Антоні Гарэцкі

Біяграфічная даведка

Антоні Гарэцкі (1787 - 18.09.1861) - нарадзіўся ў сям'і віленскага войскага Валенція Гарэцкага, які валодаў маёнткам Біскупцы. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, удзельнічаў у кампаніі 1812 г. на баку Напалеона і ў паўстанні 1831 года, з'ехаў за мяжу, жыў у Дрэздане на адной кватэры з А. Міцкевічам, сын яго Тадэвуш ажаніўся на адной з дачок А. Міцкевіча. Аўтар шматлікіх вершаў, баек, элегій, жартаў і эпіграм. Яго празвалі "смаргонскім Піндарам" за прыземленасць, народнасць яго творчасці і наяўнасць шматлікіх беларускіх слоў і выказванняў.

Вершы

  

З кнігі “Паэзія ліцвіна”

Пасля бітвы

Бывай жа лесу мірны цень,

Дом нашых рыцараў цяпер,

Бывай Завіша і Гапень,

Фабрыцыюшу і Шлягер.

 

Хай ваша імя хоць праз час

Згадаць шмат будзе хто ахвоч,

А нас, які край прыме нас,

І дзе мы не расплюшчым воч?

 

Зноў трубы трубяць і рагі,

Пясняр далей напеў вядзе,

Дрыжаць і дрэвы, і сцягі,

Літоўскае паўстанне йдзе.

 

Не веруйце, што іх закон,

Хай гром гармат не сее страх,

Здабудзем волю або скон

У гэтых ласкавых лясах.

 

Выгнанне

Дрэздэн, чэрвень 1832

 

Што ж так сумна ты, выгнанец,

Той старонкаю ступаеш?

Кожны ж рад табе мяшканец,

І каралеўску ласку маеш.

 

Глянь на Эльбы бег свабодны,

Як тут весела, прыгожа,

Глянь на нівы, агароды,

На гаёк шумлівы, гожы.

 

Глянуў. Твар ад слёз расісты,

Бо прыпомніў родны краю,

Бег па Віллі хваляў чыстых

І літоўскага шум гаю.

 

Глянь, дзяўчаткі чарадою,

Нібы кветкі над вадою,

І саксонцаў люд лагодны,

Далікатны, шчыры, годны.

 

Глянуў. Пенкны край, багаты,

А ў яго на сэрцы крыва –

На Літве мілей дзяўчаты,

І народ там больш пачцівы.

 

Глянь, выгнанец, гуртам дзеці,

Як іх маці апякае,

Як іх строіць, як іх песціць...

Глянуць глянуў і ўцякае,

 

Каб схавацца дзе ў скляпеннях

Ад трывожных успамінаў,

Як ён дзетачак маленькіх

І кахану жонку кінуў.

 

Можа, зараз у няшчасці,

Хоць ва ўласнай сваёй хаце,

Можа валяцца напасці,

Ты ж не можаш помач даці.

 

І калі ад слёз не ў стане

Прасвятліць свой тварык гожы,

На дзіцячыя пытанні

Адказаць яна не можа.

 

-         Што ж, матуля не страляюць,

Як даўней стралялі,

І жаўнеры не іграюць,

Як даўней ігралі?

 

Скуль тых чорных дум навала?

Павяртайся ў Дрэздан ціхі,

Ноч надходзіць, хіба мала

Ты за дзень прыпомніў ліха?

 

Глянь на неба, на дзівосы

Чорнай ноччу ў цёмным леце.

Ёсць Бог велькі на нябёсах

Так даўно, як зоркі свецяць.

 

Пацярпі. Ён дзее ўмела,

Ён сірот дабром аддзячыць...

Дзеці зноў пачуюць стрэлы

І свае сцягі забачаць.

 

Парыж

 

Ці люба табе яшчэ тая прагулка,

Мілы зямляча, хутчэй стаўма крокі,

Хадзем жа па гэтых, па цёмных вулках

І па парыжскіх пляцах шырокіх.

Ладна тут ладна, ды збрыдзела без прычыны,

Бо тая Францыя – не нашая Айчына.

 

Як тая пчолка, што з вулля паляцела

І бурай загнана ў палац, як у клетку,

На маляваны дыванчык села,

Ды толькі там нежывыя кветкі.

Гудзе жалліва ў пакоях прыгожых,

Лятае нябога, знайсці дзверы не можа.

 

Так я парк Туйляры аглядаю

І тую калону, што неба сягае.

Вабяць вочы мае дахі шкляныя,

Цераз Секвану масты залатыя.

Ды коратка гэта, мінулі часы,

Пра вас  я, літоўскія – мару – лясы.

 

Дзве мілі ад Вільні я знаю даліну,

Дзе Радунскі тракт пралажыў каляіну.

Ісці ўправа лесам, аж пакуль вочы

Не ўбачаць, як Вака ў зямлі норы точыць.

З тым відам нічога зраўняцца не ў стане:

Лугі, і сады, і дамкоў не злічыць,

А з боку другога – стагоддзяў пасланне –

Пушча, як смутак, панура стаіць.

І мілей за Парыж мне там бы было,

Каб трошачкі Польшчы ў той пушчы жыло.

 

Смерць Ясінскага

Пісана ў Варшаве, 1811г.

 

Збаўцы народу, вам слава,

Спачніце пад лаўру ценем

І паміж бітваў крывавых

Паслухайце барда ўспенне.

 

Свет знаў і смялейшых бардаў,

Хто пеў між варожых ордаў,

Пеў з цяжкай, глухой пагардай

Пра гібель тэўтонаў гордых.

 

Хай голас, хай слава ваша

Аблегчыць братам кайданы,

Хай пыху Літвы тыранаў

Звон польскай зброі настрашыць.

 

Пяю пра старыя дзеі,

Пра наша з нядоляй біцце,

Сыноў недаўгое жыцце

Пад сцягам святой надзеі.

 

Гляньце на поле за Прагай,

Яе абаронцы сталі,

І як прывыклі з адвагай

Славу і смерць чакалі.

 

На чэле мужных ліцвінаў

Стаў юны Ясінскі смела,

Каб кожны сумненні кінуў,

Мовіў:

-         За волю, што мелі

 

Бітва пачнецца крывава,

І тою ліхой гадзінай,

Хто дбае волі ці славы,

Хай пераможа ці згіне!

 

На досвітку самым раннім,

Шчэ шэрань спаў пад кустамі,

Раптам нападнік адчайны

Рушыў цяжкімі шыхтамі.

 

Тысячы выцялі ў зброю,

Грукат гармат, бура смерці.

Шмат хто налажыў галавою,

Шмат хто здалеў ацалеці.

 

Шыхты масквы парадзелі,

Наша была перамога,

Ды мы тут шчасця не мелі,

Здрада прыйшла на падмогу

 

Доля ліхая чакала,

Покуль вялі бой смяртэльны,

Прага знутры запылала,

І мы між агнёў пякельных.

 

Ворагі рушаць геройскі,

І іх перамога блізка,

Ад дзікай рукі маскоўскай

Гінулі дзеці ў калысках.

 

Тут Польшча свабоду траціць,

Нікне душой збалелай.

Не вытрымаў ганьбы браццяў,

Крыкнуў Ясінскі смела:

 

-         Не здам я душы тырану,

Хай бараніцца не здольны,

Не для мяне ў вас кайданы,

Памру, дык памру я вольны.

 

Так мовіў і з шабляй толькі

Зноў выцяў на шыхт маскоўскі,

Адправіў у пекла столькіх,

І сам лёг паверх геройскі.

 

Айчына крывёй сплывала

І памірала ў той хвілі,

Не сына адно хавала,

Сама з ім лягла ў магіле...

 

... Паўстань, паўстань, нескароны

Рыцар, твой край у няволі,

Стань на чале эскадронаў

І зноўку – на славы поле.

 

Корсак

 

Гора, згінуў Ясінскі, памерла адвага,

Сцёрты нашы гуфы, здабыта Прага,

Войска маскоўцаў нясецца наўскач,

Польскі край заплывае крывёю,

Між пажараў і долі злое

Чуцен енк матак і дзетак плач.

 

Плачуць жанчыны, а рыцары што ж,

Дзе польская гордая слава?

Хіба Вісла адна там бароніць Варшаву,

І чаму ніхто не бароніць мост?

 

Ды чаму ж? Нейкі рыцар святога аблічча

Перад адходзячым гуфам стаў ва ўвесь рост,

Сцяг вырваў і грозным клічам:

-         Стой! Фронт, ліцвіны! Закрыем мост!

 

-         Стой! Стой! – За Корсакам крыкі

 Паўтараюць ліцвінаў раты,

Зноў быццам іх тут без ліку,

Зноў мурам стаяць шыхты.

 

-         Перш нясеце дзецей і выводзьце кабет,

после падпаліце мост ад Варшавы,

мы іх не пусцім, хай бачыць свет,

колькі каштуе ліцвіна слава.

Толькі хутчэй! – Корсак варушыць,

Вораг жа б’е, і паліць, і душыць.

 

Так, як лава ліецца з вулкана,

А ёй перашкодаю рэчка стане.

Пачынаецца бітва, Везувій гняўлівы

Марна кідае абломкі скалаў,

Ляскат грому ідзе страшлівы,

Ходар зямлі, і мора валам.

 

Рушацца замкі і гарады,

І ўсё жывое ўцякае,

Ды да астатняй кроплі вады

Рэчка вулкану не саступае.

 

Так гуф літоўскі адбівае навалу,

З цэлым войскам у бой увязаўся,

А палякі ўцякаюць, і вось памалу

Мост той нарэшце пажарам заняўся,

А тут перад мостам стаіць сцяною

Гуф апошніх Літвы герояў.

 

Стрэлы грымяць, смерць тут лютуе,

Корсак акружаны войскам цэлым.

-         Здавайся, здавайся! – маскаль лямантуе,

Ён ім адказвае стрэлам.

 

Як дуб, што нябёс дасягае блакіту,

Ён біўся так за сваю Айчыну,

На стосе трупаў, ранамі ўкрыты

Рыцар упаў нязгінны.

 

Ён апошняй крывёй сцякае,

Хіліць вочы ў бок роднага краю

Шле апошні ўздых-выдыханне

Дзеткам і жонцы на развітанне.

 

Там той уздых прычакаўшы,

Зойдзецца плачам яснагаловая,

Рукі белыя пазаламаўшы:

-         Ах, удава я ўдовая!

 

Дзе ж мы пойдзем, мае вы сіроткі,

Лепш бы і нас там пабіла,

Чым век сірочы, то лепш кароткі...

-         Ах, перастань жа, кабета міла,

 

Бо не трэба між велькага жалю

Згадваць мужных тых ваяроў,

Бо жывыя ў сэрцы цэлага краю,

Хто за Айчыну ліў сваю кроў.

 

І дарэмна здрайцы жадаюць

Уславіць сябе з усіх сілаў,

На тую фальш ля іхніх магілаў

З пагардай усе паглядаюць.

 

Покуль Вісла плыць не пакіне,

Покуль гул нашай мовы гудзе

На тую за Прагай раўніну

Наша новая моладзь ідзе

 

Хоць абеліск на тым месцы не ўстаў,

З неба самога гучаць тут званы:

- Тут некалі Корсак крывёю сцякаў,

Тут недзе Ясінскі ляжыць без труны.

 

З кнігі “Сяўба”

 

Прысвячэнне гораду Вільні

 

Не адкінь маёй песні: будзь шчаснай і слаўнай

Вільня, мой лёс стаўся часткай твайго,

Тут я пабачыў свой промень світальны,

Тут быў спрадвечны дом бацькі майго.

 

Песню пясняр табе шле на ахвяру,

Я нарадзіўся шчэ ў добрыя дні,

Шчэ памятаю я рыцараў твары,

Пра ворага тут мы не чулі ані.

 

Хто ж сёння аблегчыць пакуты святыя,

Ты плачаш па дзецях сваіх, што ў бядзе,

Тых вораг тут цісне пятлёю за шыю,

А іншы па дальніх Парыжах брыдзе.

 

Ці цуд Цюралі, ані Луўр той аздобны

Воч горкіх бадзягаў тваіх не кране,

Куток дзе знайду, да цябе чуць падобны

Дык лепей, і крышку лягчэй ужо мне.

 

Ды маю надзею я ў сэрцы стаённа,

Што беды адхлынуць хмурынаю цёмнай,

Сонца праблісне цяплынню лагоднай,

Каб я цябе, Вільня, пабачыў свабоднай,

 

Каб выйшла прабегчы мне, ворага гнаўшы,

У вулках тваіх, перамогу спаткаўшы,

Збройна прыкленчыць, не збіўшы нагі,

Пад Востраю Брамай схіліўшы сцягі.

1839г., 25 студзеня, Парыж.

(Пераклад Станіслава Судніка 2011г.)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Конструктор сайтов - uCoz