула

Ў бацькоўскім басе:

Будзь моцным, сынуля,

Ідзі і вяртайся.

 

Шаптала сястрычка:

Зграшыў, дык пакайся,

Пегас – конь без брычкі,

Паехаў – вяртайся.

 

З сябрамі не цесна

На шумным Парнасе.

І з мяккага крэсла

Ідзі і вяртайся.

 

А рыфма гарэла

Не ў піве ці квасе...

І – сажай па белым:

Ідзі і вяртайся.

 

“Падаюць яблыкі, падаюць яблыкі...”

(В.Бачароў)

Падаюць яблыкі, падаюць яблыкі...

Ох, не сабраці ўсіх іх ад яблынькі!

І не паесці, і не раздаць.

Што ж, хай гніюць?

Якія ж парады мне людзі даюць?

 

Шукаю. Знаходжу Ньютона абрыс –

Там толькі пра тое, чаму з верху ў ніз.

Мічурын і іншыя хіляць галовы.

Нічога не зробіш: іду к Бачарову.

 

Смяецца і лае мяне наўсяляк:

Пацісні, пацісні і з цукрам – у гляк.

Найлепшымі словамі ўспомніш мяне!

А што, калі праўда, што праўда ў віне?

 

Падаюць яблыкі, падаюць яблыкі,

Бы ў злую сцюжу замёрзлыя зяблікі.

І я не вярэджу пытаннем душу,

Яблыкі з цукрам рупліва душу...

 

Чый дзед большы

 

Француз, амерыканец й наш Іван

Сышліся не напіцца, не пабіцца,

Занятак імі вось які абраны:

Задумалі дзядамі пахваліцца.

 

-         Мой дзед велічыні такой,

Што як падыме рукі ўгору,

Далоні – пад найвысшаю хмарой,

Амерыканец з гонарам гаворыць.

 

-         Ото здзівіў, падумаеш хмара,

Француз за дзеда цягне ўгору рукі,

Шкада, не змог з сабой забраць,

Калі намацаў там якіясь штукі...

 

І што ён мог за хмарай адшукаць,

Махнуў рукой Іван і давай смяяцца:

-         Там, браткі, бэры не вісяць!

Хіба што майго дзеда (...)ца!

 

Сучаснікі

П.К.

Быць у зямлі сучаснікам – не шчасце?

І разам з усімі шчырымі людзьмі

К сусвету вуха чуйнае прыкласці:

Якімі ён трывогамі баліць?

 

Да спёкі ў лузе росным накасіцца,

Ў цяньку планеты ш

Конструктор сайтов - uCoz